Вы тут

«Сцежкі жыцця» Паўліны Мядзёлкі


Шмат сяброў меў Янка Купала. З жанчын жа найлепшыя адносіны звязвалі з жонкай, у дзявоцтве Уладзіславай Станкевіч, а таксама з Паўлінай Мядзёлкай. Прыязна ставілася да яго і яе маці. У кніжцы Паўліны Вінцэнтаўны «Сцежкамі жыцця», прынамсі, ёсць такая згадка: «У 1929 годзе прыехала з Заходняй Беларусі мая матка адведаць мяне. Я павяла яе да Купалаў, пазнаёміла з маткай Янкі. Доўга сардэчна гаварылі дзве старушкі. 


Паўліна Мядзёлка

«— Чаму гэта не Паўлінка мая сынова, — казала матка Янкі. — Чаму ж яна яму адказала? Як бы я шчасліва была! 

— Бо дурная была, — адказала мая матка, — жартачкі, адмовіць такому важнаму чалавеку, як ваш сын».

Стала Паўліна Паўлінкай 

Упершыню яны сустрэліся ў Вільні. Вядомы, прыгожы, таварыскі, ён, бадай, і паклонніц нямала меў. Яна таксама была прыгожай. А бліжэй пазнаёміліся 12 лютага 1910 года. На першай вечарыне ў Віленскім клубе чыгуначнікаў. Гаварыў з ёю, «як з дзяўчынай, гатовай пажартаваць з маладым хлопцам». Яна ж інакш праявіла сябе: «Насупіўшыся, я ўвесь час маўчала, незадаволеная жартаўлівым паваротам гутаркі». Купала ж на гэта не звяртаў увагі, «пытаўся... ці шмат у Вільні прыгожых дзяўчат, ці весела яны праводзяць час». Яе гэта здзівіла: «Гэта ж чалавек, якому прадракалі вялікую будучыню, паэт, вершы якога так глыбока пранікалі ў душу, захаплялі. А тут раптам — звычайны хлопец, які вядзе такую несур’ёзную гаворку». 

Удакладненне «бліжэй пазнаёмілася» — не выпадковае. Відаць, ужо была адна сустрэча: «Аднаго разу, раніцай, зайшла я да знаёмых. Мне адчыніў дзверы малады мужчына...» Хто гэта быў, ва ўспамінах не ўдакладняла. Ды і прызнаецца: «Не памятаю, хто мне даў білет на гэтую вечарыну». Сапраўды не памятала? А можа, усё ж запамятала? Праз гады не хацела прызнацца, што білет быў прапанаваны самім Купалам. Ці, прынамсі, перададзены праз некага ім. 

Як бы там ні было, чалавек гэта, як і сама, з беларускага асяродку. Яшчэ калі вучылася ў Віленскай жаночай гімназіі, у анкеце пра нацыянальнасць напісала «беларуска». Гэта кіраўніцтву не спадабалася: «Раз вы каталічка — значыцца, і полька. Ніякай беларускай мовы не існуе». Хоць пад пагрозай было заканчэнне гімназіі, ад свайго не адступілася. Яшчэ і кіравала нелегальным гуртком швачак і хатніх работніц. 

Пасля на Вышэйшых камерцыйных курсах у Пецярбургу зблізілася з беларускімі студэнтамі. Наведвала вечарыны на кватэры Браніслава Эпімах-Шыпілы, на якіх бываў і Купала. Ён вучыўся на агульнаадукацыйных курсах Аляксандра Чарняева. 

Асабістае знаёмства з ім неўзабаве атрымала нечаканы працяг: «Акурат перад гэтым Янка Купала закончыў сваю „Паўлінку“ і прачытаў нам. Мы загарэліся жаданнем яе паставіць. За арганізацыю спектакля ўзяўся брат прафесара Уладзіслаў Эпімах-Шыпіла». Калі пачалі размяркоўваць ролі, усе сышліся на тым, што Паўліне Мядзёлцы і быць Паўлінкай. 

Пацалунак са злосці. І не толькі... 

