Вы тут

Для розуму і сэрца: пашырэнне прасторы пошукаў кніг


Пашырэнне спіса гарадоў, ахопленых імпрэзамі, паэтычныя чытанні (і не толькі для сталічнай публікі, таму што паэзію могуць адчуваць у любым пункце Беларусі), прэзентацыі кніг не толькі айчынных аўтараў абяцаюць, напрыклад, пераклад новай кнігі Сяргея Жадана, ды Віктар Ярафееў сярод удзельнікаў дыскусіі... Другі фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» сёлета прыцягвае разгалінаванай праграмай.


Не зважаючы на вядомае выслоўе, што колькасць не заўсёды азначае якасць, з кнігамі і чытаннем наогул можна сказаць дакладна: чым больш — тым лепш. Чым больш падобных імпрэз, тым лепш жыхары нашай краіны разумеюць вартасць адукацыі і самаадукацыі. Тым прасцей ім арыентавацца ў часе і прасторы, тым больш асэнсавана яны будуюць грамадства, больш адказна ставяцца да сваёй краіны.

Менавіта таму сёлета ўключаны ў фестываль Гродна, Полацк, Брэст, Гомель, Магілёў. Папярэднія, напрыклад, сакавіцкія імпрэзы, пацвердзілі, што інтэлектуалы ў Беларусі ёсць, а гэта значыць, кнігі — галоўныя героі ўсіх падзей — без увагі застацца не павінны. На гэта спадзяецца ініцыятар і каардынатар фестывалю філосаф Павел Баркоўскі, які вызначаў мэты «Прадмовы», сярод якіх расповед пра якасную інтэлектуальную літаратуру. Дзеля таго, каб яе было больш, запланаваны лекцыі, майстар-класы, сустрэчы, якія працягнуцца з 4 па 7 красавіка.

Але і ўнутры самой падзеі закладзены інтрыгі — уручэнне адразу некалькіх прэмій. І адна з іх заснаваная ў памяць пра мастака і дызайнера Міхала Анемпадыстава і будзе ўручацца ўпершыню за найлепшую вокладку беларускай кнігі. Зварот да мастацкага афармлення ў межах гэтага фестывалю таксама мае сэнс: бо інтэлектуальная кніга — не значыць шэрая. А ў Беларусі далёка не кожны аўтар ці выдавецтва ўдзяляе гэтаму належную ўвагу, не кожны разумее, што мала выдаць разумную кнігу — вартасць думак таксама трэба ўмець падкрэсліць, каб выданне пайшло ў народ і ажыццяўляла асветную місію.

Першы фестываль «Прадмова» адбыўся ў маі мінулага года ў культурнай прасторы OK16. І нават з улікам таго, што першы і вялікага розгаласу яшчэ не атрымаў, фестываль прыцягнуў найперш тых, хто зацікаўлены ў стварэнні і вытворчасці кніг. Справа за тымі, хто сёння шукае добрую разумную кнігу, хто хоча чытаць філасофскую літаратуру і сучасную мастацкую, публіцыстыку і мемуарыстыку, нон-фікшн і навуковыя выданні, праз якія можна ўдакладніць свае веды пра свет.

Марыя АСІПЕНКА

Загаловак у газеце: Прамовіць з сэнсам

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.