«Раскажыце, калі ласка, пра эфектыўныя спосабы пазбаўлення ад галаўнога болю.
Марына Канстанцінаўна, г. Барысаў».
Тлумачыць урач-неўролаг 11‑й гарадской паліклінікі г. Мінска Юлія ВАРАНЬКО:
—Адным з самых папулярных абязбольвальных сродкаў з'яўляецца анальгін. Ён даўно зарэкамендаваў сябе як даволі моцны прэпарат у гэтым сэнсе. Аднак мала хто ведае, што ён аказвае таксама гарачкапаніжальны і супрацьзапаленчы эфект. Гэтым прэпаратам здымаюць і боль мышачны, і зубны, і боль у жываце, і боль у суставах. Пры гэтым людзі не задумваюцца аб паходжанні гэтых боляў, а проста пазбаўляюць сябе пакут. Між тым анальгін, як любы лекавы сродак, мае шэраг супрацьпаказанняў.
Прэпарат нельга прымаць не толькі пры алергіі на гэтую групу прэпаратаў, але і пры бронха-
спазмах, нырачнай і пячоначнай недастатковасці, крывацёках, хваробах крыві. Анальгін катэгарычна забараняецца прымаць падчас цяжарнасці і груднога кармлення. Не рэкамендуецца дзецям да 3 гадоў.
Пры працяглым лячэнні анальгінам могуць узнікнуць сур'ёзныя змены ў крыві, амаль да развіцця агранулацытозу і трамбацытапеніі (змяншэнне колькасці лейкацытаў і трамбацытаў). З гэтай прычыны ў еўрапейскіх краінах анальгін практычна немагчыма сустрэць у аптэках.
У Беларусі прэпарат не забаронены да прымянення і свабодна, без рэцэпту, адпускаецца ў аптэчнай сетцы. Тым не менш кожны, хто набывае анальгін, павінен ведаць, што бескантрольнае ўжыванне, асабліва працяглае, недапушчальна.
Толькі ваш урач павінен вырашаць, будзеце вы ўжываць гэты прэпарат ці неабходна падабраць іншы.
Вядома, перш чым выпіць тую ці іншую таблетку, неабходна высветліць прычыну болю. Калі вы пакутуеце ад мігрэні, то вам неабходна прыняць прэпарат, у састаў якога ўваходзіць эргатамін або адзін з антаганістаў сератанінавых рэцэптараў (суматрыптан, золмітрыптан і інш.). Дапамогуць таксама прэпараты, у састаў якіх уваходзіць дыклафенак калію. Калі ж гэта галаўны боль напружання, то дапамогуць заспакаяльныя сродкі на аснове валяр'яны, глогу, мелісы і сродкі, якія дапамагаюць зняць спазм мышцаў (мідакалм, катадалон і інш.). У такой сітуацыі можна прыняць і гарачы душ (гарачая вада расслабіць мышцы задняй паверхні шыі і патыліцы). Калі галаўны боль звязаны з астэахандрозам шыйнага аддзела пазваночніка (боль у вобласці патыліцы, які суправаджаецца хістаннем падчас хады, млосцю, правакуецца рэзкім паваротам галавы, вымушаным становішчам), то можна выпіць любы нестэроідны супрацьзапаленчы прэпарат (ібупрафен, мелаксікам, дыклафенак і інш.).
Калі ў вас рэдкія галаўныя болі, якія не выклікаюць вялікага дыскамфорту, вы можаце справіцца з імі самастойна. Калі галаўны боль паўтараецца, цягнецца звыш трох дзён, суправаджаецца млосцю, ванітамі, павышэннем тэмпературы, слабасцю ў канечнасцях, парушэннем зроку, неабходна тэрмінова звярнуцца да ўрача.
Калі вы ўжо абследаваліся і ведаеце прычыну такога вашага стану, то ў барацьбе з галаўным болем вам дапамогуць іголкарэфлексатэрапія, масаж, лячэбная гімнастыка, мануальная тэрапія, розныя метады фізіятэрапіі.
І ніяк нельга спісваць з рахунку нармалізацыю рэжыму працы і адпачынку, паўнацэннае рэгулярнае харчаванне, адмову ад курэння, алкаголю і вялікай колькасці кафеіну. Забяспечце сабе рэгулярныя фізічныя нагрузкі, прагулкі на свежым паветры.
Святлана Барысенка.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.