Аднак акцёр Александрыйскага тэатра Канстанцін Бэкін-Драздоў, які ставіў спектакль, заўважыў, што галоўная гераіня саромеецца выказаць свае пачуцці да Якіма Сарокі. «Скажыце, — запытаўся ён у Паўліны Мядзёлкі, — у сваім жыцці вы перажывалі падобныя моманты?» Пачырванеўшы, яна адмоўна пакруціла галавой: «Не...» Гэта выклікала ў яго і Купалы здзіўленне: «Яны, паглядаючы на мяне, шапталіся і ўсміхаліся». 

Вырашыла адмовіцца ад ролі, але, калі ўгаварылі, «са злосці [...] так правяла гэтую няшчасную сцэну, што ўсе запляскалі ў далоні». Праўда, перад гэтым у сябе на кватэры да пацалункаў паставілася інакш: Янка, калі памкнуўся стаць у ролі Якіма, пачуў: «Ты што, прыходзіш рэпетыцыю праводзіць са мной, вучыць мяне цалавацца? Абыдуся без тваіх урокаў!» 

Спектакль 9 лютага 1913 года ў клубе «Пальма» меў вялікі поспех. У захапленні быў і аўтар п’есы: «На сцэну ўбягае Купала, абдымае мяне і горача цалуе». Пасля паднёс ёй два яшчэ зусім новенькія асобнікі толькі што надрукаванай п’есы. На адным з іх быў напісаны верш-прысвячэнне. Тэкст з гадамі забыла. Адно запомніла: у ім было 32 радкі. Той асобнік у яе «у 1921 годзе выпрасіў [...] для перафатаграфавання студэнт Рамуальд Замкевіч, які збіраў калекцыю літаратурных рукапісаў і знік разам з вершам». Яшчэ адно сведчанне пра той памятны вечар: «Пасля танцаў Купала праводзіў мяне на кватэру, і мы доўга дзяліліся сваімі перажываннямі». 

Ці не шкадавала яна, што іх жыццёвыя сцежкі разышліся? У «Сцежках жыцця» пра гэта не гаворыць. Абышла ўвагай і тыя моманты, якія «ніводзін з рэдактараў не прапусціў бы ў друк». Магчыма, і панесла б з сабой у нябыт, калі б не... «Аднак жа, з кім даводзілася дзяліцца некаторымі фактамі мінулага, настойліва патрабавалі: „Пішы, пішы ўсю праўду, пішы, што ўсплыве на памяць. Гэта патрэбна для нашых нашчадкаў. Не для друку, а для гісторыі. Хай не ляжыць гэта ў архівах“». 

Так і з’явіліся «Беглыя нататкі для памяці». З падзагалоўкам «Факты, якія ніколі не могуць і не павінны быць апублікаваны». Праўда, пасля табу на абнародаванне іх зменшыла да 25 гадоў. У гэтых згадках цікавы запіс ад 2 мая 1970 года. З’явіўся ён пасля таго, як па радыё прагучала кампазіцыя па творах Купалы «Яна і ён». 

Памяць перанесла Паўліну Вінцэнтаўну ў Вільню 1914 года: «Седзячы ўдваіх з Янкам за столікам цукерні „Зялёнага Штраля“», дзе кожны вечар сустракаліся нашаніўцы, акторы, мастакі, Янка сказаў: 

— Паўлінка, давай мы з табой пажэнімся. Раздзялі ты са мною долю і нядолю. 

Хоць гэта было вымаўлена зусім сур’ёзна, але я не паверыла ў гэту сур’ёзнасць, бо ні разу з яго боку не чула слоў кахання. 

Адказала тое, што было праўдай: 

«— Яначка, я цябе люблю як нашага паэта, як харошага сябра і не больш. А гэтага мала, каб быць тваёй жонкай. Пры гэтым... Я кахаю другога, які ніколі не будзе маім мужам». 

Кахала жанатага археолага Івана Луцкевіча. Назаўтра Іван Дамінікавіч «быў пахмурны, маўклівы». Прызнаўся ёй, што ўсю ноч не спаў. Пасля прапанаваў прачытаць напісаны верш: 

Быў гэта толькі сумны сон 

душы расплаканай маёй, 

што сярод будніх цяжкіх (бледных) дзён 

я свята меў, глядзеў ясней... 

