10 мільёнаў... на заднім двары
У Каліфорніі сямейная пара знайшла скарб пад дрэвам на заднім двары ўласнага дома. Жбан са старадаўнімі залатымі манетамі ацанілі ў дзесяць мільёнаў долараў.
Шчаслівы выпадак адбыўся на поўначы амерыканскага штата на тэрыторыі аднаго з даволі старых сельскагаспадарчых угоддзяў. Паводле слоў шчасліўчыкаў, гуляючы з сабакам па сцежцы, па якой яны хадзілі на працягу многіх гадоў, яны раптам убачылі стары гаршчок. Нахіліўшыся, каб праверыць знаходку, амерыканцы пад мохам знайшлі цэлы скарб. У тайніку было пяць бляшанак, у якіх знаходзілася 1427 манет, як пазней высветлілася, датаваных 1847—1894 гадамі. Усе яны былі ў выдатным стане. Некаторыя з манет ацэньваюцца ў 27 тысяч долараў, а ёсць і такія, чый кошт пераўзыходзіць адзін мільён. Агульны кошт знаходкі ацэньваецца ў дзесяць мільёнаў долараў. Нумізматы ўжо назвалі знаходку ўнікальнай.
Шчаслівая пара папрасіла не называць імёны і не распавядаць, дзе менавіта знаходзіцца тое самае месца, каб не выклікаць рэцыдыў «залатой ліхаманкі» і не прыцягнуць туды натоўпы людзей, узброеных металашукальнікамі. Амерыканцы таксама падзяліліся планамі, што вялікую частку манет збіраюцца прадаць праз інтэрнэт-краму. Паводле слоў шчасліўчыкаў, атрыманыя грошы яны хацелі б выдаткаваць у тым ліку на дабрачыннасць.
Лепшы падарунак на вяселле? Тостар!
Маладыя з Вялікабрытаніі атрымалі ў якасці падарункаў з нагоды свайго шлюбу... 27 тостараў розных фірмаў.
Паводле слоў маладой сям'і, такія прэзенты ім уручылі, паколькі ў іх не было спецыяльна падрыхтаванага спіса пажаданых падарункаў, які звычайна распаўсюджваецца сярод гасцей незадоўга да вяселля. Як распавяла цяпер ужо былая нявеста Вікторыя Сеймур, падчас урачыстасцяў (маладыя ажаніліся ў Мексіцы, а свята з гэтай нагоды ладзілі дома, у Англіі) яна і яе новаспечаны муж Майк заўважылі, што падарункавыя скрынкі, прынесеныя гасцямі, усе прыкладна адной формы і памеру. Яны не надалі гэтаму асаблівага значэння, але, калі пачалі распакоўваць падарункі, зразумелі, што большая іх частка — гэта тостары. Пазней высветлілася: падарыць тостары гасцей падгаварыў сябар жаніха Роб Кэнак. Як ідэя з тостарамі прыйшла яму ў галаву і як яму за гэта «аддзячаць» маладыя, не ўдакладняецца.
Не Фэйсбук і не Рэмба!
У мексіканскім штаце Сарона на поўначы краіны законам забаранілі даваць дзецям некаторыя імёны.
У дакуменце сказана, што імя не павінна насіць дыскрымінуючы, грэблівы, ганебны характар або ўводзіць у зман. Імя не можа змяшчаць знакі прыпынку або складацца з абрэвіятуры. Вырашаць, адпавядае імя новым правілам ці не, будуць супрацоўнікі аддзела рэгістрацыі. Крысціна Рамірэс, кіраўніца службы запісу актаў грамадзянскага стану, распавяла журналістам, што на практыцы ёй даводзілася сутыкацца з бацькамі, якія спрабавалі даць сваім дзецям імёны Рэмба, Шаен або Абразанне. Забаронена таксама называць дзяцей замежнымі імёнамі ў спалучэнні з іспанамоўнымі прозвішчамі ці даваць больш за два імені, напрыклад, Майкл Джэксан Рамірэс. Пад забаронай апынуліся і наступныя імёны: Бургег Кінг, Тэрмінатар, Гітлер, Рабакоп, Лэдзі Дзі, Джэймс Бонд, Рокі, Ролінг Стоўнз, Твітар, Фэйсбук, Пакахонтас і іншыя падобныя.
105 бутэлек віна
выпівае ў сярэднім за год кожны жыхар гэтай дзяржавы. Гаворка ідзе пра Ватыкан. У цэнтры сусветнага каталіцызму самы высокі ўзровень ўжывання алкаголю на душу насельніцтва. Адпаведнае даследаванне правялі спецыялісты Каліфарнійскага інстытута він.
Статыстыка сведчыць, што жыхары Ватыкана выпіваюць у сярэднім каля 74 літраў віна штогод на чалавека. Гэта значыць, на кожнага жыхара карлікавай дзяржавы ў сярэднім прыходзіцца па 105 бутэлек віна, што прыкладна ў два разы больш паказчыкаў па Францыі ці Італіі і ў тры разы больш, чым у Вялікабрытаніі. Жыхары Ватыкана часта вымушаны ўжываць віно падчас рэлігійных цырымоній і рытуалаў. Пры гэтым сам ватыканскі побыт спрыяе да распіцця алкаголю: у гэтай краіне прынята прымаць ежу ў вялікай кампаніі, што абавязкова суправаджаецца сумесным падняццем келіха-другога. Акрамя таго, на думку навукоўцаў, такі ажыятаж можа быць звязаны з тым, што ў супермаркетах Ватыкана ўстаноўлены больш нізкі падатак на віно, чым у той жа Італіі.
«Запарожац» для кароў
Кур'ёзная гісторыя адбылася ў Малайзіі — паліцэйскія выявілі кінуты аўтамабіль, усярэдзіне якога знаходзіліся... жывыя каровы!
Пазней высветлілася, што чатыры каровы былі скрадзены з фермы ў Пенангу. Злодзеі далі жывёлам снатворнае і пагрузілі іх у аўтамабіль, выняўшы сядзенне. Аднак далёка з'ехаць не атрымалася — каровы аказаліся занадта цяжкімі, і зламыснікі, кінуўшы аўтамабіль з жывёламі, уцяклі. Затрымаць злачынцаў пакуль не ўдалося, затое каровы шчасліва вярнуліся на ферму.
Падрыхтаваў Іван Купарвас
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?