Вы тут

Святлана МУЛЯВІНА-ПЕНКІНА: «ВЕРУ, ШТО ШЛЮБЫ СТВАРАЮЦЦА НА НЯБЁСАХ»


Я сустрэлася з ёю ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, у музеі народнага артыста СССР і Беларусі, кампазітара і стваральніка легендарнага ансамбля «Песняры», чалавека, які сам стаў легендай не толькі для беларусаў, але і для мільёнаў прыхільнікаў музыкі ва ўсім свеце, — Уладзіміра МУЛЯВІНА.

І невыпадкова, што мы сустрэліся менавіта тут: яна — загадчыца гэтага музея, каханая жанчына і верная спадарожніца жыцця Майстра, Святлана МУЛЯВІНА-ПЕНКІНА.

Прызнацца, Святлана Аляксандраўна і сама заўсёды выклікала ў мяне вялікую цікавасць: яна ўвасобіла на экране вобраз адной з маіх найбольш любімых у юнацтве літаратурных гераінь, Каці Смакоўнікавай з рамана Аляксея Талстога «Хаджэнне па пакутах». Памятаю, з якімі трывогай і рэўнасцю я чакала прэм'еры гэтага фільма, баючыся расчаравання, і як хутка трывога змянілася на захапленне. На экране была менавіта «мая» Каця — прыгожая, светлая, чыстая... А потым, праз кароткі час, у фільме «Беражыце жанчын», які, дарэчы, стаў культавым, я ўбачыла зусім іншую Пенкіну. Куды што падзелася ад вобраза пяшчотнай Каці! На экране была самаўпэўненая, напорыстая, грубаватая сучасная дзяўчына-боцман. Зразумела, што артыстку, якая ўмее так пераўвасабляцца, чакала вялікая акцёрская кар'ера. А Святлана Пенкіна раптам прапала з экранаў... Але не трэба яе шкадаваць: таленавітая артыстка стала таленавітай жонкай, сяброўкай і апорай вялікаму чалавеку. І гэтую місію годна пранесла праз усё іх сумеснае жыццё і каханне.

Паслухайце, як яна сама расказвае пра гэта...

МУЛЯВІН з гітарай

Першая сустрэча

Адразу скажу: веру ў лёс, у тое, што шлюбы ствараюцца на нябёсах...

У нас на здымках карціны «Хаджэнне па пакутах» другім рэжысёрам быў Аляксандр Мсціслаўскі. Ён пісаў вершы, і калісьці Уладзімір Георгіевіч на нейкі яго верш напісаў музыку, атрымалася песня... Я жыла ў Мінску, таму Аляксандр пастаянна прасіў: «Я яшчэ напісаў вершы. Зайдзі ты ў філармонію, да Мулявіна, аднясі яму». А я адказвала: «Ні за што! Мы з ім не знаёмыя». Калі прыязджала ў Мінск, пастаянна чула: «Мулявін — і «нахрапісты», і такі, і гэтакі... Творчасці яго тады я не ведала... У сродках масавай інфармацыі гучалі «Волагда», яшчэ нейкія песні... А я ж была зусім іншай музыкай — з кансерваторыі... Эстрадай, тым больш савецкай, ніколі не захаплялася.

Прасіў мяне Саша, прасіў, ды і змірыўся. І вось закончыліся здымкі, і пачалося агучванне фільма, а гэта — у асобным памяшканні на «Масфільме», у тон-студыі... Каб я знайшла дарогу, мяне павёў Аляксандр. І там, па калідоры, якраз ішоў Валодзя!..

Мсціслаўскі закрычаў: «Вось, я вас нарэшце пазнаёмлю!.. Святлана, гэта — Валодзя Мулявін! Валодзя, гэта — Святлана Пенкіна, яна ў нас іграе Кацю!..» І мяне ўразіла, як не супадае маё ўспрыманне гэтага чалавека з тым, што я пра яго чула. Уразілі дзіцячая шчырасць і святло, якое ішло ад яго... Святло, якое працінала наскрозь... І яшчэ — неверагодная сціпласць.

Так мы пазнаёміліся. Валодзя са сваімі хлопцамі здымаўся на «Масфільме» ў Аляксандра Сцефановіча ў фільме «Дыск». «Песняры» толькі што вярнуліся з Амерыкі...

І ўсё пасля гэтага... У кожнага з нас была сям'я.

«Лёс вырашыла... калядна-абрадавая праграма...»

А потым спатрэбіліся цэлыя тры гады...

Да таго часу, як я стала здымацца ў карціне «Беражыце жанчын», мая мама, якая 10 гадоў была прыкавана да ложка з-за няшчаснага выпадку, пакінула нас. Тата застаўся адзін. Таму ў прамежках паміж здымкамі я з Адэсы лятала да яго ў Гродна.

У той раз я не павінна была ляцець. Але менавіта 18 лістапада — менавіта гэтую дату мы з Валодзем заўсёды адзначалі як дзень нашай сустрэчы, — павільённыя здымкі чамусьці не адбыліся, і ў мяне атрымаліся тры вольныя дні. Канешне, я прыляцела наведаць тату. І ў гэтыя ж тры дні ў Гродне — гастролі «Песняроў»! Я падумала: «Трэба ў рэшце рэшт паглядзець «Песняроў» на сцэне».

