Вы тут

Няпраўда, што моладзь не цікавіцца ваеннай тэмай...


У рэдакцыю да нашых калег прыйшоў ліст з Выбарга Ленінградскай вобласці, аўтар якога прасіў знайсці хоць якія звесткі пра родных. Ён нарадзіўся ў вёсцы Сінча Мінскай вобласці, але ў вайну ў 4-гадовым узросце разам з матуляй пакінуў тыя мясціны. Яго маці не любіла расказваць пра тыя часы, а сам Іван Фёдаравіч нічога не памятаў.


Рэдактар аддзела пісьмаў газеты «Пухавіцкія навіны» Наталля Пархомчык.

Спачатку журналістам газеты «Пухавіцкія навіны» падалося, што наўрад ці праз столькі дзесяцігоддзяў можна будзе што-небудзь адкапаць. Але з дапамогай мясцовых краязнаўцаў яны адшукалі людзей, якія ведалі сям'ю Кавальчукоў, і даведаліся аб яе лёсе. Імя Васіля Кавальчука можна ўбачыць на вясковым помніку загінулым партызанам. Калі пачалася вайна, ён, ваенны медык, вярнуўся на малую радзіму, дзе мясцовыя жыхары ўгаварылі акупацыйныя ўлады не чапаць доктара. Хутка Васіль Кавальчук наладзіў сувязь з партызанамі, далучыў да гэтай справы сваю сястру Зіну, хаваў у хаце яўрэйскіх дзяўчат, пра што стала вядома немцам. Калі прыбылі карнікі, яны не засталі Васіля. Тады немцы расстралялі яго маці і 15-гадовага брата, а маленькага 4-гадовага пляменніка Ваньку камандзір карнага атрада ўзяў за шкірку і перакінуў цераз плот да суседзяў. Праз нейкі час малы разам з мамай Зінай пакінулі Пухавічы і больш ужо не вярталіся, аказаліся за межамі Беларусі... Гэта толькі адна з гісторый, якую ўдалося аднавіць нашым калегам. І пошукі працягваюцца.

З кожным годам усё менш застаецца людзей, якія бачылі вайну, радзее нават пакаленне, якое магло чуць пра Вялікую Айчынную ад сваіх бацькоў. Таму так важна паспець даехаць да кожнага, хто гатовы дзяліцца каштоўнымі ведамі, апытаць, зняць, надрукаваць. Журналісты з розных куткоў Беларусі карпатліва збіраюць звесткі пра герояў і ахвяр вайны, запісваюць успаміны сведкаў, расказваюць пра месцы, звязаныя з ваеннымі падзеямі, дапамагаюць сваім чытачам шукаць інфармацыю пра блізкіх. Так, як паведаміла галоўны рэдактар газеты «Пастаўскі край» Людміла Зелянкевіч, да 75-годдзя вызвалення Беларусі раёнка распачала праект «Дзеці вайны — дзеці Перамогі». Свае гісторыі сюды могуць дасылаць людзі, якія перажылі акупацыю, пабывалі ў няволі альбо страцілі родных у той жахлівы час і, канешне, дачакаліся вызвалення і бачылі, як аднаўлялася краіна.

У «Чачэрскім весніку» журналісты збіраюць матэрыял для рубрыкі «Салдаты Перамогі», друкуюць успаміны сведкаў і лісты школьнікаў, у якіх тыя пераказваюць гісторыі, што чулі ад сваіх бабуль і дзядуляў пра вайну. І, вядома, аўтары сочаць за дабрачыннымі акцыямі, што адбываюцца ў раёне, — сёлета тут надаецца вялікая ўвага навядзенню парадку каля помнікаў.

