Вы тут

«Мастак і горад» адкрыўся ў анлайн-фармаце


Гэтай традыцыi ўжо дзевяць гадоў: кожную вясну на сталiчнай плошчы Якуба Коласа пад адкрытым небам адкрываецца выстава «Мастак i горад», якую можна прыйсцi паглядзець адмыслова альбо зазiрнуць на яе незапланавана падчас шпацыру па Мiнску. Праўда, калi вы сёння трапiце на плошчу, нiякай экспазiцыi там не знойдзеце: з-за пандэмii каранавiруса штогадовы праект адкрыўся ў анлайн-фармаце, гэта значыць паглядзець выставу пакуль што можна толькi на адмысловым сайце, але i ў вiртуальным свеце «Мастак i горад» зманцiраваны на сваёй «роднай» пляцоўцы.


Кожны раз праект мяняецца i прысвячаецца альбо канкрэтнаму аўтару, альбо пэўнай канцэпцыi. За тыя гады, што iснуе «Мастак i горад», на плошчы Якуба Коласа былi выстаўлены Марк Шагал, Казiмiр Малевiч, Мiкалай Селяшчук, Валянцiн Губараў, Георгiй Скрыпнiчэнка. У адзiн з «выпускаў» размешчаная тут экспазiцыя паказала трыццаць пяць беларускiх авангардыстаў, а летась выстава была прысвечана дзвюм выбiтным мастачкам — Зоi Лiтвiнавай i Зоi Луцэвiч.

Тэма «Мастака i горада» сёлета вiдавочная: у 2020-м, калi Беларусь святкуе стагоддзе вiцебскага авангарднага мастацкага аб'яднання УНОВИС, арганiзатары вырашылi «абыграць» юбiлей i запрасiць да ўдзелу паслядоўнiкаў iдэй Казiмiра Малевiча. То-бок выстава ўключае ў сябе трыццаць два творы сучасных вiцебскiх мастакоў — сябраў аб'яднання «Квадрат», якое можна назваць спадкаемцам сцвярджальнiкаў новага мастацтва. Сярод шаснаццацi прадстаўленых аўтараў — Аляксандр Малей, Вiктар Шылко, Аляксандр Слепаў, Мiкалай Дундзiн, Валерый Чукiн ды iншыя.

Тэма тым больш сiмвалiчная, што «Мастак i горад» сам па сабе кожны год нагадвае нам Вiцебск пачатку 1920-х, бо менавiта УНОВИС паспяхова вывеў мастацтва ў тым лiку на вулiцу, што ў свой час так зачапiла позiрк Сяргея Эйзенштэйна.

Наведаць выставу сёння можна на сайце higminsk.by — выглядае яна гэтаксама, як выглядала б на рэальнай плошчы Якуба Коласа. Можна ўважлiва разгледзець кожны стэнд i адкрыць «экспанат» у выглядзе асобнай выявы. Апроч гэтага, анлайн-экспазiцыя суправаджаецца аўдыягiдам, дзякуючы якому можна даведацца пра кожны з прадстаўленых твораў.

Але замыкацца на анлайн-фармаце праект не збiраецца: калi рэчаiснасць дазволiць, выстава будзе ўсё роўна зманцiравана на сваiм традыцыйным месцы. Да таго ж пару гадоў таму арганiзатары сталi паказваць экспазiцыю ў iншых гарадах краiны, дык вось сёлетнi «Мастак i горад», вядома, не можа не трапiць у Вiцебск.

Вольга МIЦКЕВIЧ

Загаловак у газеце: Вiртуальная выстава на вiртуальнай плошчы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Без памылак нельга рухацца наперад, або Чаму попыт i прапанова пакуль не заўсёды супадаюць

Без памылак нельга рухацца наперад, або Чаму попыт i прапанова пакуль не заўсёды супадаюць

Давайце разам прыгадаем свае першыя крокi ў школе. Што кажа дзецям настаўнiк?

Спорт

Кiнуць выклiк лёсу. Чым жыве паралiмпiйскi спорт у Беларусi

Кiнуць выклiк лёсу. Чым жыве паралiмпiйскi спорт у Беларусi

Як беларусы рыхтуюцца да галоўных стартаў i як развiваецца паралiмпiйскi рух.

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў.