Вы тут

Добры цырульнік — які ён?


Каму не знаёмае гэтае горкае расчараванне пасля наведвання цырульні: "Я ж прасіла толькі падраўняць, дык адкуль выгаленая патыліца і рваны вожык на макушцы?.." Так, знайсці ўзаемапаразуменне з цырульнікам — цяжкая, але надзвычай важная задача. Бо пад уладай чараўніка з нажніцамі аказваецца не проста капа вашых валасоў. На карту пастаўлена ўсё: прыгажосць, настрой, самаацэнка. І ўсё гэта правальваецца ў пекла, калі вас абірычылі-абрэзалі. Францужанкі нават жартуюць, што знайсці добрага цырульніка часам больш складана, чым паспяхова выйсці замуж. Бо "выбраннік" павінен быць адначасова мастаком, псіхолагам і, безумоўна, сапраўдным профі. Як пазбегнуць памылак і расчаравання?

[image]

Першым прапануем такі варыянт пошуку "свайго" цырульніка. Запішыцеся на ўкладку да таго майстра, які імпануе вам знешне. У салон прыйдзіце не ў прызначаны час, а хвілін на 15—20 раней. Так вы, хутчэй за ўсё, зможаце паназіраць за спецыялістам падчас працы. Калі не спадабаецца — смела сыходзьце і шукайце далей. Калі ж стрыжка папярэдняга кліента прыйшлася вам даспадобы, а працэс яе стварэння выклікаў захапленне — сядайце ў крэсла. Магчыма, гэта і ёсць "ваш" майстар. Вядома, такі спосаб пошуку можа заняць шмат часу, але перавага яго ў тым, што вам не сапсуюць валасы і выбар ваш будзе ўсвядомленым.

Можна скарыстацца і парадай сяброўкі. Калі, вядома ж, яна сапраўды добра падстрыжана і дагледжана. Але ўсё ж моцна абнадзейвацца не варта. Цалкам магчыма, што ў вас з ёй розныя густы і ў плане прычосак, і ў плане абслугоўвання.

Таксама вызначыцеся: вам патрэбен майстар, які робіць сваю справу хутка і ў адпаведнасці з вашымі задумкамі, або той, які працуе грунтоўна, але пры гэтым праяўляе фантазію. У першым выпадку вы будзеце застрахаваны ад непрыемных нечаканасцяў, у другім — станеце ўладальніцай унікальных прычосак, якіх няма ні ў адной з вашых аднакурсніц ці калег.

Знайсці добрага цырульніка дапамогуць і наступныя нашы парады.

Майстар сваёй справы ніколі не стане набіваць сабе цану, прыніжаючы пры гэтым калегу, які працаваў над вамі да яго. Калі майстар пытаецца: "Хто вас так жудасна падстрыг?", "Вы наогул бачылі, што ў вас на галаве?" або выказвае заўвагі ў стылі: "Такому "спецыялісту" трэба рукі паадбіваць!", пытанне аб тым, як выбраць цырульніка, павінна зноў для вас стаць актуальным.

Добры цырульнік спачатку ўважліва выслухае вашы пажаданні, а ўжо потым пачне даваць парады па выбары стрыжкі або афарбоўвання. (Дарэчы, ствараючы прычоску, майстар не павінен ва ўсім слухацца кліентку, калі тая не мае рацыі. Напрыклад, калі жанчына просіць пастрыгчы яе коратка, а ён ведае, што ў такім выпадку валасы будуць ляжаць дрэнна і прычоска атрымаецца непрыгожай, ён павінен патлумачыць гэта кліентцы. Словы "Вы самі так папрасілі..." для сапраўднага майстра недапушчальныя.)

Прафесіянал абавязкова пацікавіцца, як часта вы мыеце валасы, ці шмат часу ідзе на ўкладку, якімі сродкамі для догляду валасоў вы карыстаецеся. Так спецыяліст зможа ўлічыць вашы звычкі пры выкананні працы. Ён паклапоціцца не толькі пра тое, як вы будзеце выглядаць, выйшаўшы з салона, а падумае і над тым, як стрыжка будзе глядзецца штодня, ці зможаце вы самастойна яе ўкладваць.

Улічвайце і тое, што сучасныя тэхнікі стрыжак выконваюцца толькі на вымытыя валасы. Калі майстар не прапанаваў вам зрабіць гэта — не чакайце добрага выніку.

Працэс выканання прычоскі павінен прыносіць вам задавальненне. Сапраўдны спецыяліст валодае інструментам свабодна, за яго працай прыемна назіраць збоку.

Звяртайце ўвагу на дробныя, але таксама вельмі важныя моманты:

Цырульнікі — народ творчы, таму некаторыя асобы выглядаюць вельмі незвычайна. Нягледзячы на гэта, знешні выгляд майстра павінен быць ахайным.

Інструменты добрага спецыяліста чыстыя і стэрылізаваныя, а на расчосцы няма валасоў папярэдніх кліентаў.

Цырульнік павінен выкарыстоўваць аднаразовыя каўнерыкі, а не прышпільваць пеньюар да голай шыі наведвальніка.

Прафесіянал не стане прасіць кліента прычасаць сябе самастойна або высушыць галаву, а таксама падаць фольгу або бігудзі.

І яшчэ. Сертыфікаты і ўзнагароды, атрыманыя на курсах павышэння кваліфікацыі і на конкурсах, сведчаць пра майстэрства цырульніка. Але памятайце: паслугі такога майстра абыдуцца значна даражэй.

Што ж павінны зрабіць вы для таго, каб аблегчыць працу майстра і атрымаць пры гэтым добрую прычоску?

Напярэдадні наведвання цырульні вымыйце валасы і ўстрымайцеся ад стараннай укладкі. Так майстар зможа ўбачыць недахопы росту валасоў (напрыклад, віхуры, непрыкметныя ва ўкладцы) і ўлічыць іх у працэсе працы. Вядома, падчас афарбоўвання ваша цела і вопратку ад фарбы будзе абараняць пеньюар, але ўсё ж не апранайце ў салон тое, што баіцеся сапсаваць. Калі робіце прычоску ўпершыню, загадзя паспрабуйце знайсці ў інтэрнэце фота з жаданай стрыжкай, укладкай ці афарбоўкай.

Падрыхтавала Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.