Вы тут

Павышэнне пенсій і сацыяльных выплат, зніжэнне стаўкі па дэпазітах


У маі крыху патаннеюць банкаўскія крэдыты, праўда, і стаўкі па дэпазітах таксама значна знізяцца. Нацбанк прыняў рашэнне аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання — здарыцца гэта ўжо з 2 мая. Адпаведныя рашэнні прынятыя праўленнем Нацыянальнага банка па выніках пасяджэння па грашова-крэдытнай палітыцы, паведамілі ў Нацбанку.


Фота: БелТА.

Па дадзеных банка, стаўка па крэдыце авернайт зніжаецца з 11, 5% да 11% гадавых, а стаўка па дэпазіце авернайт — з 9, 5% да 9 % гадавых.

Адзначаецца працяг запаволення інфляцыйных працэсаў. «Як і чакалася, з-за эфекту высокай базы мінулага года ў сакавіку 2023 года гадавы прырост спажывецкіх цэн зменшыўся да 6 % супраць 11,7 % у папярэднім месяцы. Трэндавая інфляцыя знізілася да 6 % Пасля 8,9 % месяцам раней. Пры ўмове адсутнасці шокаў чакаецца захаванне нізкіх штомесячных тэмпаў прыросту коштаў на спажывецкім рынку, што ў бліжэйшыя месяцы падтрымае трэнд на запаволенне гадавой інфляцыі», — адзначылі ў банку.

Паступова аднаўляецца і дзелавая актыўнасць. «На фоне працэнтных ставак, якія працягваюць зніжацца, пашыраецца крэдытная падтрымка банкамі эканомікі ў нацыянальнай валюце. Сярэдняя стаўка па новых рублёвых крэдытах банкаў і ААТ „Банк развіцця Рэспублікі Беларусь“ юрыдычным асобам у сакавіку 2023 года зменшылася да 8,97% гадавых. У цэлым рызыкі, якія могуць істотна паўплываць на дынаміку інфляцыйных працэсаў у будучыні, ацэньваюцца як умераныя. Інфляцыйныя чаканні эканамічных агентаў, нягледзячы на зніжэнне, застаюцца ўсё яшчэ высокімі. У адпаведнасці з вынікамі апытання насельніцтва, праведзенага ў сакавіку 2023 года, чаканая ў наступныя 12 месяцаў інфляцыя знізілася да 12,4% супраць 16,7% у сакавіку 2022 года. У фокусе ўвагі па-ранейшаму застаецца стрыманая ашчадная актыўнасць з адначасовым павелічэннем долі ліквідных актываў у агульнай структуры грашовых зберажэнняў насельніцтва», — распавялі ў Нацбанку.

Наступныя рашэнні па стаўцы рэфінансавання Нацыянальны банк будзе прымаць з улікам фактычнай і чаканай дынамікі інфляцыі, а таксама ацэньваючы рызыкі з боку ўнутраных і знешніх умоў і рэакцыі на іх фінансавых рынкаў.

Павышаюцца пенсіі і сацыяльныя выплаты

Прыемная навіна для беларускіх пенсіянераў — чакаецца павышэнне пенсійных выплат. У нашай краіне змяняецца бюджэт пражытачнага мінімуму: у сярэднім з 1 мая ён фіксуецца на ўзроўні 352 рублёў 13 капеек.

Адпаведна павялічацца дзяржаўныя дапамогі на дзяцей, сацыяльныя пенсіі і павышэнні да пенсій для асобных катэгорый грамадзян, даплаты пенсіянерам ва ўзросце 75 гадоў і старэйшым, дапамогі па доглядзе інвалідаў І групы і пажылых людзей, якія дасягнулі 80 гадоў.

Памеры бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах зацверджаны адпаведнай пастановай на перыяд з 1 мая да 31 ліпеня 2023 года.

Такім чынам, бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва ўстаноўлены ў памеры 352 рублі 13 капеек, што на 3,1 % вышэй, чым той, што дзейнічаў з 1 лютага да 30 красавіка 2023 года.

Памеры бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах наступныя: 389 рублёў 53 капейкі — для працаздольнага насельніцтва, 265 рублёў 96 капеек — для пенсіянераў, 224 рублі 26 капеек — для дзяцей да трох гадоў, 308 рублёў 56 капеек — для дзяцей ад 3 да 6 гадоў, 378 рублёў 15 капеек — для дзяцей ад 6 да 18 гадоў.

З1 мая аўтаматычна пераглядаюцца ўбудаваныя ў сістэму сацыяльнай абароны розныя надбаўкі і павышэнні, а таксама асобныя сацыяльныя выплаты, якія вылічаюцца ад памеру БПМ. Гэта памеры дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей; павышэнні да пенсій, якія прадугледжаны для асобных катэгорый пенсіянераў; даплаты і надбаўкі пенсіянерам ва ўзросце 75 гадоў і старэйшым, якія атрымліваюць пенсіі ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне; дапамогі па доглядзе інваліда І групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, сацыяльныя пенсіі.

