«Пытанні аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі найбольш актуальныя для кіраўніцтва галіновага прафсаюза», — падкрэсліў у сваім выступленні на калегіі галоўнага адукацыйнага ведамства старшыня ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр БОЙКА.
1
На працягу года наймальнікі сумесна з прафсаюзнымі камітэтамі прымалі меры па працаўладкаванні работнікаў, скарочаных у выніку аптымізацыі: прапаноўвалі ім новыя працоўныя месцы, пераразмяркоўвалі нагрузку, накіроўвалі на курсы перападрыхтоўкі. І ўсё ж, нягледзячы на ўсе намаганні, за 2013 год па скарачэнні штатаў было звольнена 640 работнікаў, у тым ліку 249 педагагічных работнікаў. На 1 студзеня 2014 года ў цэнтрах занятасці насельніцтва знаходзяцца на ўліку як беспрацоўныя 217 былых работнікаў арганізацый адукацыі, у тым ліку 159 педагагічных работнікаў.
Па звестках Міністэрства адукацыі, у выніку праведзенай аптымізацыі колькасць работнікаў устаноў адукацыі ўсіх узроўняў скарацілася на 12 тысяч чалавек. А гэта, між іншым, цэлы раённы цэнтр! У 2013 годзе былі закрыты 109 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і 143 установы рэарганізаваны. Былі ліквідаваны ўсе вячэрнія школы, а замест іх на базе 57 агульнаадукацыйных устаноў адкрыты вячэрнія класы.Таксама былі закрыты 20 міжшкольных вучэбна-вытворчых камбінатаў працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі. І тры міжшкольныя вучэбна-вытворчыя камбінаты былі далучаны ў якасці філіялаў да ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
Пасля правядзення мерапрыемстваў па павелічэнні напаўняльнасці класаў колькасць І—XІ класаў скарацілася ў параўнанні з папярэднім навучальным годам на 2 357. У гарадскіх установах адукацыі колькасць класаў зменшылася на 1992, а ва ўстановах адукацыі, размешчаных у сельскіх населеных пунктах, — на 365 класаў.
Колькасць устаноў, у якіх функцыянуюць Х—ХІ-я класы з напаўняльнасцю ад 1 да 5 чалавек, зменшылася на 137. Аднак у гэтым навучальным годзе зноў было адкрыта 87 дзясятых класаў з колькасцю вучняў менш як 5 чалавек. У 108 установах адукацыі напаўняльнасць дзясятых класаў складае менш як 5 навучэнцаў.
Відавочна, што і сёлета аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі будзе актуальнай тэмай для галіны: на жаль, колькасць навучэнцаў у многіх сельскіх навучальных установах па-ранейшаму скарачаецца...
Пры гэтым пытанне аптымізацыі актуальнае не толькі для ўстаноў дашкольнай ці агульнай сярэдняй адукацыі. Летась упершыню ў краіне былі распрацаваны тыпавыя штаты нарматываў колькасці работнікаў устаноў вышэйшай адукацыі. У выніку чаго некаторыя ВНУ таксама правялі скарачэнне работнікаў. Аднак па выніках аптымізацыі колькасці работнікаў дзяржаўныя ўстановы вышэйшай адукацыі атрымалі бюджэтнае фінансаванне на ўстанаўленне дадатковых мер матэрыяльнага стымулявання ў рамках кантрактнай формы найму.
Як зазначыў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч,
самымі фінансаваёмістымі ўзроўнямі адукацыі застаюцца дашкольная і агульная сярэдняя адукацыі, на якія прыпадае 66,7% ад агульных аб'ёмаў фінансавання адукацыі.
— Хацеў бы звярнуць увагу, што істотна выраслі за год выдаткі ў сістэме прафесійнай адукацыі. Відавочна, што ўстановы прафесійнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі — зона асаблівай неэфектыўнасці, — падкрэсліў міністр.— Упраўленні прафесійнай адукацыі і Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі не надаюць належнай увагі пытанням эканамічнай эфектыўнасці сістэмы прафесійнай адукацыі. У выніку мы масава рыхтуем рабочага па праграме сярэдняй спецыяльнай адукацыі, разлічанай на чатыры гады.
Па выніках калегіі пагадненне паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускім прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі на 2013—2016 гады было дапоўнена новымі палажэннямі. Сярод іх — палажэнні, закліканыя рэгуляваць работу педагогаў у шосты школьны дзень, пытанні прадастаўлення метадычнага дня, пашырэння пераліку тыпаў устаноў адукацыі і пасад педагагічных работнікаў, якія маюць права на штомесячныя кампенсацыі выдаткаў на метадычную літаратуру, устанаўленне дадатковых мер сацыяльнай абароны асобам, з якімі не плануецца працягваць працоўныя адносіны пры аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі, і іншыя.
Даведка «Звязды»:
У гэтым навучальным годзе было адкрыта 87 дзясятых класаў з колькасцю вучняў менш як 5 чалавек. Да таго ж у краіне функцыянуюць 312 класаў з 1 навучэнцам.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?