Верш не толькі запомніўся. Нават спявала яго на матыў мелодыі Міхаіла Глінкі «Не искушай меня без нужды». 

Бы лісток сарваны з дрэва 

Пасля прэм’еры «Паўлінкі» з Пецярбургам развіталася: «Непасільная праца і дрэннае харчаванне, веснавыя туманы і белыя ночы настолькі знясілілі, што дактары загадалі неадкладна пакінуць гэты горад». Вясной 1913 года пераехала ў Вільню, далучылася да тамашняга грамадска-культурнага жыцця. Ужо два гады ў горадзе працаваў Беларускі музычна-драматычны гурток, а «Беларуская хатка» стала цэнтрам нацыянальнага адраджэння. Гурток якраз узяўся за пастаноўку «Паўлінкі». Вагаліся, каму даручыць выкананне галоўнай ролі: Мядзёлцы, якая мела поспех на сталічнай сцэне, ці «сваёй» Софіі Маркевіч, што Паўлінкай была ў папярэдняй пастаноўцы. 

Апошняе слова цяпер заставалася за Купалам. Ён перавагу аддаў Мядзёлцы. Чаму — як хочаш, так і думай. У кастрычніку 1917 года гэтую ролю сыграла ў спектаклі Першага беларускага таварыства драмы і камедыі. «Паўлінку» ўжо лічыла «сваёй». 

Калі пачалася Першая сусветная вайна, паехала да бацькоў у Глыбокае: «Часта ў наш дом збіраліся блізкія і далёкія суседкі, сыноў, мужоў і братоў якіх пагналі на вайну. Я чытала ім з газет весткі з фронту, вершы Я. Купалы, Ясакара (З. Бядулі) пра вайну, і кожны раз пасля гэтага прасілі мяне праспяваць народную песню „А ў нядзельку раненька“. Слухалі жанкі пра прызыўніка, які панясе сваю „галоўку ў чужую старонку“, і „заліваліся слязьмі“». «Слёзы туманілі вочы» і самой выканаўцы. Верылася, што вайна хутка мінецца. Аднак яна «і не думала спыняцца». Даўгінава, Царыцын, зноў Пецярбург, Кіеў, Мінск... З месца на месца, як той лісток, сарваны з дрэва, неслі яе і неслі віхурныя вятры. То ў дзіцячым прытулку працавала. То з’яўлялася адказным сакратаром Беларускага камітэта дапамогі ахвярам вайны. 

Настаўнічала і ў іншых мясцінах. Была інспектарам беларускіх школ у Гродне. Кіравала Грамадой беларускай моладзі, выконвала ролі ў беларускіх спектаклях. За ўдзел у выданні газеты «Родны край» арыштоўвалася польскімі ўладамі. Цяжэй было, калі 27 мая 1920 года ў Мінску па законах ваеннага часу абвінавацілі ў падрыхтоўцы паўстанцкіх атрадаў. Вывезлі ў Варшаву, зведала і жахі турмы Вронкі на Познаньшчыне. Нарэшце па падробленых дакументах выехала ў Вільню. 

Радасць і гаркота 

У ёй таксама не затрымалася. Пабыўшы ў Глыбокім, пераехала ў Коўна, цяперашні Каўнас у Літве. Выдавала брашуры аб польскім засіллі, якія перасылаліся ва Усходнюю Беларусь. У адной надрукавала сваю паэму. У лісце да яе Змітрок Бядуля пісаў: «Калі гэта першая спроба твайго пяра, то скажу, што вельмі ўдалася». Была ў яе ўжо і песня «Пад гоман вясёлы». Яе з нотамі выпусцілі спецыяльнай лістоўкай з подпісам «Паўлінка» і распаўсюджвалі як пракламацыю. 