Мая кума, Таццяна, гаворыць: «Трэба патэлефанаваць Мулявіну і папрасіць білеты...» Адказваю: «Ну, цяпер я гэта магу зрабіць».

І патэлефанавала. Мулявін якраз быў свабодны і сам узяў трубку. Я назвала сябе...

У іх было 2 канцэрты — у 7 гадзін вечара і ў 9... Я спытала: «Які канцэрт лепшы?..» Мулявін адказаў: «Яны абсалютна аднолькавыя». «Ну, тады — у дзевяць...» Мы дамовіліся. Тут прыбягае кум: «Я здабыў 2 білеты на канцэрт у 7 гадзін вечара!» Я кажу: «Таня, пойдзем! Якая нам розніца? Абы паглядзець!»

Калядна-абрадавая праграма, якая выконвалася ў першым аддзяленні, мяне вельмі ўразіла — музыка была настолькі ўзвышаная, настолькі ачышчальная!.. А ў другім аддзяленні — проста песні. Мы з Таняй выйшлі такія прасветленыя! Я кажу: «А я яшчэ раз паслухала б першае аддзяленне!» Таццяна: «Дык у нас жа ёсць білеты і на канцэрт у 9!..» Мы апрануліся і ...зноў адчынілі ўваходныя дзверы — быццам бы з вуліцы прыйшлі...

Дзіўна: тут я адчула, што зараз яно адбудзецца... Таму што перад канцэртам — я гэта ўжо ведаю, адпрацаваўшы з Валодзем 23 гады, — Мулявін ніколі не выходзіў сам ні да якіх гасцей. А тут, накінуўшы на сцэнічны касцюм кажух, надзеўшы для маскіроўкі шапку (гэта было вельмі смешна — усё роўна яго выдавалі вусы) і трымаючы ў руках білеты, стаіць, чакае... Мы падышлі: «Добры вечар!» Валодзя аддаў білеты, адміністратар адразу забрала нашу вопратку, і я зразумела: першым аддзяленнем усё гэта не скончыцца...

Мне здаецца, перад тымі трыма днямі ў Гродне ў кожнага была свая перадгісторыя. Фільм «Хаджэнне па пакутах» ужо выйшаў на экраны, і дзесьці далёка-далёка, на нейкіх гастролях, Валодзя ўбачыў Кацю. Ён толькі праз гады прызнаўся ў гэтым. І вобраз Кацярыны Дзмітрыеўны Смакоўнікавай вельмі ўразіў яго... А мяне ўразіла цудоўная калядна-абрадавая праграма. Уразіла настолькі, што мне захацелася паглядзець яе ў другі раз, інакш бы я проста пайшла б дадому пасля першага канцэрта...

«Я цябе знайшоў!»

Я зноў паехала ў Адэсу, на здымкі, і там, на жаль, захварэла, прастудзілася. І вось... Адэская гарадская бальніца. Тэмпература. Кропельніца. Адчыняюцца дзверы — урываюцца... вусы ў гваздзіках, і Валодзя гаворыць: «У мяне толькі 45 хвілін, я толькі што прыляцеў і гэтым жа самалётам — назад!»

Ён проста мяне згубіў. Мой нумар у атэлі не адказваў, а я сапраўды так моцна захварэла, што мяне на «хуткай» адвезлі... І не знайшоўшы мяне, ён зрабіў самы мужчынскі, на маю думку, учынак: сеў у самалёт, прыляцеў у Адэсу, папярэдне патэлефанаваўшы на кінастудыю, даведаўся, дзе, што, якая бальніца...

Прычым 45 хвілін у яго было на ўсё. Гэта значыць— прыляцеў, каб толькі сказаць: «Я цябе знайшоў!»

А потым Мулявін яшчэ некалькі разоў прылятаў у Адэсу, а «Песняры» нават не здагадваліся, куды і чаму ён знікаў.

Ведаеце, мужчына сваімі ўчынкамі даказвае, што ён годны каханай жанчыны...

А да гэтага я бачыла перад сабой прыклад сапраўднага кахання. Я маю на ўвазе сваіх бацькоў, якія, нягледзячы на маміну трагедыю, былі шчаслівымі. Тата выйшаў у адстаўку, навучыўся гатаваць, прыбіраць, абслугоўваць маму, стаў займацца спортам для таго, каб у яго былі сілы падняць яе, перанесці ў іншы пакой, зрабіць перавязку, каб у яе не было пролежняў... І так — на працягу 10 гадоў! І пры ўсім гэтым мама пісала вершы! Тата ж, калі гатаваў ежу, ставіў талерку ля мамы, і першы кавалачак заўсёды быў ёй. «Гэта — Пеначцы, гэта — мне!» — гаварыў ён. І карміў маму.