«Свіслацкую газету» можна назваць партызанскай, яна нарадзілася ў партызанскім атрадзе ў брыгадзе імя Чапаева ў 1943 годзе. Адзін з творчых праектаў, над якім шчыруюць нашы калегі, — «Пакуль мы памятаем, яны жывыя», — распавядае пра людзей, якія і на франтах, і ў тыле здабывалі перамогу. Журналісты здымаюць і відэа пра ветэранаў. «Мы стараемся выкарыстоўваць архіўныя дакументы, фатаграфіі, вельмі радуемся, калі можам пагутарыць з дзецьмі і ўнукамі ветэранаў. Яны паказваюць нам свае сямейныя архівы», — расказвае галоўны рэдактар «Свіслацкай газеты» Вольга Бубенчык. — Некаторыя людзі кажуць, што маладое пакаленне не памятае пра вайну, не цікавіцца гэтай тэмай. Не трэба абагульняць. Мы бачым, як дзеці і ўнукі захоўваюць памяць аб сваіх родных, цэняць гэту інфармацыю». Таксама тут запушчаны праект «Дарога да помніка», які расказвае пра абеліскі і пахаванні, што знаходзяцца на тэрыторыі Свіслацкага раёна. Тут упэўнены, што з ваеннай тэмай давядзецца яшчэ доўга працаваць: у раёне дзейнічаюць пошукавыя атрады, яны знаходзяць цікавыя экспанаты, шмат чаго можна сустрэць у архіўных дакументах, усплываюць новыя імёны...

Звесткі, якія знаходзяць журналісты раёнак, можна выкарыстоўваць у навучальных установах (часам школьнікі пішуць па іх даследчыцкія працы) і ў турыстычнай сферы.

— Падчас паездак у нас складваюцца асабістыя маршруты, — дзеліцца рэдактар аддзела пісьмаў газеты «Пухавіцкія навіны» Наталля Пархомчык. — Так, мы знайшлі інфармацыю аб тым, як першыя дні вайны сустракалі лётчыкі, якія базіраваліся недалёка ад Мар'інай Горкі ў 1940—1941 гадах, і пра іх першыя баявыя вылеты з мясцовага аэрадрому. Яны ляталі бамбіць нямецкія войскі пад Беластокам, а пасля вымушаны былі перамясціцца на ўсход, таму што пра іх даведалася нямецкая разведка. Далей можна заехаць у Парэчча, дзе ў гады вайны мясцовыя жыхары выратавалі 40 яўрэйскіх дзяцей, якія збеглі з гета. Там паставілі першы ў Еўропе знак Праведнікам народаў свету.

У газеце надрукавана багата цікавых, арыгінальных матэрыялаў. Журналісты знаходзяць шыкоўных суразмоўцаў, пішуць пра месцы, дзе дзейнічалі партызанскія атрады альбо дзе гінулі людзі. Так, зусім нядаўна ім стала вядома, што ў 1943 годзе ў адной з вёсак былі расстраляны піянеры. Збіраць інфармацыю дапамагаюць краязнаўцы, школьнікі, чытачы. Часам адкрываецца тое, што забылася. Напрыклад, мясцовая жыхарка паказала журналістам месца, дзе базіраваўся атрад «Перамога». Да гэтага часу там захаваўся знак, які паставілі члены турыстычнай секцыі раённага завода да 40-годдзя Перамогі. «Нам расказалі, што там былі адноўленыя зямлянкі, навесы, дзе можна было збірацца», — дзеліцца Наталля Пархомчык. Яна верыць, што гэта месца зноў пачне прымаць турыстаў. Гэтай інфармацыяй зацікавіліся торфабрыкетны завод і мясцовыя ўлады, і ўжо вядуцца перагаворы, каб стварыць гісторыка-экалагічны маршрут, куды будзе ўключаны і гэты пункт.

Адзін з апошніх праектаў, які распачалі ў газеце, — «Героі і подзвігі». Журналісты прапанавалі жыхарам раёна дасылаць фотаздымкі, узнагародныя дакументы, успаміны аб сваіх родных. Газета дапаможа ў пошуку звестак, нават калі адзіна вядомае, што продкі былі ўдзельнікамі ваенных падзей, альбо захаваліся толькі дакументы на ўзнагароды. Пасля першых жа выпускаў пасыпаліся званкі, ужо сабраны вялікі стос дакументаў, з якімі можна працаваць.
А значыць, наперадзе — новыя адкрыцці...

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі трансплантуюць органы

Як у Беларусі трансплантуюць органы

І чаму да нас на аперацыі едуць замежнікі.

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Там адбываюць пакаранне мужчыны, упершыню асуджаныя за незаконны абарот наркотыкаў.

Спорт

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя — сапраўдны баец, а яшчэ — клапатлівая маці і жонка. І проста працавіты чалавек, які не ведае перашкод.