Вы тут

У нядзелю можа перарвацца шматгадовая гегемонія «БАТЭ»


У выпадку перамогі над салігорскім «Шахцёрам», улічваючы чарговую асечку «БАТЭ» на родным стадыёне ў матчы з «Іслаччу» (2:4), брэсцкае «Дынама» ўжо гарантавала бы сабе залаты матч. Перамогі дамагчыся не ўдалося, але здарылася настолькі гучная і рэзанансная нічыя (1:1), што іскры ляцяць і па гэты дзень.


Фота: vk.com/dynamobrest

Абразы, што пачаліся яшчэ на футбольным полі, на адрас арбітраў, якія прынялі шэраг вельмі спрэчных рашэнняў, перацяклі ва ўзаемныя папрокі, пагрозы вайной, петыцыю балельшчыкаў аб адстаўцы вярхоў федэрацыі футбола, сур’ёзныя шматтысячныя штрафы і дыскваліфікацыі.

«Дзе праўда?» — усклікнуў брэсцкі менеджмент на сваіх старонках, даведаўшыся пра рашэнне кантрольна-дысцыплінарнага камітэта АБФФ. Іх просьбы аб апеляцыі не пачулі. Як не пачулі і суддзі падчас матчу патрабаванні гульцоў «Дынама» пра прагляд відэапаўтору на смартфоне фотакарэспандэнта, які працаваў за варотамі.

У выніку, вырашыўшы не пырскаць эмоцыямі ва ўсе бакі, клуб з Брэста вырашыў засяродзіцца толькі на будучых гульнях і часова прыпыніў узаемадзеянне са СМІ.

Фота: vk.com/dynamobrest

Турнірныя расклады такія, што брастаўчане зараз знаходзяцца на адлегласці ў адну перамогу ад статусу чэмпіёна — ніколі раней горад над Бугам не насіў яго. Максімум дагэтуль — бронзавыя медалі першага суверэннага першынства 1992 года. З таго часу, як «Дынама» стаў стабільна падсілкоўвацца фінансавымі ўліваннямі, клуб нядрэнна ўзбагаціў свой трафейны пакой, выйграўшы два Кубкі і два Суперкубкі краіны. Але ў чэмпіянаце справы, як правіла, не ладзіліся.

У нядзелю на стадыёне ФК «Мінск» (шырока вядомым у народзе як «Камвольшчык») іх чакае тая самая «Іслач» Віталя Жукоўскага, якая каторы год запар на зайздрасць рэгулярна адбірае ачкі ў фаварытаў. Перад клубам з Мінскага раёна стаіць усё тая ж задача, якую паставіў трэнер яшчэ ўвесну, — 50 ачкоў па завяршэнні чэмпіянату. І калі перад яго стартам многія балельшчыкі і спецыялісты са здзіўленнем і з’едлівай усмешкай успрынялі амбіцыйнасць галаўкама «ваўкоў», то зараз, калі ў каманды 45 балаў і яшчэ тры гульні да фінішу, мала хто сумняваецца, што «Іслачы» гэта пад сілу.

Фота: vk.com/fcisloch

На спартыўных сайтах паведамілі, што на гульню выкуплена ўжо 2000 квіткоў (пры агульнай умяшчальнасці стадыёна 3000 месцаў). Чакаем вялікі дэсант балельшчыкаў з Брэста, якія разумеюць, што адной левай перамогі ім у нядзелю не дамагчыся і камандзе патрэбна велізарная падтрымка. У складзе лідара выяўлена ўжо нямала пралысін, да таго ж сітуацыя пагоршылася дыскваліфікацыямі Сяргея Кісляка і Паўла Няхайчыка. А ў стане «ваўкоў», калі вы яшчэ не забыліся, сваю «наццатую» маладосць перажывае Аляксандр Глеб, які тыдзень таму магутна паспрыяў перамозе над барысаўчанамі.

У любым выпадку беларускі футбол знаходзіцца на адлегласці выцягнутай рукі ад завяршэння гегемоніі «БАТЭ», распачатай яшчэ ў далёкім 2006-м.

Дзмітрый Суганяеў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.