Дзяржаўныя дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, устанаўліваюцца ў наступных памерах. Дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці (аднаразовая) пры нараджэнні першага дзіцяці складзе 10 БПМ, ці 3 521,30 рубля, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — 14 БПМ, ці 4 929,82 руб. Дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці (аднаразовая) складзе 100 % БПМ, ці 352,13 рубля.

Дапамога сем’ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў (штомесячная) роўная 50 % БПМ, ці 176,07 рубля. Дапамога на дзяцей, старэйшых за 3 гады, з асобных катэгорый сем’яў, прадугледжаных заканадаўствам (штомесячная) на дзяцей, старэйшых за 3 гады, якія выхоўваюцца ў такіх сем’ях (акрамя дзіцяці-інваліда) роўная 50 % БПМ, або 176,07 рубля, на дзіця-інваліда, старэйшага за 3 гады, — 70 % БПМ, або 246,49 рубля.

Зменены і іншыя выплаты. Так дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў (штомесячная) з І і ІІ ступенню страты здароўя да спаўнення дзіцяці 18 гадоў і з ІІІ і ІV ступенню страты здароўя да спаўнення дзіцяці ўзросту 3 гадоў выплачваецца ў памеры 100 % БПМ і складзе 352,13 рубля, з ІІІ і ІV ступенню страты здароўя пасля спаўнення дзіцяці ўзросту 3 гадоў — 120 % БПМ, або 422,56 рубля, дапамога на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека (штомесячная), — 70 % БПМ, ці 246,49 рубля.

Вялікія майскія выхадныя

Як і ў красавіку, у маі нас чакаюць вялікія — цэлых чатыры дні — выхадныя. Гаворка ідзе пра перыяд з 6-га па 9-ае мая. Дзень Перамогі выпадае на аўторак, таму панядзелак, 8 мая вырашылі зрабіць выхадным днём. Але ёсць нюанс: адпрацаваць яго ўсё ж давядзецца ў суботу 13 мая.

Для пенсіянераў — транспартная зніжка на праезд у электрычках

І зноў прыемныя навіны для пенсіянераў: з 1 мая вяртаецца сезонная 50 % зніжка на праезд у электрычках. Такое рашэнне ўжо прынялі ў БЧ. Там, дарэчы, нагадалі, гэтая зніжка прадастаўляецца пры прад’яўленні арыгінала пенсійнага пасведчання пры куплі білетаў. Акрамя таго, пенсіянеру неабходна мець пры сабе арыгінал пенсійнага пасведчання і ў цягніках рэгіянальных ліній эканомкласа.

Цягнік у Анапу

Беларуская чыгунка на летні сезон адкрывае маршрут – Мінск-Анапа, першы цягнік прызначаны на 5 мая. З Мінска цягнік у Анапу будзе выязджаць а 10.58 раніцы, У Гомелі ў састаў можна будзе падсесці а 15.40. Далей — дарога і прадчуванне адпачынку: у Анапе цягнік будзе праз двое сутак, раніцай 7 мая. Назад з Анапы цягнік БЧ у Мінск адправіцца ў той жа дзень і прыбудзе ў сталіцу Беларусі ўжо 9 мая. Адзначым, што састаў будзе курсіраваць праз дзень па няцотных чыслах месяца з Мінска да 27 верасня, з Анапы — да 29 верасня 2023 года.

Адключэнне гарачай вады

Зусім нядаўна ў кватэрах беларусаў адключылі батарэі, а ўжо тут як тут падкраўся сезон планавага адключэння гарачай вады. У гэтым годзе ён стартуе ў аўторак, 16 мая. На сайтах прадпрыемства «Мінскэнерга» і «Мінсккамунцепласетка» ўжо названыя канкрэтныя адрасы тых, каму першымі трэба будзе пажыць без гарачай вады з крана. Дарэчы, абяцаюць, што адключэнне не працягнецца больш за 13 сутак, але толькі ў тым выпадку, калі выпрабаванні трубаправодаў цепласетак пройдуць паспяхова, а дэфекты, якія патрабуюць неадкладных работ па рамонце і аднаўленні, не выявяцца.

Выплата падаходнага падатку

Нагадаем і яшчэ пра адзін момант: падаць падатковую дэкларацыю аб падаходным падатку аб даходах, якія былі атрыманыя ў 2022 годзе, фізічным асобам трэба было не пазней за 31 сакавіка 2023 года. Тэрмін выплаты налічанага падатку — да 1 чэрвеня 2023 года. Дарэчы, нашы рамеснікі да 1 ліпеня 2023 года павінны пацвердзіць свой статус для выплаты падаткаў.

Падаражэюць цыгарэты

Беларускія вытворцы і пастаўшчыкі цыгарэт маюць права пераглядаць іх цану штомесяц. У маі падаражэюць многія маркі цыгарэт, сякія-такія з іх дададуць у цане адразу 15-20 капеек. Вось так, курэнне — шкодная звычка.

Сяргей ПАЛІНІН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.