Вы тут

Казкі і гулі — падарунак ад бабулі


Традыцыйныя сюжэты як аснова выканальніцкага майстэрства

З дзяцінства памятаецца гісторыя пра «курную» хатку — дамок без вокнаў і дзвярэй, які стаяў сярод лесу, — з гаротнымі жыхарамі якога штораз здараліся розныя не вельмі вясёлыя прыгоды. Пад гэтую казку, якую так любіў расказваць дзядуля, мы з братам і сёстрамі часта засыналі. Праўда, часцей першы засынаў дзед. Мы пільна сачылі за сюжэтам і не дазвалялі моцна адхіляцца ад звыклай лініі расповеду, таму імправізацыі былі мінімальныя. Зрэшты, традыцыя выканання і захавання казак, іх перадачы ў вусным варыянце дазваляе многія гнуткасці: апавядальнік можа скарачаць сюжэт, дадаваць новыя апісанні і дэталі (каб прадоўжыць і запаволіць расповед), прыдумаць новую канцоўку, дадаць герояў, змяніць іх імёны. Карацей, поўная творчая свабода.


Напэўна, у гэтай волі апавядальніка падпарадкоўваць увесь сюжэт уласным патрэбам і хаваецца адна з асноўных прыцягальных рысаў казкі. А таксама — варыянтнасць класічных, як яшчэ кажуць, вандроўных казачных фабул у традыцыях розных народаў.

 Майстэрству беларусаў як апавядальнікаў можна толькі пазайздросціць. Памятаеце народныя казкі? Там селянін заўсёды разумны, хітры, дапытлівы, кемлівы, здольны знайсці выйсце нават з самага складанага становішча, абхітрыць хоць сквапнага пана, хоць злога звера, хоць самога сябе. Нашы продкі любілі прыдумваць вясёлыя і павучальныя гісторыі, распавядаць іх на ігрышчах, вечарамі за сямейным сталом, расказвалі дзецям перад сном. Тым не менш у гэтых на першы погляд простых сюжэтах хаваецца цэлы комплекс парадаў-настаўленняў.

У ЮНЕСКА казку сёння інтэпрэтуюць як жанр і від творчасці, які знікае. Асабліва калі гаворка ідзе пра вусную перадачу сюжэтаў, без іх адмысловай пісьмовай фіксацыі. Але тут нам, напэўна, пашанцавала: і цяпер не выпадае казаць пра знікненне гэтага майстэрства, нават наадварот: навідавоку адраджэнне цікавасці да каранёвых апавядальных традыцый. Сведчаннем таму — конкурс вуснага выканання казак, што не так даўно прайшоў у сталіцы, а таксама ўжо колькі разоў праводзіўся ў межах фестывалю «Берагіня» ў пасёлку Акцябрскі. Знакавы таксама і пакуль адзінкавы факт уключэння казкавага рэпертуару Лідзіі Міхайлаўны Цыбульскай у дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

Цэнтральная частка краіны лічыцца сапраўднай скарбніцай народных сюжэтаў, гісторый. Тут, каля вытока Нёмана, пісаў свае «Казкі жыцця» Якуб Колас, тут збіралі песні ды паданні Ян Чачот і Адам Міцкевіч… І тут, у вёсцы Магільна, што на Уздзеншчыне, жыла сапраўды ўнікальная казачніца Лідзія Цыбульская. Яна нарадзілася ў 1927 годзе ў вялікай сям’і, дзе расло пяцёра дзяцей, аднак Лідзія Міхайлаўна адзіная пераняла казкі ад сваёй маці, якая ў сваю чаргу таксама адзіная са свайго пакалення засвоіла іх ад бацькі.

Казачныя сюжэты, што захоўваюцца ў спадчыне таленавітай апавядальніцы, у асноўным шырока вядомыя па ўсёй Беларусі, але на сёння амаль зніклі з жывога бытавання. У выкананні Лідзіі Міхайлаўны ўсе гэтыя гісторыі набываюць сваё гучанне, інтэрпрэтацыю, мастацкі выгляд, дзе гарманічна спалучаюцца традыцыйнасць і імправізацыйнасць. Як успамінаюць даследчыкі, Лідзія Міхайлаўна была асобай вельмі таленавітай, у яе вуснай творчасці прысутнічаў асабісты мастацкі густ, што надавала апавядальнай манеры казачніцы характэрныя адметнасці, якія даволі складана пераняць і засвоіць. Так, вусным шляхам яна пераняла ад бацькоў не толькі сюжэты, але і народныя прыёмы аповеду. Казкі выконваюцца спакойна-разважліва, павольна, але разам з тым у інтанацыйна выразнай і эмацыянальна насычанай манеры.

Больш за тое, у Лідзіі Цыбульскай не было раз і назаўсёды зададзенага канона расказвання аднаго і таго ж сюжэта. Пры нязменнай фабуле казка ў яе вольна вар’іруецца ў дэталях, дапаўняецца песеннымі ўстаўкамі, этнаграфічнымі замалёўкамі, вельмі арганічнымі для кожнага тэксту. Творы пабудаваныя па законах казкавай архітэктонікі (зачын, канфлікт, кульмінацыя, канцоўка, рытміка-меладычныя медыяльныя формулы), ім уласціва строгая паслядоўнасць у перадачы сюжэта, уключэнне рытмічна арганізаваных формул, своеасаблівая распрацоўка мастацкіх дэталей, якія запавольваюць казкавае дзеянне, эпізуюць сюжэт.

На жаль, сама казачніца пайшла з жыцця, але яе справа жыве і сёння. На Уздзеншчыне ўжо традыцыйнымі сталі конкурсы і фестывалі апавядальнікаў, дзеці ў школах раёна з задавальненнем чытаюць мясцовыя казкі, яны ўвайшлі ў рэпертуар досыць вядомага дзіцячага фальклорнага гурта «Калыханка» Міханавіцкага дома фальклору.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.