Некалі ён марыў быць... машыністам лакаматыва. З узростам спіс захапленняў папоўніўся спортам і музыкай. Таму, калі мара пра чыгунку не спраўдзілася, пайшоў на журфак. А пасля заканчэння вырашыў усё ж прысвяціць сябе спартыўнай тэматыцы. І сёння ўваходзіць у лік лепшых спартыўных каментатараў краіны. Куды расці, калі ты на вяршыні прафесіі? Як трапіць туды самастойна і не згубіць уласных прынцыпаў?! Адказы на гэтыя пытанні вядучы праграмы «Фактар сілы» і каментатар Белтэлерадыёкампаніі Павел БАРАНАЎ ілюструе ўласнай біяграфіяй.
— Раскажыце, як трапілі ў «абойму» каментатараў?
— Пачынаў, па вялікім рахунку, з захаплення музыкай. Але, хоць музыка мяне і вельмі прываблівала, яшчэ ў старэйшых класах школы я стаў балельшчыкам. Спачатку «хварэў» за хакейнае «Дынама», потым за футбольнае. А потым вырашыў: нядрэнна будзе сумясціць карыснае з прыемным. І падаўся ў спартыўную журналістыку. Зноў жа не меў ніякага ўяўлення пра тое, як і дзе складзецца ў мяне нешта. Практыку я праходзіў тут, на тэлебачанні, і ў выніку сюды мяне і размеркавалі. Шчыльна заняўся спартыўнай журналістыкай. Аднак стаўкі на тое, каб стаць спартыўным каментатарам, я не рабіў. Калі працуеш на тэлебачанні ў гэтай тэме, то, у прынцыпе, лагічна дапускаць, што можаш у перспектыве стаць ім. Гэта свайго роду вышэйшы пункт для спартыўнага тэлевізійнага журналіста. Мой каментатарскі дэбют адбыўся на матчы Мазыра супраць мінскага «Тарпеда» ў 1999 годзе. Потым былі яшчэ матчы, але каментатарства ж патрабуе пастаяннай практыкі, таму тое не ўспрымаю сур'ёзна.
Паўнавартасным дэбютам лічу 2002 год, падчас чэмпіянату свету. Гэта быў час усім добра вядомай сітуацыі, калі тэлевізійны рынак у нас толькі з'яўляўся. І вось Расія «абсякае» ўсе свае каналы футбольных трансляцый. Шум, паніка — усе хочуць глядзець футбол. Так атрымалася, што за адзін тур да завяршэння групавога этапу купілі правы на трансляцыі і трэба было каментаваць гульню на беларускай мове. Першы матч быў паміж зборнымі Турцыі і Коста-Рыкі, як сёння памятаю...
— Засталіся задаволены вынікам працы?
— На самай справе вельмі складана рабіць першыя крокі ў такой атмасферы. Навічку даводзілася каментаваць чатыры матчы ў дзень! Нават для прафесіянала гэта экстрэмальная нагрузка. І дапамагчы было няма каму. Разам з тым, гэта ўнікальны вопыт. Не думаю, што варта было чакаць альбо патрабаваць высокага выніку. Каментарый меў нюансы. Але з цягам часу, калі прайшоў «школу» пошуку і станаўлення, загартоўка з'явілася, то пачаў рухацца ў гэтым кірунку. Не ўсё атрымлівалася, аднак заўсёды верыў у свае сілы.
— Нехта дапамагаў асвойвацца ў прафесіі?
— Я трапіў у сітуацыю, дзе даводзілася самому сябе ствараць. Так не павінна быць, бо па першым часе патрэбна падтрымка вопытных людзей. Затое цяпер маладым я не адмаўляю ў дапамозе, успамінаючы сябе ў падобных сітуацыях. А тады сам і гузакі набіваў, і памылкі выпраўляў.
— Пошук сябе ў чым заключаўся?
