Вы тут

Шлях у літаратуру Якава Аляксейчыка


У кожнага пісьменніка свой шлях у літаратуру. Свой ён і ў Якава Аляксейчыка, які нарадзіўся 23 кастрычніка 1948 года ў вёсцы Пярэспа Драгічынскага раёна. А вось да пачатковай школы, размешчанай у хаце мясцовага дзядзькі Рыгора Яфімовіча, быў амаль кіламетр. У сямігодку хадзіў за чатыры кіламетры ў суседнія Маркавічы. У сярэднюю ў Хомску — яшчэ далей, амаль дзевяць кіламетраў. Праўда, восенню і вясной ездзіў на веласіпедзе, а зімой жыў ў інтэрнаце, што месціўся ў двух пакоях аднаго вяскоўца. Дзевяцікласнікам упершыню надрукаваўся ў раённай газеце «Запаветы Леніна». Але, як часам успамінаў ужо працуючы генеральным дырэктарам Беларускага тэлеграфнага агенцтва, гэта вельмі раззлавала бацьку. 


Як захацеў стаць «пісакам»

Аднойчы, праглядваючы газету «Знамя юности», Якаў убачыў кароценькую заметку пра тэматычны вечар у іх школе. Напісаў яго дзесяцікласнік Пеця Грэчка з вёскі Застаўе, які сядзеў за сталом насупраць. Гэта яго вельмі ўразіла. А тут якраз сусед па хутары, нават далекаваты родзіч Аляксандр Падкасік купіў матацыкл. Паглядзець на яго прыйшлі многія з ваколіцы, а хлапчукі, бадай, усе. Задаволены дзядзька Аляксандр і кажа: «Людзі сталі жыць лепш. У кожнай хаце па два-тры веласіпеды. Матацыклы пайшлі. Мой жа не першы, а восьмы».

Захацелася Якаву напісаць пра гэта нататку. Унізе паставіў сваё прозвішча, імя і імя па бацьку. Дадаў, што жыве ў вёсцы Пярэспа Нямержанскага сельсавета. А вось што школьнік — не ўдакладніў. Праз некаторы час пачуў, як бацька абураецца маці: «Пісакам мяне абазвалі!» і паказвае раёнку. На апошняй старонцы пад матэрыялам стаяла: «Я. Аляксейчык, калгаснік калгаса „Іскра“».

Пачалі гадаць, хто б гэта мог зрабіць. Аляксейчыкаў у вёсцы шмат, Якаў таксама не адзін. Перабраўшы ўсіх, упэўніліся, што ніводны з іх на такое не здатны. Той стары... Гэты малы... Нехта на заробкі паехаў. Тады бацька павярнуўся да Якава, які моўчкі сядзеў над сшыткам: 

— Можа, твая работа?

— Мая, — прагучала ў адказ.

Ад пачутага бацька ледзь не сеў на падлогу:

— Навошта? 

— Хачу стаць журналістам.

— Кім?!

— Буду пісаць для газет...

— Пісакам хочаш стаць?!

Пісакамі ў вёсцы называлі тых, хто дасылаў у розныя інстанцыі скаргі.

— Чаму пісакам? — запярэчыў Якаў. — Ты ж любіш чытаць газеты. Вось і я буду пісаць так, каб было цікава.

Сапраўды, газеты і кніжкі ў іх хаце былі заўжды. Бацька навучыў яго грамаце яшчэ ў пяцігадовым узросце.

— Ты так не ўмееш, — бацька задумаўся.

— Паступлю ва ўніверсітэт вучыцца на журналіста.

— На каго?

— На журналіста! Так называюцца тыя, хто працуе ў газетах...

