Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У традыцыйным штотыднёвым аглядзе «Звязды» расказваем пра найбольш цікавыя спартыўныя падзеі выхадных.


1. Яўген Каралёк стаў пераможцам Кубка Мінска па веласпорце. Адзначым, што ў 2017 годзе ён таксама перамагаў у сталіцы, але ў гонцы «Гран-пры Мінска». Другое месца ў Кубку Мінска заняў Анур Балкан (Турцыя), бронзавым прызёрам стаў Максім Піскуноў з расійскай каманды «Марафон-Тула». Прыз самага актыўнага гоншчыка атрымаў Сяргей Папок з велагрупы «Мінск», а ў камандным заліку перамагла нацыянальная зборная Беларусі. Усяго ў гонцы прынялі ўдзел 148 атлетаў з 27 камандаў.

Веласіпедны тыдзень у Мінску працягнуўся ў нядзелю турнірам «Гран-пры Мінска», гонка прайшла па такім жа маршруце, як пройдзе заезд шашэйнікаў падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў. Пераможцам стаў прадстаўнік зборнай Эстоніі Норман Вахтра, ён упэўнена правёў другую частку заезду і фінішаваў у адзіноце. Сярэбраным прызёрам стаў яго суайчыннік Марцін Лаас. Трэцяе месца ў Георгіаса Бугласа з кітайскай NСL. Найлепшым з беларусаў стаў Мікалай Шумаў з велагрупы «Мінск».

2. Беларускія атлеты заваявалі чатыры ўзнагароды на першым этапе Кубка свету па акадэмічным веславанні ў балгарскім Плоўдзіве. Залаты медаль у класе легкавесных лодак (неалімпійскі клас) заваявала Алена Фурман. Таццяна Клімовіч і Крысціна Стараселец выйгралі «серабро» ў класе лодак двойка парная. У фінале беларускі дуэт саступіў кітаянкам Лю Шы Ю і Вань Ю Вэй тры з паловай секунды. У класе лодак-адзіночак сярод мужчын другое месца заняў беларус Піліп Павукоў. У фінале ў жанчын шосты вынік у гэтай дысцыпліне паказала вядомая беларуская вяслярка Кацярына Карстэн, якая адстала ад пераможцы Лізы Шэеноард з Нідэрландаў больш чым на 32 секунды. Бронзавы медаль у двойцы парнай заваявалі беларусы Станіслаў Шчарбачэня і Дзяніс Мігаль.

3. Баксёр Дзмітрый Асанаў (вагавая катэгорыя 60 кг) заваяваў залатую ўзнагароду прэстыжнага турніру — Кубак губернатара Санкт-Пецярбурга. Беларус у фінальным паядынку баксіраваў супраць кубінскага спартсмена трохразовага чэмпіёна свету Лазара Альварэса Эстрады.

Кубак губернатара Санкт-Пецярбурга па боксе праводзіцца з 2009 года і сабраў сёлета прадстаўнікоў 15 краін.

4. Лёгкаатлеты Марына Арзамасава і Аляксандр Васілеўскі занялі пятае месца ў забегу 2х2х400 м на чэмпіянаце свету ў эстафетах, які праходзіць у Іакагаме (Японія). Дуэт паказаў вынік 3 хв. 51,64 сек. Адзначым, што для Марыны Арзамасавай гэты старт быў неабходны як этап падрыхтоўкі да буйных міжнародных турніраў у летнім сезоне. Першае месца занялі спрынтары з ЗША — 3 хв. 36,92 сек. Другое месца занялі атлеты з Аўстраліі, а замкнулі тройку прызёраў японцы.

Чэмпіянат свету па бегавых эстафетах праводзіцца чацвёрты раз. Найбольш удала беларусы выступілі там у 2017 годзе ў эстафеце 4х800 м, заняўшы другое месца.

5. Беларускія дзюдаісты Аляксандр Вахавяк (вагавая катэгорыя — звыш 100 кг) і Марына Слуцкая (звыш 78 кг) занялі пятыя месцы на прэстыжным турніры серыі «Вялікага шлема» ў Баку (Азербайджан). Удзел у спаборніцтвах прыняло больш за 430 спартсменаў з 57 краін.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Па дарогах вялікіх Гульняў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі. 

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.