— Калі ты малады і без вопыту, то па наіўнасці сваёй шукаеш такую падачу матэрыялу, якую лічыш класнай. Але яна не натуральная. А хочацца ж здавацца разумнейшым, чым ты ёсць, вобразна кажучы. Гэта адбівалася на якасці зробленага. Потым, памятаю, неяк падчас звычайнага прагляду футбольнага матча ў мяне ўзнікла думка: трэба быць проста самім сабой. І з такім падыходам я стаў працаваць у эфіры. Як аказалася, гэта было правільнае рашэнне. І з таго моманту пайшло нармальнае развіццё. Раней неяк не ўдавалася стабільна добра адпрацаваць сезон: з трох матчаў быў альбо адзін дрэнны і два добрыя, ці наадварот. Цяпер усё інакш. Чым, прызнаюся, вельмі задаволены.
— Можаце вылучыць нейкія паказчыкі прафесіяналізму ў вашай сферы?
— У нас, як і ў любой іншай прафесійнай сферы, ёсць пэўныя рамкі і патрабаванні. З элементарнага — ніхто мне ніколі не дакажа, быццам чалавек з дэфектамі мовы можа стаць каментатарам. Наконт голасу могуць быць розныя меркаванні, але пры ўмове, што ўсё ў парадку з дыкцыяй, тэмбр — ужо справа густу. У сучасным кантэксце роля каментатара наогул змянілася. У часы адсутнасці інтэрнэту каментатар быў больш значнай фігурай. А сёння мы ў нечым канферансье, якія павінны ствараць атмасферу і настрой. Часта даводзіцца таксама чуць, быццам прафесія адыходзіць у мінулае. Але калі мы праводзілі конкурс каментатараў, то была не адна сотня заявак. Здаецца, факт сведчыць пра адваротнае. Нават па ўласных адчуваннях магу сказаць, што без каментатара глядзець матч не так цікава. А так ты нібыта ў кампаніі. Можна параўнаць гэта з застоллем — падчас сяброўскай бяседы ежа здаецца куды смачнейшай.
— На ваш погляд, каментатар павінен каментаваць гульню альбо будаваць аповед з адступленнямі?
— Зноў жа ўсё залежыць ад густу. Нехта хоча, каб разважалі. Яго не столькі цікавяць падзеі на полі — паслухаць бы каментатара. Хаця каментатар толькі абслугоўвае працэс. Напрыклад, Яўген Маёраў быў суперкаментатарам, але я не стаў бы глядзець матч толькі з мэтай яго паслухаць, пры ўсёй маёй павазе да гэтага чалавека. Я гляджу матч, каб даведацца пра падзею, а каментарыі — справа другасная. Словам, я за тое, што каментатар павінен ствараць настрой, які адлюстроўвае падзеі на полі, і абавязкова ўвесці мяне ў курс справы, назваць прозвішчы і ганяць мяч на працягу гульні. Для многіх эталонам у нашай прафесіі з'яўляецца англійскі стыль, а там толькі тое і робяць, што ганяюць мяч і ўжываюць экспрэсіўныя воклічы. Чалавек заўсёды выбірае ў падачы матэрыялу тое, да чаго прывык.
Таксама важна вытрымліваць раўнавагу паміж расповедам пра падзеі на экране і ўласнымі думкамі. Бо, здараецца, нават самыя вопытныя каментатары цікавай думкай адцягваюць увагу ад «карцінкі» на экране. Пажартаваць, выказаць нейкія ацэнкі трэба ўмець да месца. Галоўнае — сачыць за матчам і расказваць пра яго.
— Даводзіцца працаваць у непрадбачаных умовах?
— Здараецца рознае. Часам за лічаныя секунды з некім пасварышся, а потым выходзіш у эфір і нават ніхто не здагадваецца, што толькі што размаўляў з кімсьці на павышаных танах. Гледачу няма справы да твайго настрою. У працы нельга па-іншаму. Бывае, табе ў «вушы» паведамляюць нейкую інфармацыю, звязаную з эфірам, і важна, каб яе агучылі, не збіваючы цябе з думкі. Не варта, як кажуць, гаварыць пад руку. Быў у мяне выпадак, калі я каментаваў матч «Арсенал» — «Ліверпуль», а паралельна чуў, як гукарэжысёрская брыгада абмяркоўвала тэму, дзе лепш купіць вясельную сукенку. І недзе на 55-й хвіліне я быў гатовы ў прамым эфіры сказаць, што магу падказаць такое месца. Альбо неяк быў агляд Лігі чэмпіёнаў, а паралельна гучанне класічнай музыкі. Так і каментаваў пад ігру скрыпкі.
