— Мама, я ператварыўся ў агурок. Роціка ў мяне няма, вочак няма. Ручак і ножак таксама няма… Я магу толькі ляжаць і думаць.
Захварэў… Маральна я была да гэтага гатова. Вунь калі нават доктар Камароўскі, мой асабісты гуру ў медыцыне, папярэджвае, што ў першы час наведвання дзіцячага садка малое пачне хварэць з верагоднасцю 100 працэнтаў. Незалежна ад стану здароўя і ўмоў у садку. Хаця…
Памятаю, калі дзеці майго брата пачалі наведваць садок і, натуральна, хварэць, тэма скразнякоў стала ў нашай сям'і ледзь ці не галоўнай. Не адзін год брата раздражняла, што ў садку занадта часта, на яго погляд, адчыняюць форткі. А вось там, куды ходзіць мой сын, форткі амаль заўсёды зачынены. І мяне гэта таксама не радуе.
У пакоі, дзе спіць Антон, тэмпература паветра рэдка перавышае 18 градусаў. Фортка там усю ноч — насцеж. І ніякія скразнякі не бянтэжаць ні мяне, ні яго.
Калі мы з сынам вярнуліся з радзільнага дома, спякота стаяла проста нечалавечая — самі ведаеце, што кожнае лета ў нас бывае некалькі дзен ці нават тыдняў неміласэрнай гарачыні. Толькі пераступіўшы парог кватэры, я імгненна захацела вярнуцца назад, не зважаючы на тое, што ў радзільні на той час не было нават гарачай вады. Бо ўсе вокны нашай кватэры выходзяць на сонечны бок, і застацца дома нават на паўгадзіны падалося мне сапраўдным выпрабаваннем. Але мы засталіся… Гуляць з Антошкам у першыя два тыдні яго жыцця я не адважылася: муж ішоў на працу рана, фактычна ўначы, уначы ж вяртаўся, а я была надта слабая, каб спусціцца ўдваіх з сынам з чацвёртага паверха ў нашым доме без ліфта. Ратаваліся так: адчынялі ўсе вокны, уваходныя дзверы і заадно — дзверцы халадзільніка. Уключалі пару вентылятараў — і вельмі няблага пачувалі сябе ў сваёй кватэры на сямі вятрах. Застудзіць сына я не баялася, хаця да Камароўскага, які раіў прывучаць дзіця да скразнякоў з нараджэння, ставілася тады скептычна. Але пакуль маё дзіця яшчэ не з'явілася на свет, я запісалася на курсы для цяжарных, якія вяла маці васьмі дзяцей.
Туды, дзе чыталіся тыя лекцыі, яны зрэдчас прыбягалі — на выгляд нейкія вельмі ўжо здаровыя, вясёлыя і адначасова добра выхаваныя. Гледзячы на іх, проста немагчыма было не пранікнуцца даверам да парад іх маці. «Менш за ўсё дзіця чакае ад вас, што вы будзеце ставіцца да яго як да хрустальнай вазы», — казала яна нам. І першае, што раіла зрабіць, — навучыцца не баяцца ўсё тых жа скразнякоў. Бо ў першыя тры месяцы жыцця малое хварэе надзвычай рэдка (прырода паклапацілася), а менавіта той клімат, які мы яму створым у гэты час, будзе для яго камфортным на ўсё жыццё…
І ўсё ж, скажу па шчырасці, калі б не тая жахлівая спякота, я наўрад ці адважылася б распачаць загартоўванне сына так хутка і экстрэмальна. Затое цяпер большасць дзіцячых хвароб мяне не палохае, бо вельмі многае хутка і эфектыўна вылечваецца пераважна ўсё тым жа свежым паветрам.
Памятаю, як Антошка захварэў першы раз. З высачэзнай тэмпературай, мокрым носам і горлам, якое выклікала ў мяне хвілінную паніку… На трэці дзень да нас завітаў мой бацька. Першае, што ён зрабіў, — пазачыняў усе форткі, уключыў ацяпленне (была позняя восень) і назваў мяне вар'яткай «разам з тваім вар'ятам Камароўскім». Маўляў, на сабе я магу ставіць якія заўгодна эксперыменты, а ўнука, якому не споўнілася і паўтара года, ён абароніць… Недзе праз пару гадзін пасля гэтага да нас заехала медсястра з дзіцячай паліклінікі, якая агледзела Антона і прызнала, што ён абсалютна здаровы. Яшчэ праз пару гадзін бацька падышоў з мірам: «Ну дай паглядзець, што там твой Камароўскі піша»…
Пазней ён з уздыхам канстатаваў: «Трапілася б мне гэтая кніжка раней, не прагульвалі б вы школу тыднямі». Сапраўды, нашы з братам зацяжныя прастуды лячыліся па класічных схемах: маліна-малако, банькі-гарчычнікі, мазаць ёдам — дыхаць парай, кроплі-таблеткі-антыбіётыкі… І, натуральна, шчыльна зачыненыя форткі і ніякіх прагулак. У выніку адэноіды нам абодвум выдалялі двойчы — у дзяцінстве і значна пазней. А той клімат, да якога я прывучыла свайго Антона, для мяне самой дагэтуль надзвычай нязручны. Мяне ж усё дзяцінства хуталі, як аранжарэйную кветку…
Менавіта таму такім карысным халаднаватым паветрам сын дыхае пераважна ўначы. Раніцою я адкручваю вентыль на батарэі назад. І насамрэч я далёка не такая разумная і паслядоўная маці, якой хацела б выглядаць. Вось і цяпер…
Гэтая Антонава хвароба пачыналася даволі бяскрыўдна: крыху горла, крыху кашаль… У паліклініцы мне параілі даць яму амбраксол: маўляў, каб раптам не дайшло да бранхіту і каб хутчэй мог зноў пайсці ў садок. Я пачала ўжо вяртацца да працы, да людзей, натуральна, мне вельмі захацелася гэтага «каб хутчэй». І я дала сыну таблетку… Раней на абсалютную большасць медыкаментаў у яго выяўлялася алергія. Але апошні раз Антон хварэў яшчэ пазамінулай восенню, і мне падумалася, што сваю ўспрымальнасць да лекаў ён мог, у прынцыпе, «перарасці». Як «грызла» я сябе за тыя думкі потым! Праз паўгадзіны ў сына пачаўся ацёк лёгкіх, узнікла падазрэнне на пнеўманію…
Яму выпісалі цэлы стосік рэцэптаў, але цяпер я вырашыла не мітусіцца. Адключыла ацяпленне на ўвесь дзень і пайшла заварваць траўкі — балазе, ні на якія з іх алергіі ў Антошкі ніколі не было. Праз два дні ён ужо скакаў па кватэры, «ператвараючыся» ў агурок на дыванку перад самым акном — які там «пасцельны рэжым»! Яшчэ праз тры дні паліклініка дала нам дазвол вяртацца ў садок… Дарэчы, Міжнародная асамблея ўрачоў не так даўно падцвердзіла, што ў шматдзетных сем'ях дзеці хварэюць значна радзей. І афіцыйна патлумачыла гэты агульнавядомы факт тым, што ў шматдзетных маці не надта шмат часу, каб трэсціся над кожным і занадта доўга трымаць дзяцей дома. Ну дык хто ж не ведае пра карысць гульняў у двары…
Марына БЕРАЗЕНСКАЯ.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.