Думаю, гэтая сітуацыя знаёмая многім жанчынам. Вам дарагі гэты чалавек, вы яго кахаеце, усяляк песціце-даглядаеце, не жадаеце яго ні з кім дзяліць, і тут — бах! — з'яўляецца яна, саперніца!..
Здавалася б, усё проста — трэба горда ўзняць галаву... і проста выкінуць усе яго «манаткі» — пажадана з балкона, у розныя бакі. Аднак большасці з нас аддаваць свайго ненагляднага ў яе, саперніцы, белыя ручачкі ой як не хочацца! Колькі ў яго ўкладзена — працы і нервовых клетак! — не злічыць. Таму пагаворым лепш пра тое, як пазбавіцца ад «той другой».
У першую чаргу вам спатрэбяцца моцныя нервы і цвярозы розум. Таму, не марнуючы ні хвілінкі, бягом у аптэку — па «валяр'янку», сардэчнік і да т. п. Істэрыкі ў барацьбе з разлучніцай не дапамогуць — хутчэй, толькі расчысцяць ёй дарогу. Запомніце: для ліквідацыі саперніцы зрабіце ўсё магчымае і немагчымае, каб скандалы адбываліся на яе тэрыторыі, а не на вашай. І калі вы вытрымаеце — няхай не без дапамогі некалькіх бутэлечак заспакаяльнага — значыць, перамаглі.
Многія, спрабуючы вярнуць свайго ненагляднага ў родны дом, здзяйсняюць не зусім адэкватныя ўчынкі і тым самым толькі пагаршаюць сваё становішча. Якіх памылак варта пазбягаць?
• Барані вас Бог ад кардынальных змен сваёй знешнасці! Паверце, цяпер, калі яго галава і сэрца забіты зусім не вамі і не вашай новай прычоскай — нічым вы яго не проймеце. Толькі ўсміхнецца, здзівіцца і... яшчэ больш аддаліцца. Мяняйцеся паціху, непрыкметна, але планамерна.
• Рыдаць і плакаць цэлыя суткі? З чаго вы ўзялі, што ваша румзанне зацікавіць яго больш, чым яе прывабнасці?
• Трымайце сябе ў руках і не заікайцеся пра выбар «або я, або яна»: пакуль не высветлілі, хто яна для яго, вы рызыкуеце 50 на 50.
• Наладжваць нечаканыя сексуальныя рэвалюцыі — таксама не самы лепшы варыянт. У спальні ў вас ужо прыжыўся пэўны рытм, рэжым, так бы мовіць, з усімі вынікаючымі наступствамі... Вось калі б крыху раней...
• Рабіць выгляд, што нічога не ведаеце, і чакаць, пакуль у мужа прачнецца сумленне, — не, не і яшчэ раз не! Вы асуджаеце сябе на ролю безабароннай ахвяры, з пачуццямі якой можна не лічыцца.
• Пайсці і сказаць ёй «пару ласкавых», выдраць пасму валасоў, папсаваць тварык, каб надалей непанадна было замахвацца на чужую «ўласнасць»? Гэта, вядома, нядрэнная псіхалагічная разрадка, але наўрад ці такі спосаб верне блуднага мужа ў сям'ю. Затое самі вы рызыкуеце знікнуць... сутак на пятнаццаць, якія праведзяце ў месцах не вельмі аддаленых. Уявіце, які азарт вы надасце сваёй саперніцы, з якім пачуццём выкананага абавязку яна прадоўжыць адносіны з вашым ненаглядным...
Галоўнае, памятайце: вы не павінны лічыць сябе зняважанай. Бо гэта вашаму мужу і яго пасіі прыходзіцца ўтойваць сваю любоўную інтрыжку, гэта яны хаваюцца і бачацца ўпотай, так што менавіта яны ў смешным становішчы, а зусім не вы!
Кажуць, помста — гэта страва, якую трэба падаваць халоднай. Таму спыніцеся, набярыцеся цярпення і чакайце, пакуль ваш муж нацешыцца. У вас ёсць магчымасць яшчэ раз добра падумаць, ці патрэбны вам гэты «гуляка»? Можа, самы час пазбавіцца і ад яго?
Выкарыстоўвайце гэты перыяд жыцця з максімальнай карысцю для сябе. Змяніце імідж, але не кардынальна. Абавязкова пазбаўцеся ад старога хатняга адзення, прыкупіце новыя модныя строі. Уласнае адлюстраванне павінна прыводзіць вас у захапленне (і, зразумела, вы не павінны бачыць у люстэрку стомленую і заплаканую цётку). Падобныя змены нададуць вам упэўненасці ў сабе.
Вось цяпер — ваш выхад! Вам неабходна прывесці саперніцу ў ціхае шаленства, даць ёй зразумець, наколькі няўстойлівае яе становішча ў сістэме: вы—ваш муж і яна.
• Імкніцеся часцей трапляцца ёй на вочы разам з мужам і пры гэтым мілуйцеся з ім, глядзіце на яго з замілаваннем. Калі ваш сужэнец хлусіць ёй (як і большасць хадакоў налева), што вы ўжо даўно «жывяце як чужыя», — гэта выведзе яе з раўнавагі, яна пачне закатваць яму істэрыкі. А вы ў любой сітуацыі старайцеся захоўваць спакой і добразычлівасць.
• Дапамогуць вам і святочныя дні. Яны ж — самыя страшныя для разлучніцы. Новы год — а ён з вамі, 8 Сакавіка — зноў з вамі. Вось вам і карты ў рукі. Злавіце яго проста на парозе, прыдумаўшы любую прычыну: сардэчны прыступ, прыступ сексуальнага жадання, патоп — усё роўна. Галоўнае, каб ваш ненаглядны так і не ашчаслівіў яе ў гэты святочны дзень. Скандал яму на «тым беразе» забяспечаны.
• Не адмаўляйце мужу ў блізкасці, калі ён да вас пацягнецца — пры гэтым пакідайце на «аб'екце» агульных жаданняў сляды гарачых начэй. Пастарайцеся з усіх сіл — тут не да сціпласці. Няхай ваша саперніца задыхнецца ад рэўнасці!
• Ускладзіце на яго клопаты аб сям'і. Пакажыце, якая вы безабаронная і слабая, а ён такі ўсёмагутны і моцны. Даказвайце, што ён незаменны і неабходны! Ваша задача — пакінуць як мага менш часу для палюбоўніцы. Тая, западозрыўшы нядобрае, стане абурацца — што вам цяпер і трэба. Зрабіце ўсё для таго, каб яна пачала праяўляць незадавальненне першай.
• Задзейнічайце яго ўласніцкія інстынкты. Дайце зразумець: на ім свет клінам не сышоўся. У яго незапланаваная вячэрняя «нарада»? А вы таксама не будзеце сядзець дома. Вось якраз збіраецеся на вечарынку да сябровак або на сустрэчу аднакласнікаў. Галоўнае тут — не спяшацца, а выдаць лёгкую нагоду для хвалявання ўжо ў перыяд пагаршэння іх з разлучніцай адносін. Адчуўшы хоць малую магчымасць страціць вас, муж, пачухаўшы патыліцу, падумае: «А ну яе, гэту істэрычку! У мяне ж выдатная жонка!»
Вера ФЕМІНА
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.
У чым рухальная сіла навукі перамагаць.