Вы тут

ПА СТАРОНКАХ НАВАГОДНЯГА «ТЭЛЕМЕНЮ»


Беларускія тэлеканалы, застаўшыся вернымі сабе, у святочную ноч будуць «частаваць» гледачоў разнастайнай музыкай і фільмамі, пераважна ў жанры камедыі. Хто якія ласункі прыгатаваў? Прапануем вашай увазе «фірменныя стравы» кожнага з каналаў.

Кінаманам на закуску

На тэлеканале «Беларусь 1» вырашылі не рыхтаваць адмысловых музычна-забаўляльных праектаў, а скарыстаць «залаты запас» тэматычнага кіно. З 25 снежня тут пачаліся кінаканікулы — паказ найбольш рэйтынгавых калядных і навагодніх фільмаў, прычым у самы зручны для гледачоў час. А 1 студзеня адразу пасля бою курантаў у рэжыме нон-стоп пакажуць тры кінастужкі: «З Новым годам, мамы!», «Іронія лёсу. Працяг» і «Карнавальная ноч-2», якія ўвайшлі ў топ-3 глядацкага галасавання ў акцыі «Народны хіт».

Таксама кожны дзень усімі любімы серыял «Сваты» набліжае нас да Новага года. Дзве заключныя серыі святочнай тэматыкі выйдуць у эфір вечарам 31 снежня. Не абыдзецца ў апошні дзень 2013 года і без паказу «фаварыта» некалькіх пакаленняў фільма «Іронія лёсу, ці З лёгкай парай!». Яго пакажуць перад выпускам інфармацыйнага канала «Панарама».

Гарачае пад караоке 

Тэлеканал «Беларусь 2», акрамя традыцыйнага і вельмі насычанага кінапаказу, 31 снежня чакае каля экранаў аматараў караоке. У праграму «Імперыя песні» завітаюць «зоркі» беларускай эстрады, каб выканаць свае самыя вядомыя і любімыя кампазіцыі.

— Ведаеце, сёння вельмі складана здзівіць некага ў навагоднюю ноч. Таму мы не імкнуліся да нечага неверагоднага, а вырашылі запрасіць у госці нашых артыстаў, якіх любяць нашы тэлегледачы. Мы адабралі тыя песні, якія на слыху ў аўдыторыі, бо яны часта гучалі на розных сцэнічных пляцоўках — падзяліўся вядучы народнага караоке-шоу Дзмітрый Карась. — Мы вырашылі не адыходзіць ад фармату нашай праграмы, таму ў гледачоў будзе магчымасць спяваць разам з любімымі артыстамі, седзячы за навагоднім сталом.

Сярод «зорнага» складу ў гэты раз можна будзе ўбачыць Аляксандра Ільевіча (пераможца праекта «Імперыя песні-1»), гурты «Паладзіум», «Песняры», «Не БоЯнзіуіе». Парадуюць сваімі хітамі Дарыя, Іна Афанасьева, Анастасія Ціхановіч, Алена Ланская, Арцём Міхаленка і многія іншыя. Для зручнасці тэлегледачоў тэксты песень, як заведзена ў караоке, будуць ісці «бягучым радком».

Навагоднімі жартамі будуць уздымаць настрой нязменны вядучы «Імперыі песні» Дзмітрый Карась разам з Дзедам Марозам і Снягуркай (у абодвух амплуа выступіць Віталь Карпанаў). Навагоднюю ноч яны правядуць за рэжысёрскім пультам.

Бабуліны прысмакі ды прыпеўкі

У свой першы Новы год тэлеканал «Беларусь 3» прэзентуе ўнікальны праект — «100 песень для Беларусі. Наперад у мінулае». Канцэрт — вынік супрацоўніцтва аўтараў праграмы «Наперад у мінулае» і Моладзевага тэатра эстрады. Гледачоў парадуюць выкананнем народных песень у сучаснай апрацоўцы калектывы з усіх куткоў нашай краіны. Юбілейны канцэрт стане сотым выпускам арыгінальнага праекта Белтэлерадыёкампаніі «Наперад у мінулае». На працягу двух гадоў здымачная група шукала народныя песні па ўсёй Беларусі, а потым вялася праца над іх новым гучаннем. Колькасць сабраных песень за час існавання праграмы дасягнула запаветнай сотні. У канцэрт, зразумела, увайшло значна менш: прагучаць толькі найлепшыя музычныя кампазіцыі. А канцэпцыю яго — «калядаванне» — вызначылі беларускія абрады, звязаныя са святкаваннем Раства і Новага года.

