Вы тут

Лёс чэмпіёнства вырашыцца пазней: брэсцкае «Дынама» не здолела перамагчы «Іслач»


У матчы 28 тура вышэйшай лігі футбольны клуб «Іслач» згуляў унічыю з брэсцкім «Дынама» 1:1. Такім чынам, каманда з горада над Бугам не здолела атрымаць тры ачкі, дастатковыя для заваёвы чэмпіёнскага тытула. Крыху пазней барысаўскі «БАТЭ» на выездзе перамог «Віцебск» 2:1, тым самым канчаткова адклаўшы вырашэнне лёсу залатых медалёў як мінімум да 24 лістапада. Карэспандэнт «Звязды» асабіста назіраў за матчам у Мінску.


Перад пачаткам тура чуў, як ці то жартам, ці то сур’ёзна некаторыя аматары футбола сцвярджалі: «Дынама-Брэст» не будзе кроў з носа дабівацца перамогі, каб аформіць чэмпіёнства не на выездзе, а на дамашнім стадыёне на вачах сваіх балельшчыкаў. Аднак падзеі матчу на былым «Камвольшчыку» ўсё ж абвяргаюць гэтую думку. Падчас некаторых эпізодаў узнікала такая напружанасць, што хапіла б адной іскрынкі, каб запаліць усё навокал.

Трэба адзначыць, што на матчы сапраўды адбыўся аншлаг, і, больш за тое, месцаў для ўсіх жадаючых не хапіла. У пратаколе зафіксавалі лічбу 3050 гледачоў (максімальна стадыён можа ўмясціць 3000). Напэўна, гэта была не зусім звыклая сітуацыя для гаспадароў (сярэдняя наведвальнасць дамашніх матчаў «Іслачы» ў гэтым сезоне — 953 чалавекі), таму на трыбунах было шмат сцюардаў з Брэста.

«Дынама» пачало гуляць, як і чакалася, першым нумарам. Пры адсутнасці дыскваліфікаваных Няхайчыка і Кісляка атакі разганялі Гардзяйчук і Мілеўскі. З першых хвілін выйшлі Лапцеў і Хабленка. Чацвёрка брастаўчан экзаменавала абарону «Іслачы» з першых хвілін, і на самым экватары першай паловы сустрэчы была атрымана першая «пераздача». Справа навешваў Хабленка, мяч вельмі ўдала пасля рыкашэту ад абаронцы трапіў у ногі свабоднаму ад апекі Мілеўскаму, і Арцём здорава прабіў у браму.

«Іслач» таксама пачала гульню без выбыўшых лідараў Мома Янсанэ і Дзмітрыя Камароўскага. Але, калі крыху змякчыць выказванні настаўніка «валкоў» Віталя Жукоўскага на пасляматчавай прэс-канферэнцыі, каманда не збіралася быць госцем на чужым свяце. Галоўная мэта была тоесная: тры ачкі ў скарбонку.

На 33 хвіліне злева добрую перадачу ад партнёра атрымаў Папуш і на подступах да штрафной пераадрасаваў мяч форварду Макасю. Той разаслаўся па газоне і класна пераправіў круглага ў сетку.

Далейшыя атакуючыя дзеянні каманд да перапынку дывідэндаў не прынеслі.

Пасля яго крыху смялей сябе сталі адчуваць гаспадары. Паўнебяспечныя моманты перыядычна ўзнікалі ля варот Гутара. Але ў асноўным пачуцці кіпелі пры ўзаемных сутычках і апеляцыях да арбітра. Некалькі гульнявых эпізодаў у выніку ператвараліся ў патасоўкі і жоўтыя карткі.

Адзін з самых гарачых момантаў адбыўся на 72 хвіліне: паўабаронца брастаўчан Уладзіслаў Васільеў, на думку суддзі, прамымі нагамі ляцеў у Аляксандра Глеба, жадаючы адабраць мяч. Зразумеўшы, што зараз ён атрымае чырвоную картку і сваім выдаленнем з поля падвядзе партнёраў, Васільеў не здолеў стрымаць слёзы. Глеб жа пасля гэтага кантакту мог скончыць кар'еру датэрмінова, але абышлося.

Пасля таго як дынамаўцы засталіся ў меншасці, яны сталі дзейнічаць больш акуратна. Але націск на браму Хаткевіча пры атакуючых дзеяннях не знізіўся. Як і тыдзень таму, на карысць «Дынама» ў неадназначнай сітуацыі не прызначылі пенальці за быццам гульню абаронцы рукой, што выклікала вельмі бурную рэакцыю на полі. А на 83 хвіліне Мілеўскі мог назаўсёды ўпісаць свае прозвішча ў летапіс клуба, прынёсшы голам чэмпіёнства, але мяч пасля яго ўдару метраў з дзесяці трапіў у перакладзіну.

Нічыя не дазволіла брэсцкаму «Дынама» ўласнымі сіламі вырашыць галоўную задачу. Надзея была на «Віцебск», які гуляў дома свой матч з «БАТЭ» адразу пасля. Паўночнікі маглі б зафіксаваць за берасцейцамі першы радок і зрабіць іх чэмпіёнамі, калі б не далі барысаўчанам разжыцца на тры ачкі (1:2 на карысць гасцей).

Наступны тур пройдзе аж 24 лістапада, і гэта значыць, што інтрыга ў беларускім чэмпіянаце будзе жыць яшчэ як мінімум два тыдні. У Брэст завітае «Віцебск», у Барысаве пройдзе беларускае «класіка»: «БАТЭ» супраць мінскага «Дынама».

Дзмітрый Суганяеў

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.