Вы тут

Алена Ланская: "Майму мужчыну давядзецца прыручаць "самотную ваўчыцу"


Калі парог пераступіла дзяўчына ў ружовай сукенцы і цёмных акулярах, я не адразу пазнала ў ёй Алену Ланскую. Яе па-рознаму ўспрымаюць і ацэньваюць, але спявачку гэта мала непакоіць. Яна даўно засвоіла ісціну, што добрай для ўсіх не будзеш і чужых меркаванняў не зменіш. Алена проста ідзе выбраным шляхам і імкнецца на ім не згубіць саму сябе. Таму што папросту ёсць моманты шчасця, якія варта цаніць, як бы цябе ні біла жыццё. Яна займаецца спортам, радуецца цвіценню фіялак на сваім акне, рыхтуецца да рэлізу новага альбома і пакуль толькі марыць пра адпачынак у вузкім сямейным коле. Пра рэйтынгі папулярнасці, настрой будучага дыска і пра тое, хто ёсць хто на эстрадзе, мы і разважаем сёння з Аленай Ланской.

1373541022805_1— Зараз, калі эмоцыі і крытыка адносна конкурсу "Еўрабачанне" крыху сціхлі, хацелася б пачуць, як вы ацэньваеце зробленае?
— Мы насамрэч зрабілі шмат. І, напэўна, ніхто, акрамя тых, хто зведаў гэта на сабе, не можа ўявіць, які там аб'ём работы для артыста. Мне пашчасціла працаваць з моцнай інтэрнацыянальнай камандай. Свой уклад зрабілі Белтэлерадыёкампанія, каманда грэчаскіх стылістаў, прадзюсарскі цэнтр "Спамаш" пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Баранава. Ён у свой час працаваў у камандзе Філіпа Кіркорава, калі рыхтавалі Дзмітрыя Калдуна на "Еўрабачанне". Я лічу, што той вопыт нам дапамог. Дзякуючы зладжанай працы вопытных людзей і добразычлівай атмасферы, у якой мы ўзаемадзейнічалі, нам удалося дасягнуць выніку. Конкурс патрабаваў выдаткаў — як маральных, фізічных, так і фінансавых. Таму я ўдзячная і ўсім сваім спонсарам, якія адгукнуліся, каб падтрымаць мяне.

— Чыя падтрымка вам найбольш дапамагала?

— У першую чаргу мяне вельмі падбардзёрвалі мае прыхільнікі. Яны штодзённа пісалі мне ва ўсіх сацыяльных сетках, расказвалі пра тое, як яны мяне любяць і жадаюць мне поспеху. І, безумоўна, мае родныя і блізкія людзі, якія падтрымліваюць мяне па жыцці.

— Інтэрнэт дапамагае павысіць "рэйтынг папулярнасці"?

— Калі ўзгадаць, напрыклад, 90-я, то па тэлевізары трансліравалі шмат музычных праграм. І я запісвала песні, якія гучалі ў іх, на відэамагнітафон. А зараз любую кампазіцыю лёгка знойдзеш у інтэрнэце. Альбо пры жаданні любую навіну можна распаўсюдзіць за лічаныя хвіліны. Я лічу, што ён і выступае своеасаблівым "рычагом" папулярнасці артыста. Мае інтэрнэт і адмоўны бок — недарэмна ж яго называюць "вялікай сметніцай". Калі чалавек хоча збегчы ад нейкіх сваіх рэальных праблем, спаганяць сваю злосць і няўдачы на іншых, усё пераносіцца ў віртуальную прастору.

— Ці змянілася з часам стаўленне да крытыкі, якую даводзіцца чуць у свой адрас?

— Калі толькі прыехала ў Мінск і пачала чытаць пра сябе нейкія чуткі, то было жаданне апраўдацца, даказаць, што напісанае — няпраўда. А потым я зразумела, што не бывае дрэннага піяру. Ён проста "чорны" ці "белы" і важна ў любой сітуацыі знаходзіць для сябе нейкія станоўчыя моманты. Я добра стаўлюся да канструктыўнай крытыкі, бо яна дапамагае мне ўбачыць недахопы. Аднак лепшы крытык для мяне — я сама. Таму я спецыяльна прашу, каб некаторыя мае выступленні запісвалі, а потым праглядаю іх і аналізую. Тады я бачу, што і дзе недапрацавана, альбо ў якім кірунку рухацца далей. Безумоўна, ёсць людзі, якім я не падабаюся. Усе мы розныя, і я за тое, каб спакойна рэагаваць на нядобразычлівасць людзей.

— Раскажыце пра новы альбом, які вы запісвалі ў Англіі...

— Над маім новым сольным альбомам праца пачалася яшчэ летась. Калі я выйграла нацыянальны адбор, то над альбомам працавалі паралельна. Запіс яго рабілі ў студыі Аbbеу Rоаd, у якой запісваліся такія легендарныя рок-гурты, як, напрыклад, Thе Bаеtlеs. Некаторыя кампазіцыі запісалі ў Швецыі. Зараз ужо ўсе матэрыялы гатовы. Засталося толькі выпусціць дыск і прэзентаваць яго.

