За акном дождж, шквалісты вецер – і ў вас з раніцы баліць галава, зніжаецца настрой, скача артэрыяльны ціск. Але вось з’явілася на гарызонце сонейка, і вы адчуваеце бадзёрасць. Гэта азначае, што ў вас метэаадчувальнасць. Моцна перажываць не варта: ад такога стану пакутуе каля 40% насельніцтва Зямлі.
Узаемасувязь самаадчування чалавека з метэаўмовамі заўважылі яшчэ лекары старажытнасці. Пра гэта згадваў Гіпакрат, антычныя германцы казалі пра пагодны боль у суставах. А тыбецкая медыцына і сёння звязвае хваробы з рознымі атмасфернымі з’явамі.
Прычына ў тым, што чалавечы арганізм жыве ў рэзанансе з прыродай. У ходзе эвалюцыі ён навучыўся прыстасоўвацца да капрызаў надвор’я, але ў дні магнітных бур, ураганаў працуе ў стане стрэсу. Дзе тонка, там і рвецца – і найбольш аслабленыя сістэмы нашага цела даюць збой.
Здольнасць арганізма адаптавацца да з’яў прыроды ва ўсіх розная. Маладыя людзі з добрым здароўем могуць нават не заўважыць, напрыклад, скачкоў атмасфернага ціску. А большасць пажылых жыхароў нашай планеты балюча рэагуе на тыя ці іншыя праявы метэаралагічных змен.
Метэаадчувальныя людзі, схільныя да вегета-сасудзістай дыстаніі, у перыяды зацяжных дажджоў, вятроў, скачкоў атмасфернага ціску звычайна скардзяцца на стомленасць, санлівасць ці, наадварот, праблемы са сном, раздражняльнасць, нервовасць, галаўны боль.
Пры рэзкіх скачках тэмпературы паветра – 10 і больш градусаў на працягу сутак – у арганізме павышаецца выпрацоўка гістаміну, які правакуе запаленне і алергію, што прыносіць праблемы астматыкам і алергікам.
Імклівае павышэнне атмасфернага ціску, магнітныя буры – выпрабаванне для людзей з парушэннямі ў сасудах мозгу і сэрца, а таксама для тых, хто перанес у нядаўнім мінулым сардэчны прыступ. Даказана, што падчас метэаралагічнай нестабільнасці часцей адбываюцца інсульты і інфаркты.
Павышэнне вільготнасці паветра да 90% здольна выклікаць абвастрэнне болю ў суставах у людзей, якія пакутуюць на рэўматоідны артрыт.
Эндакрынная сістэма таксама адчувае стрэс: пры рэзкай змене надвор’я ў крыві павышаецца ўтрыманне цукру, таму хворым на дыябет асабліва важна ў такія дні кантраляваць паказчыкі глюкозы.
Хутчэй за ўсё, цалкам пазбавіцца ад яе не атрымаецца, асабліва пры наяўнасці хранічных хвароб. Але наступствы неспрыяльных з’яў надвор’я можна змякчыць.
Кантралюйце свой стан. Калі вы заўважылі, што самаадчуванне пагаршаецца пры пэўных атмасферных з’явах, паспрабуйце ў такія дні ставіцца да сябе клапатліва, не нагружаць арганізм цяжкай фізічнай і разумовай працай. Кантралюйце важныя для вас паказчыкі – артэрыяльны ціск, цукар у крыві і г.д. Паклапаціцеся аб тым, каб пад рукой былі неабходныя лякарствы.
Адмова ад шкодных звычак, паўнавартасны сон, здаровая дыета, насычаная вітамінамі і мікраэлементамі, а таксама прагулкі пехатой, пасільная фізічная актыўнасць – усё гэта ўмацуе і загартуе ваш арганізм, дапаможа яму супрацьстаяць каварству надвор’я.
Агата СЛАВІНА
Прэв’ю: pixabay.com
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.