— Многія людзі навагоднія канцэрты ўспрымаюць як гукавы фон для гаспадынь. Але ў нас зусім іншы фармат, мы падышлі да падачы праграмы з новага ракурсу, зрабілі акцэнт на народнай музыцы ў сучаснай апрацоўцы, — расказвае вядучая канцэрта Аксана Вечар. — У артыстаў настрой быў працоўны, бо на святы ўсе яны запатрабаваны. Асаблівае захапленне выклікалі тры фальклорныя калектывы, якія мы запрасілі паўдзельнічаць у праграме. Для іх тэлевізійныя здымкі — справа не са звыклых, але яны былі на ўзроўні.

... Да песенных калектываў з глыбінкі завітаюць «госці»: Гюнеш, Аляксей Хлястоў, Вольга Плотнікава, Іна Афанасьева, Саша Нэма і многія іншыя. Акрамя таго прагучаць дуэтныя кампазіцыі ў выкананні фальклорных калектываў і прафесійных спевакоў.

Хакей з шампанскім

Стары добры «Блакітны агеньчык» на новы лад падрыхтаваў для гледачоў тэлеканал АНТ. Папулярныя артысты — Георгій Калдун, Аляксей Хлястоў, Іна Афанасьева, Ганна Шаркунова, Ірына Дарафеева, Алена Ланская, гурты «Топлес», Дзядзька Ваня, «Лепрыконсы», а таксама ўдзельнікі праектаў «Акадэмія талентаў» і «Я спяваю» — аб'ядналіся ў дуэты, каб выканаць добра знаёмыя хіты, як беларускія, так і сусветныя, у сучаснай апрацоўцы. Знакамітая песня «Касіў Ясь канюшыну», напрыклад, прагучыць не толькі ў сучаснай аранжыроўцы, але і на англійскай мове.

А каб жыццё артыстам мёдам не падавалася, а гледачы дакладна не пераблыталі праграму з канцэртам на каналах-канкурэнтах, выканаўцы... нацягнулі канькі і выйшлі на лёд, каб згуляць у хакей. Прайшлі, так бы мовіць, баявое хрышчэнне напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі-2014. А кампанію беларускім артыстам склалі спецыяльныя госці, імёны якіх на канале традыцыйна трымаюць у сакрэце. «Зразумела, сур'ёзных спартыўных баталій не адбывалася, — заўважаюць прадзюсары АНТ. — У нас перамогуць сяброўства і добры настрой».

Смяшынка на дэсерт

Зоркай перадсвяточнага эфіру тэлеканала СТБ стане вядучы Антон Мартыненка, які запрашае сустрэцца «На тым жа месцы, у той жа час» — а 22 гадзіне 31 снежня. Гасцямі спецвыпуску гэтага праекта выступяць... правільна, беларускія артысты Іна Афанасьева, Ганна Шаркунова, гурт «Тяни-Толкай», а таксама гурт «Самацветы» і адзін з расійскіх «фабрыкантаў» Прохар Шаляпін. Абяцаюць шмат спяваць і жартаваць.

Але, безумоўна, значна лепш з гэтай задачай справяцца гульцы КВЗ — аматараў добрага і разнастайнага гумару ў першыя хвіліны Новага года парадуюць удзельнікі Першай лігі КВЗ — каманды «Днепр», «Зборная СНД па вольнай барацьбе», «Зборная БДУ» і «Зборная Камызякскага краю па КВЗ».

Працягне навагоднюю ноч на СТБ традыцыйная тэледыскатэка «Хіты 80-х—90-х». А тыя, у каго яшчэ застануцца сілы і жаданне спяваць нават 1 студзеня, змогуць падпяваць 10 рознакаліберным аматарскім хорам з усёй краіны — удзельнікам навагодняга выпуску «Харашоу».

Алена ДРАПКО, Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.