Па прапанове Цішкі Гартнага некаторы час працавала карэктарам у выдавецкім аддзеле пры савецкім пасольстве ў Берліне, дзе выдаваліся беларускія кнігі і падручнікі. Была і настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Дзвінскай гімназіі. Але ў 1925 годзе латышскія ўлады яе і яшчэ сем выкладчыкаў з гэтай і Люцынскай гімназіі абвінавацілі ва «ўдзеле ў злачынным хаўрусе», жаданні «сілай адарваць ад Латвійскай дзяржавы тэрыторыю Дзвінскага, Рэжыцкага, Люцынскага і часткова Ілукшкенцкага паветаў і далучыць іх да Беларускай дзяржавы». 

На шчасце, апраўдалі, але на рабоце не аднавілі. Ды і заканчваўся тэрмін замежнага пашпарта. Даўно марыла аб вяртанні на Радзіму. Савецкае пасольства пайшло насустрач. 20 мая 1925 года «ўпершыню ступіла на савецкую зямлю». 

Працавала лектарам беларускай літаратуры на курсах перападрыхтоўкі настаўнікаў у Клімавічах, была тэхнічным рэдактарам у Беларускім дзяржаўным выдавецтве. На жаль, у 1930 годзе, калі лячылася ў Маскве, арыштавалі, выслалі ў Казань. У Маскву дазволілі вярнуцца праз тры гады. Хапіла гаркоты і па прыездзе летам 1947 года на пастаяннае жыхарства ў Будслаў. Перад гэтым памёр бацька. Маці была слабая, патрабавала догляду. А нядобразычліўцы распаўсюджвалі чуткі, што ў вайну, маўляў, супрацоўнічала з немцамі. 

«Крылы» былі падрэзаны, але апускаць іх не збіралася. Знайшла паразуменне з мясцовай моладдзю. Стварыла харавы і драматычны гурток. Задавальненне прыносілі рэдкія паездкі ў Мінск. Узрадаваў нечаканы «падарунак». Ёй прысвоілі ганаровае званне «Заслужаны дзеяч культуры Беларусі». 

Разышліся сябрамі 

Калі быў жывы Янка Купала, пасяброўску неаднойчы сустракаліся з ім. Ён падпісаў шэраг сваіх кніг, што захоўваюцца цяцер у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску. На зборніку «Творы» значыцца: «Даражэнькай Паўлінцы на памятку. Янка. Менск, 19/VІ-30 г.». Кніга «Песня будаўніцтву» мае аўтограф: «Паўлінцы на памятку. Янка. Масква. 18/ІІІ-36.» Збярогся здымак Івана Дамінікавіча: «Паўлінцы. Янка. Менск. 19/І — 30 г.». 

Простыя надпісы. Без лішніх слоў, стрымана, не эмацыянальна. А магчыма, як у тым вершы: «Если любят, больше взглядом говорят...» Як бы там ні было, падтрымліваў з ёй прыязныя адносіны і давяраў ёй. Падчас сустрэчы восенню 1917 года ў Полацку перадаў на захоўванне некалькі сваіх твораў. Сярод іх — «Смейся!..», «Цару неба й зямлі» і іншыя. Паўліна Вінцэнтаўна вярнула іх у 1920 годзе. 

Калі выслалі ў Казань, прысвяціў верш «***Снілася дзяўчыне...»: 

Снілася дзяўчыне 

квецістае поле, 

а наяве выйшла — 

палыны, гуголле. 

Снілася дзяўчыне 

воля і брацтва, 

а на яве выйшла — 

няволя, жабрацтва. 

Снілася дзяўчыне 

дома жыць да смерці, 

а наяве выйшла — 

у чужыне памерці. 

Папрасіў яе брата Зыгмуся перадаць гэты твор ёй. Што той і зрабіў у 1931 годзе. 


Але вечны спачын знайшла ўсё ж на сваёй малой радзіме. Пакінула зямны свет 13 лютага 1974 года, была пахавана на будслаўскіх могілках. Гэта колішняе мястэчка Будслаў (цяперашні Мядзельскі раён), дзе нарадзілася 24 верасня 1893-га. 

Некаторыя сябры, блізкія людзі называлі яе не толькі Паўлінкай, але і Журавінкай. Паўліна, Паўлінка, Журавінка... Журавіна ж — ягада, якая не кожнаму даспадобы. Затое гаючая. Для Янкі Купалы была яшчэ і свайго роду Купалінкай. 

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.