Тэма сёлетняга Сусветнага дня здароўя (адзначаўся 7 красавіка) — трансмісіўныя хваробы. Гэта заразныя інфекцыі, якія перадаюць крывасмокі — насякомыя і кляшчы.
Вядома больш як 200 трансмісіўных хвароб, самымі вядомымі з якіх з'яўляюцца жоўтая ліхаманка, ліхаманка Заходняга Ніла, Дэнге, клешчавы энцэфаліт, тыф, хвароба Лайма, малярыя і інш. Іх пераносяць камары, мошкі, мухі, сляпні, вошы, кляшчы. Шырокае распаўсюджванне такіх захворванняў на Беларусі стрымліваюць кліматычныя ўмовы, адсутнасць пастаянных крыніц заражэння (хворых людзей або жывёл) і, вядома, прафілактычныя захады, якія павінен рабіць кожны. Цікава, што выпадкі клешчавага энцэфаліту ў нашай краіне рэгіструюцца якраз у той часткі людзей, якія нічога не чыталі і не чулі па гэтай тэме.
У Беларусі рэгіструюцца наступныя трансмісіўныя захворванні: клешчавы энцэфаліт, хвароба Лайма, завезеная малярыя і дырафілярыёз. Да 1990‑х у нашай краіне не рэгістраваліся выпадкі таго ж энцэфаліту ці лаймбарэліёзу, аднак цяпер год ад году захваральнасць расце.
Клешчавы энцэфаліт
перадаецца кляшчамі і праяўляецца гарачкай, моцным галаўным болем, млосцю, ванітамі, болем у канечнасцях. Такі стан трымаецца 4–5 дзён, а праз 1–2 тыдні вяртаецца. Цяпер хворы адчувае яшчэ больш моцны галаўны боль, напружанасць патылічных мышцаў, боязь святла, магчымыя парэзы шыі, пляча.
Хвароба Лайма (лаймбарэліёз) перадаецца кляшчамі. У месцы ўкусу ў большасці выпадкаў праз 1–2 тыдні (да 2 месяцаў) з'яўляецца чырвоная пляма са светлай сярэдзінай. Падобныя плямы з'яўляюцца і на іншых участках цела. З'яўляюцца галаўны боль, агульная слабасць, тэмпература павышаецца да 38 градусаў. Калі не пачаць своечасова лячэнне, хвароба атакуе сардэчна-сасудзістую, нервовую сістэмы, печань, апорна-рухальны апарат.
Малярыя перадаецца праз укусы камароў. Найбольш характэрныя праявы — трасца, высокая тэмпература, галаўны і мышачны боль, галавакружэнне, ваніты, млосць, пачашчанае сэрцабіццё, затрымка мочавыдзялення. Стан трымаецца 6–8 гадзін, пасля чаго тэмпература падае. Пры адсутнасці своечасовага лячэння пакутуе печань і селязёнка.
Дырафілярыёз перадаецца камарамі. З іх укусам перадаюцца гельмінты катоў і сабак. Хвароба можа праявіцца праз год і болей пасля ўкусу. Гельмінт у гэты час расце, і яго перасоўванне пад скурай можна назіраць візуальна.
У апошняе дзесяцігоддзе ў Беларусі штогод выяўляюцца: ад 40 да 120 выпадкаў клешчавага энцэфаліту (найбольшая колькасць пацярпелых у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях), ад 500 да 1100 выпадкаў хваробы Лайма (Мінск і Гродзенская вобласць), ад 5 да 10 выпадкаў завезенай малярыі (Мінск і Магілёўская вобласць), ад 3 да 20 выпадкаў дырафілярыёзу (Мінск і Магілёўская вобласць).
Як абараніцца ў адкрытай прыродзе, лясной зоне?
апранацца так, каб амаль не пакідаць адкрытых участкаў цела;
адкрытыя ўчасткі цела змазваць рэпелентамі (сродкамі, якія адпужваюць насякомых);
у жылых дамах закрываць вокны ахоўнай сеткай, прымяняць інсектыцыдныя прэпараты (аэразолі, свечкі і інш.);
кожныя 2–3 гадзіны аглядаць адзенне і цела;
трымацца падалей ад сухастою, стагоў сена;
аглядаць жывёл пасля выпасу, не ўжываць казінае малако без тэрмічнай апрацоўкі;
рэгулярна касіць траву, ачышчаць падворак ад смецця;
абараняць падсобныя памяшканні ад грызуноў.
Як выдаліць кляшча?
Абвязаць нітку вакол цельца кляшча, выкруціць яго супраць гадзіннікавай стрэлкі. Месца ўкусу апрацаваць спіртам ці ёдам. Са скуры жывёлы кляшча можна выдаліць пінцэтам або пальцамі праз марлю ці хустку.
— Нават пры адсутнасці нейкіх сімптомаў неабходна абавязкова звярнуцца ў амбулаторна-поліклінічную ўстанову і прайсці курс прафілактычнага лячэння, — кажа ўрач-паразітолаг супрацьэпідэмічнага аддзялення Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Андрэй ВЕДЗЯНЬКОЎ. — Даследаванне ў тэрытарыяльных цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі знятага пераносчыка на заражанасць узбуджальнікамі клешчавых інфекцый не з'яўляецца дыягнастычным ці абавязковым даследаваннем. Галоўным у прафілактыцы ўсіх інфекцыйных захворванняў, якія перадаюцца кляшчамі, з'яўляецца максімальна ранні — у першыя тры дні пасля ўкусу — пачатак і правядзенне курсу прафілактычнага лячэння
Святлана Барысенка.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.