Вы тут

Імпарт свініны скарачаецца


Гэта паўплывае не толькі на ўнутраны рынак...

Сітуацыя звязана з узмацненнем уплыву АЧС (афрыканскай чумы свіней) на свіное пагалоўе бліжэйшых краін. Так, у пачатку чэрвеня была ўведзена забарона на пастаўку свініны з Польшчы. Нагодай сталі новыя ўспышкі чумы, якія зарэгістравалі на тэрыторыі Падляскага ваяводства. У канцы жніўня новыя выпадкі АЧС былі выяўлены ў Смаленскай вобласці Расіі, адкуль таксама забаранілі часова імпарт свініны. З 2 верасня Беларусь увяла часовыя абмежаванні на ўвоз свініны з Чарнігаўскай вобласці Украіны.

Да ўвозу не дапускаюць жывых свіней, свініну, у тым ліку мяса дзікоў, прадукты перапрацоўкі, гарбарную, рогакапытную і кішачную сыравіну, шчацінне, паляўнічыя трафеі, атрыманыя ад успрымальных відаў жывёл, корм, выраблены з сыравіны, якая паходзіць з гэтых рэгіёнаў і не прайшла тэрмічную апрацоўку. Забарона таксама распаўсюджваецца на абсталяванне, якое ўжывалася для ўтрымання, забою і разбірання свіней.

Болей сыравіны — болей паставак

У канцы жніўня Еўразійская эканамічная камісія зацвердзіла пералік тавараў, у дачыненні да якіх на 2015 год вызначаюцца тарыфныя квоты, а таксама аб'ёмы тарыфных квот для ўвозу гэтых тавараў на тэрыторыі дзяржаў — членаў Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. На свініну свежую, астуджаную ці замарожаную, а таксама на свіны трымінг для Беларусі вызначана квота ў 20 тыс. тон. Устаноўлена таксама, што ў выпадку, калі аб'ём увозу свініны на тэрыторыю Беларусі ў рамках тарыфнай квоты на працягу першага паўгоддзя 2015 года складзе не менш 70% ад вызначанага аб'ёму, то гэтая тарыфная квота падлягае павелічэнню да 40 тыс. тон уключна.

Фактар распаўсюджання чумы, а таксама далейшае закрыццё межаў для імпарту могуць негатыўна паўплываць на ўвоз запланаваных аб'ёмаў свініны па тарыфных квотах.

Паводле звестак Белстата знешнегандлёвыя аперацыі з жывымі свіннямі за студзень—чэрвень 2013-га і 2014-га гадоў характарызуюцца адсутнасцю экспартных паставак на фоне павелічэння імпарту. Экспарт жывых свіней у першым паўгоддзі 2014 года не ажыццяўляўся. У студзені—чэрвені 2013-га такі экспарт склаў у натуральным выражэнні 4881 тону, што эквівалентна 9,4 млн долараў. Імпарт жывых свіней у 2014 годзе ў параўнанні з папярэднім годам павялічыўся на 0,5 млн долараў і склаў каля 1,4 млн. Імпартаваліся свінні з Францыі і Чэшскай Рэспублікі.

Знешнегандлёвыя аперацыі са свінінай за перыяд студзень—чэрвень 2013-га і 2014-га гадоў характарызуюцца рэзкім зніжэннем імпарту і экспартных паставак. Сёлета свініна ў асноўным завозілася з Малдовы, Расіі, Украіны, Бельгіі, Германіі, Даніі, Польшчы, Францыі, Чарнагорыі. Экспарт прыпадаўся на рынкі Казахстана і Расіі.

У Беларусі вучацца працаваць ва ўмовах АЧС

Жывёлагадоўчыя прадпрыемствы Рэспублікі не чакаюць хуткага спынення АЧС. Таму асноўная задача для краіны — навучыцца працаваць ва ўмовах гэтай праблемы. Генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра па жывёлагадоўлі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мікалай Папкоў мяркуе, што захады, якія прымаюцца на розных узроўнях, дадуць магчымасць у хуткім часе вярнуцца да аб'ёмаў вытворчасці свініны 2012 года.

Але ў гандлёвых сетках Беларусі ўжо цяпер назіраюцца часовыя перабоі з наяўнасцю на прылаўках мяса і курэй. Аднак сёння ёсць своечасовая рэакцыя з боку Мінгандлю і Мінэканомікі. «Мы пастаянна сігналізуем, як толькі пачынаюць з'яўляцца складанасці. Спадзяюся, што гэтае ўзаемадзеянне дазволіць трымаць харчовы рынак у нармальнай сітуацыі», — адзначыў генеральны дырэктар гандлёвай сеткі «Еўраопт» Андрэй Зубкоў.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.