Вы тут

Каб жылі ў ладзе і згодзе


Лялькі — на шчасце, дабрабыт і каханне


У нашы дні лялькі часцей за ўсё асацыююцца з дзіцячымі гульнямі і, паводле меркаванняў большасці, з самага маленства мусяць прывучаць дзяўчынку клапаціцца пра будучых дзяцей і быць дбайнай гаспадыняй. Але калі зірнуць на ляльку ў кантэксце традыцыйнай культуры, то яе значэнне стане намнога шырэйшым па спектры ўплываў на дабрабыт, лад у сям’і і нават… выкананне самых запаветных жаданняў. Яна набывае магічны, рытуальны сэнс, служыць не толькі забаўкай для дзяцей, але і пэўнага кшталту гарантам падтрымання трываласці сямейных стасункаў. Прыгадайце хаця б фільмы жахаў, дзе часам у сюжэт уплятаюць згадкі старажытнай магіі вуду, калі атрапаморфныя лялькі, зробленыя з воску, валасоў, становяцца мініцяюрнай копіяй чалавека і здольныя ўплываць на яго лёс.

Натуральна, беларусы абрадава-абярэгавыя лялькі рабілі не з мэтай камусьці нашкодзіць, хутчэй наадварот: каб супакоіць дзіця, садзейнічаць выкананню жадання, гарантаваць згоду паміж мужам і жонкай, садзейнічаць працавітасці гаспадыні. Менавіта з гэтай мэтай маладым часта дарылі так званых лялек-неразлучніц — дзве тэкстыльныя фігуркі, аб’яднаныя агульнай «рукой», каб і маладыя ўсё жыццё крочылі разам. Нездарма ж, калі жаніх і нявеста ідуць пад вянец, іх рукі звязваюць ручніком.

Сёння такія лялькі дораць на вяселле, улазіны, а майстар-класы па іх вырабе становяцца выдатнай моднай фішкай свята закаханых. Напрыклад, усе ахвотныя маглі навучыцца іх рабіць падчас свята, што не так даўно прайшло ў Беларусім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту. Вырабляюцца «неразлучнікі» з кавалачкаў тканіны, якія скручваюцца адмысловым чынам і перавязваюцца ніткамі. Часам у якасці агульнай «рукі» выкарыстоўваецца палачка. Дарэчы, традыцыйна асіну і алешыну браць было нельга, бо гэтыя дрэвы паводле павер’яў звязаныя з цёмнымі сіламі. Такія лялькі пасля вяселля беражліва захоўваліся на покуці, а са з’яўленнем у сям’і дзетак на руку «неразлучнікам» мацаваліся дзеткі — таксама зробленыя з тканіны. Дарэчы, сучасная традыцыя саджаць на капот вясельнай машыны ляльку таксама родам са старажытнасці. У старадаўнія часы пад дугой вясельнага воза ехалі лялькі-неразлучнікі, засцерагаючы безабаронных маладых ад сурокаў.

Адметна, што традыцыйныя лялькі вельмі складана дыферэнцыраваць паводле нацыянальнай прыналежнасці, вызначыць дакладнае месца іх паходжання. Ды і ў межах Беларусі арэал распаўсюджання кожнага з відаў абрадава-абярэгавых лялек, бадай, прасачыць немагчыма. Яно і зразумела: такія лялькі вельмі лёгка зрабіць, дзеці могуць з імі гуляць, ды і ў абыходжанні яны вельмі простыя, бяспечныя (бо робяцца ў асноўным з тканіны). Больш за тое, «жыццё» такіх цацак зазвычай нядоўгае: танны матэрыял, магчымаць узнавіць у любы момант робяць цацку рэччу, якую нястрашна згубіць, парваць ды і проста выкінуць. Тым не менш кожны з відаў абярэгавых лялек мае глыбокае сімвалічнае значэнне, якое можна пабачыць ужо ў іх назвах.

Гэта, напрыклад, лялька-пажадальніца, анёл на пальчык, зайчык на пальчык, лялька на шчасце ці лялька з цікавай назвай трохкольца. У аснове трохкольцы — грэцкі арэх і сем зярнятак грэчкі. Зярняткі закладвалі ўнутр шалупіння грэцкага арэха, таму, калі такую ляльку патрэсці, можна пачуць ціхі і прыемны гук. Грэчка сімвалізавала здароўе, а сама лялька супакойвала гучаннем, таму яе часта давалі маленькім дзеткам і хворым, каб яны хутчэй засыналі. Майстрыхі кажуць, што менавіта грэчка дае такі заспакаяльны эфект. Калі паспрабаваць выкарыстоўваць гарох, іншыя крупы, гук атрымаецца званчэйшы і не будзе мець такога ўздзеяння, як ад грэчкі. Больш за тое, трохкольцу можна даваць дзеткам, у якіх рэжуцца зубкі.

Ляльку на шчасце таксама вельмі любяць дзеці. Яна зазвычай маленькая і мае доўгую касу, яе зручна насіць у кішэні. Каса ў лялькі доўгая, бо сімвалізуе шчасце і даўжыню жыцця чалавека. Чым каса даўжэйшая — тым лепш. А вось ляльку-пажадальніцу можна назваць таемнай, яе нашы продкі хавалі, каб ніхто не ведаў, што яна ўвогуле існуе. Яе ўпрыгожвалі гузікамі, пацеркамі: прышываючы кожны з іх, загадвалі жаданне і верылі, што яны абавязкова здзейсняцца дзякуючы магічнай сіле. Калі ж лялька цалкам была пакрытая ўпрыгожваннямі, то рабілі новую.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.