Вы тут

Што вы чакаеце ад летняга адпачынку?


1374061543906_1
Ніна Міхнова, галоўны рэдактар дырэкцыі радыё тэлерадыёкампаніі "Магілёў":

— Сёлета летні адпачынак у мяне пачаўся датэрмінова: яшчэ ў маі я пабывала ў Крыме. Разам з двума сынамі, якім 13 і 9 гадоў, а таксама з маёй маці, я пайшла ў пешы крымскі паход. Было цяжка, але ўспаміны незабыўныя. Мне здаецца, што самае галоўнае ў адпачынку — не тое, дзе і як, а каб абавязкова была змена ўражанняў. Трэба з'ехаць са звыклага асяроддзя, каб засумаваць па дому і працы. Мне гэта ўдалося.

Так што гэтым летам я не адпачываю, а працую. І на выхадныя і святочныя дні, вольныя ад сямейных клопатаў, планую паездзіць па Беларусі.

1374061543559_2
Галіна Краўчанка, дырэктар бібліятэчнай сістэмы горада Магілёва:

— Я адпачываю на лецішчы ў Магілёўскім раёне і атрымліваю ад гэтага асалоду. За мінулы год у маім жыцці было так шмат людзей, сустрэч, падзей і ўражанняў, што я вырашыла правесці свой водпуск ціха, на прыродзе. Тут у нас птушкі спяваюць, лісце дрэў калышацца. Навокал прыгожыя кветкі. І, вядома, градкі, невялікія. Ведаеце, я корпаюся ў зямлі і атрымліваю ад гэтага задавальненне. Я, калі шчыра, магла б фінансава дазволіць сабе і замежную вандроўку. Я так і рабіла ў мінулыя гады, і гэта вельмі добра.
Але цяпер я адпачываю на беларускай прыродзе, і гэта не горш. Усім, хто збіраецца ў летні адпачынак ці яшчэ плануе яго, я параю слухаць сябе. Калі хочацца новых уражанняў — не эканомце грошы і едзьце. А калі хочацца проста спакою на лецішчы — дазвольце сабе гэта і будзьце шчаслівыя.

1374061543753_3
Юрый Каласоўскі, настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 горада Магілёва:

— Сёлета я хачу наведаць Лельчыцы і Брагін, і ў такім разе здзейсніцца мая даўняя мара аб тым, каб пабываць ва ўсіх райцэнтрах Беларусі, а іх у нас увогуле 118.
За дзясятак гадоў вандровак па Беларусі мне ўдалося пабачыць велізарную колькасць помнікаў прыроды, гісторыі і архітэктуры.

На маю думку, адпачынак павінен быць актыўным, з яркімі ўражаннямі і незабыўнымі ўспамінамі. Таму для мяне найлепшы адпачынак — гэта падарожжа. Пры гэтым зусім не трэба ехаць далёка, за мяжу, паколькі ў нашай Беларусі ёсць багата славутасцяў, цікавых месцаў. Я раю турыстам наведаць на Віцебшчыне старажытны горад Оршу, радзіму Уладзіміра Караткевіча. На Міншчыне — мястэчка Ракаў з унікальным музеем братоў Янушкевічаў, на Гродзеншчыне — радзіму Адама Міцкевіча ў Завоссі. На Берасцейшчыне наведайце Пінск, сапраўдную жамчужыну Палесся, на Гомельшчыне — мястэчка старавераў — Ветку з надзвычай цікавым музеем, а ў Магілёўскай вобласці — старажытны Успенскі манастыр у Пустынках каля Мсціслава. Добрых вам летніх падарожжаў!

Запісала Ілона Іванова.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.