Адэская гарадская бальніца. Тэмпература. Кропельніца. Адчыняюцца дзверы — урываюцца... вусы ў гваздзіках, і Валодзя гаворыць: «У мяне толькі
45 хвілін, я толькі што прыляцеў і гэтым жа самалётам — назад!»

2-13

Першыя пралескі — маме, першы бэз — да апошняй яе вясны прыносіў...

Таму я вельмі асцярожна ставілася да яднання з кімсьці душой (тым больш пасля майго першага, студэнцкага, шлюбу).

Валодзя ж зрабіў усё так, як належыць... Гэта было пад Новы год. Як тут зноў не ўспомніць пра лёс! Я збіралася ляцець да таты, каб сустрэць з ім разам Новы год. Але ў Адэсе распачаўся туман, і вылет адкладвалі спачатку на гадзіну, потым — на 2, пасля — на 3... Калі ж вылет дазволілі і я пайшла ўжо са сваімі рэчамі на пасадку, раптам пачула: «Света!»

Паварочваюся — стаіць Валодзя... Ён вырашыў забраць мяне на машыне ў гэтую халадэчу! І ён паспеў. Таму што на небе хтосьці распарадзіўся, каб на зямлі даць туман на 5 гадзін. Інакш я паляцела б да таты — і ўсё! Вось тады я зразумела, што гэта — мой лёс.

І мы з Валодзем разам паехалі ў Гродна. На той час мы абое ўжо былі свабодныя.

...І вось якраз пад самы Новы год Валодзя неяк вельмі сур'ёзна сказаў: «Света, выбачай, мне трэба пагаварыць з тваім бацькам». Я ж кажу — усё зрабіў, як па класіцы... Потым адчыніліся дзверы, яны выйшлі з кухні — абодва задаволеныя.

Валодзя гаворыць: «Я толькі што папрасіў тваёй рукі ў твайго бацькі і атрымаў дазвол»...

«Яны вось такія — мулёнкі...»

Ён быў цудоўны бацька. Яму было 42, калі нарадзіўся Валерык. І вось: яднанне паміж імі было нейкае незвычайнае. Валодзя для сына быў і бацька, і брат, і сябра, і ўсё разам. Такое, кажуць, здараецца, калі дзіця — паскрэбак... Да таго ж яны і не разлучаліся практычна. Валерык быў зусім маленькі, калі мы сталі яго браць з сабой на канцэрты. Самыя першыя «гастролі» сына, у Ленінград, здарыліся, калі яму споўніўся год. Тады ў машыне разам з музычнымі інструментамі ехаў дзіцячы ложак. У 4 гады сын разам з намі пераадолеў палярны круг. Калі яму было 8, нас запрасілі ў Арызону на фестываль духоўнага адзінства. Туды з еўрапейскіх гуртоў быў запрошаны яшчэ адзін гурт з Англіі. І ўсё!..

Валодзя для сына быў і бацька, і брат, і сябра, і ўсё разам. Такое, кажуць, здараецца, калі дзіця — паскрэбак... Да таго ж яны і не разлучаліся практычна. Валерык быў зусім маленькі, калі мы сталі яго браць з сабой на канцэрты.

2-12

Спачатку мы збіраліся сына пакінуць з дзядулем, але Уладзімір сказаў: «Ведаеш, Света, я хачу Валерку зрабіць падарунак». — «Які?» — «Я хачу паказаць яму свет». І сын быў з намі ў Арызоне...

Напэўна, усё, што Валодзя недадаў сваім старэйшым дзецям, матляючыся па гастролях, ён перадаў меншаму. І калі здарылася бяда (Валеру было 20 гадоў), ён, не задумваючыся, разам з намі паляцеў у Маскву, каб аказваць бацьку магчымую дапамогу, і не адыходзіў ад яго ні на секунду. І самае галоўнае, сын маральна падтрымліваў бацьку, заўсёды прыходзіў з жартамі, з новымі анекдотамі... І толькі некалькі разоў, калі Валера не вытрымліваў і выскокваў у калідор, я бачыла яго слёзы. А так заўсёды (бадзёрым голасам): «Тата! Мы зараз зоймемся гімнастыкай! Мы зробім масаж!..» Усё было ўзаемна. Яны вось такія — мулёнкі...

Заўсёды разам

Сям'я абумоўлена адзінствам. І калі творчасць звязана з паездкамі — па неабсяжнай тэрыторыі СССР, па ўсім свеце, — немагчыма, каб хтосьці адзін заставаўся дома (гэта было рашэнне Уладзіміра Георгіевіча). Падбор вершаў... Вядзенне канцэртных праграм... Рэжысёрская праца... Напісанне сцэнарыяў... І, нарэшце, — афіцыйны памочнік дырэктара — мастацкага кіраўніка БДА «Песняры».

Памятаю, на святкаванні 25-годдзя «Песняроў» на «Славянскім базары» Надзея Бабкіна з усёй сваёй прамалінейнасцю спытала мяне: «Света, ты калі-небудзь задумвалася, што прынесла сябе ў ахвяру?..» «Не! — адказала я. — Калі б я хоць аднойчы пра такое задумалася, адразу б збегла...»

Тамара БУНТА

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.