Паступова да мэты

Калі сын стане журналістам, не дачакаўся. Праз год памёр. Яго смерць, мабыць, і паўплывала на лёс Якава. Па сённяшні дзень не ведае, чаму яго залічылі на завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, хоць паступаў на дзённае. Пэўна, сам Бог так вырашыў. Гасподзь, вядома ж, бачыў, што жанчына засталася адна з чатырма дзеткамі, прытым малодшай дачушцы было ўсяго два гадкі. Бог паўплываў і на тое, каб студэнта-першакурсніка, ды яшчэ завочніка, якому не хапала месяца нават да васямнаццаці гадоў, узялі ў рэдакцыю іванаўскай раённай газеты «Чырвоная звязда» — у драгічынскай вакансій не было. Як і Мікола Федзюковіч, Якаў Аляксейчык прайшоў выдатную школу яе рэдактара Аляксея Каўко. Аляксея Трафімавіча ён дагэтуль называе сваім другім бацькам. Ды і карэспандэнцкі заробак быў нядрэннай падтрымкай для сям’і.

Зразумела, не ўсё атрымлівалася адразу. Але праз год узначаліў аддзел пісьмаў і масавай работы, праз чатыры гады стаў намеснікам рэдактара, напэўна, самым маладым у Беларусі. Яшчэ праз два гады забралі на працу ў райкам партыі. Пасля была служба ў арміі, зноў райкам, вучоба ў Мінскай вышэйшай партыйнай школе, Брэсцкі абкам партыі, апарат ЦК Кампартыі Беларусі. З прэсай кантактаў не губляў. І ў снежні 1988 года быў прызначаны генеральным дырэктарам БелТА, аддаўшы гэтай працы чатырнаццаць гадоў.

То быў цікавы час. Ва ўсіх адносінах. Партыя ўладу губляла, але ж «агрызалася». Тыя, што ўладу пераймалі, варагавалі між сабой, а іншых «кусалі» яшчэ мацней, чым партыя. Журналістам даставалася ад усіх. У ЦК Якава Аляксейчыка называлі здраднікам, бо не заўжды трымаецца лініі партыі. «Свядомыя» папікалі неразуменнем беларускіх інтарэсаў. У Вярхоўным Савеце патрабавалі кіравацца іх наказамі, а ва Урадзе — выконваць толькі іх даручэнні. Усіх адсылаў да Закона аб друку, а каго-кольвек, здаралася, і значна далей. У снежні 1991 года менавіта яму давялося паведамляць свету і пра тое, што адбылося ў Віскулях — распад Савецкага Саюза.

Вядома ж, было і прыемнае. БелТА заснавала свой штотыднёвік «7 дней», занялося кнігавыдавецкай дзейнасцю. Першымі ў рэспубліцы перайшлі на камп’ютарныя тэхналогіі, выйшлі на інфармацыйныя інтэрнэт-прасторы. А яшчэ вучыліся зарабляць, што вельмі дапамагло, калі насталі часы, у якія нават парламенцкі і ўрадавы штодзённікі выходзілі раз на тыдзень ці яшчэ радзей. Агенцтва ж працавала нармальна, у ім не было ніводнай затрымкі зарплаты супрацоўнікам, чым Якаў Якаўлевіч дагэтуль ганарыцца.

Сваё — значыць, сваё

Калі пытаюць, як прыйшоў у літаратуру, успамінае гаворку з народным пісьменнікам Беларусі Іванам Чыгрынавым. Іван Гаўрылавіч, які таксама закончыў журфак, сказаў неяк, што каб стаць пісьменнікам, трэба кінуць журналістыку, бо яна забірае вельмі шмат сіл. На нешта яшчэ іх проста не стае. За гады дырэктарства Якаў Якаўлевіч і сам пераканаўся, што «агенцкая» праца — гарачая патэльня. Трэба імгненна рэагаваць на падзеі, хутка напісаць, дый перадаць паведамленне хутчэй за іншых, каб радыё і тэлебачанне ў выпусках навін спасылаліся менавіта на БелТА.

