Вы тут

КАЭФІЦЫЕНТ ШЧАСЦЯ


Суботнюю раніцу разрывае гудок клаксона. За ім яшчэ адзін і яшчэ, пакуль бібіканне не зліваецца ў адно радаснае аўтамабільнае «Ура!». Прачынаемся канчаткова, але крыўдаваць не выпадае. Гэта ж не сусед з дрылём, а чарговы вясельны картэж выпраўляецца з двара. Мы жывём у «маладым» раёне: новабудоўлі, сем'і з дзеткамі, маладыя парачкі... Можа, каго гэты несуцішны тлум і раздражняе — мяне дык радуе. Нявесты прыгожыя, жаніхі сур'ёзныя, бацькі ўзрушаныя, фатограф ловіць імгненне — няхай бы на ўсё жыццё засталіся гэтыя муж і жонка такімі ж шчаслівымі, як на вясельных здымках!

«Беларусы сталі часцей жаніцца і радзей разводзіцца», — падмацоўвае ўражанні афіцыйная статыстыка. А што, глядзіце: са студзеня па ліпень гэтага года адбылося 44898 шлюбаў і 20370 разводаў — амаль удвая менш, у 2012 годзе (36942 і 24634 адпаведна). «Кафіцыент шлюбнасці» — як мяне вяселіць гэтае канцылярскае слоўца! — няўхільна павышаецца і, здаецца, за дэмаграфічную бяспеку краіны можна не перажываць. Але сацыёлагі б'юць трывогу: мо агульная колькасць разводаў і зменшылася, але затое яны памаладзелі. А значыць, не становіцца менш маці-адзіночак ва ўзросце да 30 і дзяцей, якія ведаюць у лепшым выпадку «нядзельнага» тату, а ў горшым — усё дзяцінства служаць пераходным прызам у халоднай вайне паміж бацькамі...
Старэйшае пакаленне буркоча: раней, маўляў, жаніліся раз і назаўжды, і мелі моцныя сем'і, расцілі па 3, па 5 і больш дзяцей, а гэта маладыя разбэсціліся — як што не па-іхняму, дык адразу лапкі дагары, дзвярыма ляпаюць і разбягаюцца. Доля праўды ў гэтым ёсць, і вялікая. Спажывецкае стаўленне да сваёй другой палавінкі, звычка браць больш, чым аддаваць, бясконцае высвятленне: хто, каму і колькі павінен — усё гэта сямейнае гняздо не проста разбурае, а бязлітасна і балюча раскідвае ў розныя бакі. Але ёсць і іншая праўда, пра якую старэйшае пакаленне звыкла маўчыць. Напрыклад, што, пабраўшыся шлюбам «раз і назаўжды», нярэдка муж і жонка не разыходзяцца з розных прычын: трэба дзяцей вырасціць, кватэру збудаваць, бізнес утрымаць, а то проста ўдваіх лягчэй круціцца, чым аднаму — словам, з-за чаго заўгодна, толькі не з-за таго, што яны насамрэч сям'я. Жанчыны дзесяцігоддзямі церпяць п'янства і агрэсію мужоў — «лепш такі, чым ніякага» — мужчыны дазваляюць абрыдлай, даўно ўжо не любай жонцы «запілаваць» сябе да перадынфарктнага стану... І пры гэтым выхоўваюць дзяцей, спрабуюць укласці ў галовы нашчадкам штосьці разумнае, добрае, вечнае. Дажываюць суседзямі па камуналцы да сярэбранага ці залатога вяселля, на працы характарызуюцца станоўча: сем'янін — гэта гучыць горда. Кагнітыўны дысананс, ці не так?
Я не ведаю, у якіх адзінках вымяраецца, дый ці вымяраецца ўвогуле, каэфіцыент сямейнага шчасця. У дзіцячых усмешках? У колькасці падораных знянацку кветак ці адпрасаваных кашуль — не з абавязку адпрасаваных, а з любові? У часе, праведзеным усімі разам — па гаспадарчых справах, у працы ці адпачынку? У кожнага свае каштоўнасці, асабістыя і сямейныя. У адным упэўнена: кожнае імгненне трэба цаніць і пражываць на ўсю моц, і кожная сям'я можа быць шчаслівай. Калі мы перастанем змагацца адзін з адным за гэтае светлае пачуццё і проста дазволім сабе быць шчаслівымі. Гэта так проста. Гэта так складана. Будзьце шчаслівымі, калі ласка!

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.