Вы тут

ПРЭСА З ВОДАРАМ КАВЫ


Напярэдадні свята Новага года «Белсаюздрук» зрабіў мінчанам свой чарговы падарунак: на сталічным праспекце Любімава адкрыўся новы гандлёвы павільён. Тут можна не толькі набыць свежую газету, але і пачаставацца смачнай выпечкай за кубкам кавы.

Кіёск такога тыпу ўжо пяты па ліку ў Мінску. Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алег Праляскоўскі, які прысутнічаў на ўрачыстым адкрыцці павільёна, прызнаўся, што ідэю запазычылі на Захадзе, але адаптавалі для Беларусі.

— У такім павільёне можна набыць не толькі друкаваную прадукцыю, але і цацку для дзіцяці, канцылярскія тавары, выпіць кубак кавы, — расказаў Алег Праляскоўскі.

Па словах міністра, адкрыццё кіёскаў «Белсаюздрук» з пашыраным асартыментам продажу тавараў і паслуг — гэта як клопат пра будучыню прадпрыемства, так і спроба даць пакупніку магчымасць набыць неабходныя спадарожныя тавары, не выязджаючы ў спецыялізаваную краму. Алег Праляскоўскі нагадаў, што адным з галоўных напрамкаў дзейнасці РУП «Белсаюздрук» у надыходзячым годзе будзе яго шчыльнае супрацоўніцтва з ААТ «Белкніга».

— На інтэрнэт-сайце «Белкнігі» сёння можна заказаць любы друкаваны тавар, і яго прывязуць у бліжэйшую да пакупніка кніжную краму. Хочацца, каб магчымасць дастаўкі кніг была таксама і ў павільёны «Белсаюздрука», — лічыць міністр інфармацыі краіны. — Заказаў кнігу, яе прывезлі ў кіёск побач з домам, адтуль ты яе і забраў.

Алег Праляскоўскі таксама закрануў тэму зніжэн- ня цікавасці да друкаваных выданняў, што з'яўляецца вынікам павелічэння ролі інтэрнэту ў жыцці грамадства. Міністр падкрэсліў, што, нягледзячы на штодзённы тыраж рэспубліканскіх газет у мільён экзэмпляраў, 60% чытачоў аддаюць перавагу прагляду навін у інтэрнэце. Таму ў павільёнах «Белсаюздрука» ў хуткім часе з'явіцца Wi-Fi, пачнецца продаж прадукцыі на электронных насьбітах:

— Зробім Wi-Fi — моладзь не пакіне без увагі гэты факт. Заадно і кнігі паглядзіць, газеты,  часопісы.

Намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч адзначыла, што ў мінулым годзе, які быў абвешчаны Прэзідэнтам краіны Годам кнігі, была значна пашырана чытацкая аўдыторыя кніжнага слова. А гандлёвыя павільёны «з пахам кавы» даюць магчымасць правільна прапанаваць пакупніку кнігу: яго вочы не будуць разбягацца перад кніжнай разнастайнасцю, якая сёння ёсць у вялікіх кніжных крамах. На паліцах новага кіёска на праспекце Любімава — навінкі беларускага кнігавыдання: каляровы альбом фотаздымкаў «Беларусь», «Жывая вера. Ветка», альбом малюнкаў Дзмітрыя Струкава:

— У кожнага тавару ёсць свой пакупнік. Калі сёння кніга «Галоўныя вуліцы Мінска» прыйшла сюды, на праспект Любімава, дзе жыве шмат прадстаўнікоў інтэлігенцыі, значыць, доўга ляжаць яна тут не будзе. Кніжнай групе ў такіх гандлёвых аб'ектах гарантаваны поспех, — упэўнена Лілія Ананіч.

Налета «Белсаюздрук» плануе падараваць мінчанам яшчэ пяць новых павільёнаў. Так, на вуліцах Касманаўтаў, Бурдзейнага, Адзінцова з'явяцца кіёскі, дзе можна будзе не толькі набыць газету і выпіць кубак кавы, але і набыць квіткі на розныя сталічныя мерапрыемствы, аформіць падпіску на любое друкаванае выданне, бясплатна падключыцца да інтэрнэту.

Любоў БЯЛЯЕВА. Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.