— Якім па настроі атрымаўся дыск?

1373541022816_2— Альбом будзе пазітыўным, моладзевым і сучасным. Месцамі там прысутнічае выклік, і ён досыць адкрыты. У мяне ёсць адна песня, якая ў перакладзе з французскай мовы называецца "Каханне ўтраіх". Усе кампазіцыі прасякнуты атмасферай Лондана. Я жыла ў Соха — раёне музычнай індустрыі, дзе жывуць і працуюць творчыя людзі. Для іх з'яўляецца прыярытэтам свабода самавыяўлення. Акрамя гэтага, аўтары майго альбома — маладыя людзі, якія якраз і з'яўляюцца прыхільнікамі такога ладу жыцця. Усё гэта знайшло адлюстраванне ў маіх песнях, што, магчыма, будзе пэўнай нечаканасцю для слухачоў.

— Каб расці і развівацца ў творчасці, трэба эксперыментаваць. У вас існуюць нейкія рамкі ў гэтым плане?

— Сама прафесія прадугледжвае, што эксперыменты павінны быць. Ёсць артысты, якім удаецца ў адным вобразе ўсю жыццё заставацца папулярнымі. Многія прыкладна кожныя два гады змяняюць свой стыль. Вось Кіркораў з такіх. Ён знаходзіць новыя вобразы і здзіўляе. Я лічу, што змены патрэбны, але многае залежыць ад чалавека, яго стылю выканання і душэўнага складу. На пачатку сваёй кар'еры я шмат эксперыментавала са знешнасцю. Адзіным абмежаваннем была забарона фарбаваць валасы, бо мой натуральны колер сёння ўжо рэдка сустракаецца. Напярэдадні "Еўрабачання" я трапіла ў рукі стыліста Канстанціна Эмануіла. Калі ён сказаў, што будзем абразаць валасы, я не пярэчыла, таму што ўжо была гатова развітацца з касой. Чалавек — прафесіянал, і ён паказаў мяне для іншых з новага боку.

— Эстрада — гэта школа выжывання. Як яна паўплывала на вашы стасункі з навакольнымі?

— Мая школа жыцця пачалася яшчэ падчас працы ў Беларусбанку. Кожны дзень ты выдаеш людзям заработную плату. Яны стаяць у чарзе кожны са сваім характарам і сваімі праблемамі: у адных дзеці, іншыя спазняюцца некуды. І ты іх не хвалюеш. Таму, можна сказаць, да Мінска я была падрыхтавана. Ведала, што не ўсё проста, бо існуюць і інтрыгі, і зайздрасць. Я не маю часу на такога роду заняткі і мне нецікава абмяркоўваць нейкія чуткі ні пра сябе, ні пра іншых. Не буду зараз выдаваць сябе за чалавека, якога ўсе любяць. У сітуацыі з дыскваліфікацыяй на "Еўрафэсце" летась я зусім па-іншаму ўбачыла многіх з майго акружэння. Не па маёй віне ўсё тое адбылося, але ж знайшліся людзі, якія мяне асуджалі. А я іх лічыла блізкімі. Тая сітуацыя стала лакмусавай паперкай, якая паказала, хто ёсць хто. Зараз падтрымліваю з імі выключна працоўныя адносіны.

— Слухаючы вас, складваецца ўражанне, што вы моцны чалавек. А якім павінен быць мужчына побач з такой жанчынай?

— Тут два варыянты: чалавек павінен быць ці мацнейшым за мяне, ці слабейшым. Калі будзе слабейшым, я змагу падзяліцца з ім сваёй сілай і ў нас будзе гармонія. А моц павінна праяўляцца ў тым, што мужчына будзе ў нечым для мяне прыкладам. Ён павінен здзіўляць мяне кожны дзень. Яму давядзецца прыручаць "самотную ваўчыцу".

— Але ж у адносінах з часам праяўляецца не толькі станоўчае, але і адмоўнае...

— Недахопы ёсць у кожнага чалавека. Важна ўмець цярпець і дараваць. Безумоўна, ёсць межы, якія не трэба пераходзіць, аднак варта імкнуцца засяроджвацца на станоўчых рысах характару. Галоўнае — памятаць, што калі ты пакахаў чалавека, то трэба прымаць яго і з недахопамі.

Алена ДРАПКО.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Беларусы былі і будуць адным народам

Аляксандр Лукашэнка: Беларусы былі і будуць адным народам

Прэзідэнцкі прыём праходзіць у Нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа».

Грамадства

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

«Ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць у такую ўнікальную структуру, як спажыўкааперацыя»

Грамадства

Калі маці як дзіця, або Як пасябраваць з самымі роднымі людзьмі, якія на старасці гадоў сталі асаблівымі

Калі маці як дзіця, або Як пасябраваць з самымі роднымі людзьмі, якія на старасці гадоў сталі асаблівымі

Што рабіць, калі нечакана маці або бацька сталі вельмі настойліва заяўляць пра сябе?