Будучы галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларусь», падчас кніжнага кірмашу ў Варшаве пачуў ад аднаго паляка, што Мінск — гэта польскі горад. Такое нахабства настолькі здзівіла, што напісалася кніга «Восьмой грех». Чаму такая нечаканая назва? Адштурхнуўшыся ад гістарычнага даследавання, зробленага вядомым польскім гісторыкам Збігневам Залускім у кнізе «Сем галоўных польскіх грахоў», выкарыстоўваючы іншы фактычны матэрыял, прытым найчасцей такі, які даследчыкамі не часта ўводзіцца ў навуковы ўжытак, Якаў Аляксейчык даказаў, што прэтэнзіі нашых суседзяў на землі Заходняй Беларусі — гэта і ёсць тое грахоўнае, што мае на мэце перапісаць гісторыю, зыходзячы са сваіх пазіцый і інтарэсаў. 

Поспех паспрыяў таму, што на тысячагадовую гісторыю зямель, якія з’яўляюцца сённяшняй Рэспублікай Беларусь, зірнуў не вачыма прадстаўнікоў іншых народаў, а тых, хто і з’яў-
ляецца сапраўдным гаспадаром гэтай цудоўнай зямлі. Па сутнасці, адным з першых ацаніў, як адбывалася станаўленне нашага народа, звярнуў увагу на вытокі з’яўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці. Асэнсаванне гэтага важнага пытання вядзецца настолькі дасканала, што асноўныя факты гісторыі падаюцца не ізалявана, а ў суадносінах з іншымі, гэтаксама больш ці менш значнымі. Гэта тычыцца і канкрэтных гістарычных асоб. Значэнне іх у гісторыі не адмаўляецца, але на першым плане нязменным застаецца тое, што канкрэтна той ці іншы дзеяч зрабіў у імя Беларусі, якую мы бачым сёння.

Шукаючы ўласную тэму

Знаёмства з Кацярынай Іванаўнай Заборскай — удавой народнага архітэктара СССР, заслужанага будаўніка БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, аднаго са стваральнікаў беларускай архітэктуры, аўтара знакамітага абеліска на сталічнай плошчы Перамогі, многіх выдатных будынкаў на галоўных вуліцах Мінска, фактычнага бацькі беларускай архітэктуры Георгія Заборскага падштурхнула Якава Аляксейчыка на цэлы год пошукаў у архівах. І не толькі ў архівах. Высветліў, што першыя эскізы будучага абеліска для роднага Мінска Георгій Уладзіміравіч пачаў ствараць яшчэ ў 1942 годзе ў шпіталі ў горадзе Троіцк Чалябінскай вобласці, куды трапіў пасля цяжкага ранення пад Смаленскам. Заўсёды называў сябе беларусам і на фронт пайшоў добраахвотна ўжо на чацвёрты дзень вайны, але ж па паходжанні — немец. Пры нараджэнні яму было дадзена імя Георг Вільгельм. «Імя на плошчы Перамогі» — так назваў мастацка-дакументальную біяграфію Георгія Заборскага, якая надзіва цікавая і багатая на фактычны матэрыял.

Якую кнігу Якава Якаўлевіча ні возьмеш, яны цікавыя чытачам розных узростаў. Але абавязкова тым, якія хочуць ведаць не прэпараваную — блізкую і даўнюю — гісторыю, а аб’ектыўную, наколькі гэта магчыма ў спалучэнні розных падзей, з’яў. І, канешне, людскіх лёсаў. Таму такой цікавай была сустрэча з адной з апошніх кніг, напісаных ім, — «Ехала сталіца ў Магілёў...». Падзеі, што ляглі ў яе аснову, шмат каму не вядомыя. Але не тым, хто мае паважаны ўзрост. Для маладога ж пакалення яна ў многім тэрра інкогніта. Аднак з арыенціроўкай на яго не ў апошнюю чаргу ён і піша. Гэтая не стала выключэннем. У ёй апавядаецца пра тое, як у 1937 годзе было прынята рашэнне аб перанясенні сталіцы рэспублікі з Мінска ў Магілёў. Абгрутоўвалася ўсё тым, што ён слаба звязаны чыгуначнымі і шасейнымі дарогамі з цэнтрам Саюза. З-за таго, што размяшчаецца ў заходняй частцы БССР, ад яго адарваны найбольш далёкія раёны. А да 19 верасня 1939 года да пагранічнай станцыі Негарэлае, якая раздзяляла Усходнюю і Заходнюю Беларусь, было ўсяго каля 50 км.

