Вы тут

У Мінску прэзентавалі кнігу пра маленькіх герояў вялікай вайны


50 гадоў пошукавых работ, перапіскі, вывучэння архіваў — столькі спатрэбілася нашчадкам, каб сабраць 1,5 тысячы біяграфій землякоў, якія ў юным узросце сталі ўдзельнікамі антыфашысцкай барацьбы, знаходзіліся на фронце, ваявалі ў падпольных і партызанскіх атрадах у часы Вялікай Айчыннай вайны. 223 чалавекі з Батальёна беларускіх арлянят сталі героямі дакументальна-гістарычнай кнігі «Маленькія салдаты вялікай вайны».


«Гэта часам неверагодныя, але не прыдуманыя, сапраўдныя гісторыі, якія мы збіралі паводле дакументаў, што прыносілі самі ветэраны ў музей імя Батальёна беларускіх арлянят, іхніх анкет, асабістых фотаздымкаў, журналісцкіх матэрыялаў», — адзначае аўтар-укладальнік кнігі Уладзімір Вавула. Збіральніцтвам архіўных матэрыялаў пра юных удзельнікаў вайны ён захапіўся яшчэ ў 1968-м, калі прыйшоў працаваць старшым важатым у школу і шмат хадзіў з піянерамі ў пошукавыя экспедыцыі, вёў перапіску з ветэранамі, збіраў выразкі па адной з газет і часопісаў. Цяпер гэты вялікі архіў захоўваецца ў народным музеі Батальёна беларускіх арлянят у сталічнай школе № 67 і ў музеі баявой славы батальёна пры гімназіі № 7, а нашчадкі ветэранаў працягваюць пошукавую справу — бо, па звестках даследчыкаў, у Беларусі з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ваявалі нароўні з дарослымі звыш 20 тысяч непаўналетніх хлопцаў і дзяўчат.

...У 1971 годзе ў дзіцячай газеце «Зорька» быў апублікаваны загад № 1 за подпісам Героя Савецкага Саюза Віктара Лівенцава — аб стварэнні Батальёна беларускіх арлянят, куды залічваліся былыя юныя ўдзельнікі Вялікай Айчыннай: сыны палкоў, юнгі, падпольшчыкі і партызаны (ад 1927 года нараджэння і маладзейшыя). У батальён было залічана 757 чалавек, было зладжана дзевяць злётаў беларускіх арлянят. Каля 100 з іх сёння жывуць у Беларусі, 10 — у Мінску, у тым ліку начштаба батальёна Васіль Князеў. Неўзабаве пасля пачатку вайны ён застаўся сіратой: бацьку расстралялі за сувязь з партызанамі, маці разам з іншымі жонкамі партызан фашысты доўга катавалі і таксама расстралялі, а самога Васіля выратавалі партызаны, якія знайшлі падлетка, збітага нямецкімі ботамі, у канаве... Пазней, ужо ў складзе рэгулярных войскаў, Васіль Князеў прайшоў сотні франтавых кіламетраў і сустрэў перамогу ў 11-гадовым узросце ў Берліне. «Тысячам дзяцей, чыіх бацькоў знішчылі фашысты, проста няма куды было схавацца, няма куды ісці. Іх падбіралі на дарогах вайны байцы Чырвонай Арміі, партызаны, падпольшчыкі, і для многіх гэта быў не толькі паратунак, але і магчымасць адпомсціць за сваіх родных. Хоць не дзіцячая гэта справа — вайна», — уздыхае Васіль Аляксеевіч. І тут жа згадвае пра самага юнага абаронцу Сталінграда Сяргея Алёшкава. 6-гадовы хлопчык быў адзначаны медалём «За баявыя заслугі» за тое, што выратаваў свайго прыёмнага бацьку, камандзіра палка Вараб'ёва, якога заваліла ў бліндажы пад артабстрэлам — малы рукамі раскопваў завал, а потым паклікаў сапёраў, якія дапамаглі дастаць кантужанага, але жывога камандзіра...

«Канешне, крый божа, каб нашым унукам, праўнукам давялося перажыць усё тое, што некалі перажылі мы, — заўважае Васіль Князеў. — Але я ўпэўнены, што цяперашнія хлопцы і дзяўчаты, выхаваныя ў духу любові да сваёй Радзімы, пры неабходнасці паўстануць на абарону роднай зямлі, як зрабілі гэта іх аднагодкі падчас Вялікай Айчыннай вайны».

Уражальных гісторый у кнізе «Маленькія салдаты вялікай вайны» мноства: пра юных сувязных партызанскіх атрадаў, пра падлеткаў, якія паўтарылі подзвіг Сусаніна і завялі ворага ў балоты, пра сыноў палка, якія дайшлі праз усю Еўропу да Берліна, пра выхаванцаў музычнага ўзвода, якіх вайна заспела ў Брэсцкай крэпасці, пра герояў бітваў за Маскву і Кёнігсберг, пра піянераў, чыімі імёнамі названыя амаль паўтара дзясятка марскіх і рачных караблёў. І гэта толькі невялікая частка архіва — а таму, спадзяецца куратар кнігі, галоўны рэдактар «Зорьки» Людміла Грамовіч, кніга атрымае працяг і стане важнай часткай патрыятычнага выхавання сучасных дзяцей і падлеткаў. Пакуль жа летапіс Батальёна беларускіх арлянят адзначыць свой сімвалічны дзень нараджэння па ўсёй краіне і нават за яе межамі: так, адзін з асобнікаў кнігі днямі адправіцца ў Маскву, зацікавіліся выданнем прадстаўнікі Італіі і іншых еўрапейскіх краін.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Арляняты Вялікай Айчыннай

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.