— Як рыхтуецеся да трансляцый?
— Валоданне тэмай дазваляе з падрыхтоўкай укласціся ў гадзіну. Возьмем, напрыклад, паказ чэмпіянату Англіі, які ў нас транслюецца ўжо гадоў дзесяць. Фрэнк Лэмпард здаецца ўжо добрым старым знаёмым, гісторыі пра якога якраз хопіць распавесці на цэлы тайм. І вось калі ёсць у каментатара такога кшталту багаж ведаў, то перад гульнёй дастаткова проста ацаніць сітуацыю, паглядзець свежыя навіны — словам, быць у курсе падзей. Непасрэдна перад матчам праглядзець змены саставаў, прыкінуць, з чым звязаны перамены ў параўнанні з мінулымі матчамі.
А па маладосці, хоць можа кожны і павінен прайсці праз такі вопыт, бывае, рыхтуешся да адной гульні некалькі дзён. Няправільна, дарэчы, такое рабіць у дзень рэпартажу. Бо, каб вывучыць інфармацыю пра склад невядомай табе каманды, спатрэбіцца не менш за дзевяць гадзін. Уявіце, якім стомленым будзе чалавек у час эфіру.
— У пачатку размовы вы сказалі, быццам каментатар — гэта вышэйшы ўзровень. Якая ж перспектыва?
— Займаючыся каментаваннем, можна развівацца ў гэтым рэчышчы бясконца. Паглыбляючыся ў тэму, адшукваючы новыя формы падачы. Каментарый — праца ў нечым падобная да сцэнічнай, як бы пафасна гэтак ні прагучала, бо ўвесь час дапрацоўваеш веды, артыстызм, настрой. Ёсць выраз, быццам язык — адзіная зброя, якая ад частаты выкарыстання становіцца толькі вастрэйшай. І з каментарыем тая ж сітуацыя. Людзі маёй прафесіі, калі не губляюць тонус, то становяцца толькі большымі прафесіяналамі. Калі ты аказаўся перад мікрафонам, то можаш шукаць новыя формы, увасабляць цікавыя ідэі. Напрыклад, цяпер я імкнуся вярнуць у эфір беларускамоўны рэпартаж. Справа зусім не лёгкая, але вельмі важная.
— Як наогул паставіліся да вашых трансляцый на беларускай мове?
— Вельмі шмат добрых водгукаў. Шчыра кажучы, я такой рэакцыі нават і не чакаў. Заўваг амаль не было. Аднак людзі, якім беларуская мова ў эфіры не патрэбна, звычайна проста кажуць: маўляў, трэба працаваць чыста, бездакорна. Хто спрачаецца? Але ў гэтай сітуацыі такія водгукі — проста прыкрыццё сваёй пазіцыі. Бо тыя, хто падтрымлівае мой пункт гледжання, пагодзяцца: лепш няхай з невялікімі памылкамі, але мова будзе гучаць. Ніхто ж гадамі не працаваў над гэтым. Напрыклад, мая праца неаднойчы ацэньвалася лінгвістамі і мовазнаўцамі. І, прыемна адзначыць, даволі высока. Безу-
моўна, над мовай для трансляцый трэба доўга працаваць, але задавальненне ад карыснай справы куды большае ў выніку. У нас двухмоўе, і, здавалася б, што хочаш выбірай. Аднак адстойваць сваю пазіцыю досыць няпроста. Трэба вяртаць людзям мову, бо яна ім патрэбна. Гэта наша краіна, наша мова, якая з'яўляецца своеасаблівым брэндам нашага медыярынку. Акрамя нас, той ці іншы матч на беларускай мове ніхто ў свеце не пракаментуе. Калі мы будзем рабіць трансляцыю па-руску, то як бы добра ні спрацавалі, гэта будзе другасны прадукт. А трэба быць самадастатковай еўрапейскай нацыяй. Без беларускай мовы стаць ёю немагчыма.
Алена ДРАПКО.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.