Пераезду, як вядома, не атрымалася. Чаму так здарылася? Факты, якія прыводзіць Якаў Аляксейчык, самі па сабе цікавыя, але, не ў меншай ступені, прываблівае тое, як усё падаецца. На гэта звярнуў увагу і рэцэнзент Ігар Ганчарук (часопіс «Беларуская думка», 2021, № 11): «Да несумненных вартасцей трэба аднесці манеру выкладання, відавочную лёгкасць і натуральнасць у звяртанні да гістарычных фігур і падзей. Аднак аўтар ніколі не перасягае нябачную рысу, якая аддзяляе праўду ад мастацкага домыслу. Кніга чытаецца лёгка, з цікавасцю. У немалой ступені гэтаму спрыяюць аўтарскія рэмаркі і развагі, якія акунаюць чытача ў эпоху, прымушаюць па-іншаму зірнуць на вядомыя гістарычныя факты, асэнсаваць іх. А, магчыма, знайсці для сябе нешта новае ў нашым мінулым. Тым больш гэта тычыцца часу і падзей, на якіх „вырасла“ наша новае дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства». Нельга не прыслухацца і да такой высновы: «А калі б існаваў рэйтынг лепшых кніг Года нацыянальнага адзінства, то „Ехала сталіца ў Магілёў...“, без ніякага сумнення, увайшла б у першую дзясятку».

Праўдзіва і аб’ектыўна

Тым больш гэта тычыцца кнігі «Як сарваўся саюз. Берлін і Варшава супраць СССР. 1934–1939», выпушчанай маскоўскім выдавецтвам «Вече». Якаў Аляксейчык, як заўсёды, дасведчаны ў прадмеце гаворкі — высновам і абагульненням яго нельга не верыць. Давер гэты не пакідае на працягу прачытання ўсёй кнігі. Завяршэнне яе адпавядае таму, што адбываецца ў Польшчы сёння: «На берагах Віслы ідэі маршала Пілсудскага працягваюць жыць і перамагаць... палякаў». Дарэчы, гэта апошні сказ у споведзі Якава Аляксейчыка. Ідзе ён следам за трызненнем Матэвуша Маравецкага «сядзець у першым радзе». Паўтараецца тое, што ў нездаровых галовах палякаў-правіцеляў жыло з часоў Адольфа Гітлера. У самым галоўным — найперш. 

Палякі ў сваіх бедах галоўнай віноўніцай бачаць... Канешне, Расію. Ды і тых, хто ў саюзе з ёю і падтрылівае яе. Значыць, і Рэспубліку Беларусь. Чарговы раз не хочуць усвядоміць, што блізкі іх сэрцу лозунг «Jeszcze Polska nie zginęła» («Яшчэ Польшча не загінула») можа жыць пры простай, але і такой значнай выснове. Тады, калі палякі перастануць абвінавачваць у сваіх бедах іншых. Самі людзьмі будуць. Праўда, гэта тычыцца не простых грамадзян, а Пілсудскіх і Дудаў новага часу, якім, прабачце, напляваць на ўласны народ. Гэтая кніга, зместам звернутая ў мінулае, надзвычай актуальная.

* * *

Якаў Аляксейчык — сталы аўтар часопісаў «Беларуская думка», «Нёман», расійскага «Нашего современника», выдання «Столетие». Дарэчы, «НС» назваў яго аўтарам найлепшай публіцыстычнай публікацыі за 2013 год. Да месца прыгадаць неўміручае някрасаўскае: «Поэтом можешь ты не быть, а гражданином быть обязан». У асобе Якава Якаўлевіча гэтыя дзве якасці ўдала спалучаюцца. Ён і сапраўдны «паэт» — маецца на ўвазе пісьменнік і грамадзянін.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.