Вы тут

У чым сіла, брат?


Наташа пазнаёмілася з будучым мужам падчас юбілейнай сустрэчы з аднакласнікамі. Споўнілася 10 гадоў, як яны скончылі школу, таму вырашылі адзначыць гэта на дачы ў Барыса, хлопца з іх класа. Там Наталля і ўбачыла Улада, яго малодшага брата. Убачыла і здзівілася: дзе яе вочы былі раней, чаму ў школе яна не заўважала такога прыгожага хлопца?..

Пасля вечарыны яны сталі тэлефанаваць адно аднаму, сустракацца. А праз паўгода Улад зрабіў ёй афіцыйную прапанову рукі і сэрца. Наталля пагадзілася адразу: па-першае, хлопец ёй падабаўся, а па-другое, яна добра ведала яго старэйшага брата. Барыс заўсёды быў вельмі сур'ёзны, самастойны, адказны і працавіты. Адзіны з тых, хто нават у апошнім класе рабіў усе хатнія заданні і ў каго можна было спісаць на ўроку, надзейны таварыш ва ўсіх справах...

Якое ж было здзіўленне, калі ўсяго праз некалькі месяцаў яна зразумела: Улад — поўная супрацьлегласць старэйшага брата. Легкадумны, бязладны, гультаяваты, ні на што не здатны ні ў хатніх, ні, тым больш, у сур'ёзных жыццёвых справах.

Закаханасць змянілася расчараваннем. Усё часцей Наталля пачала задумвацца пра тое, што памылілася, аддаўшы перавагу Уладу...

А цяпер узгадаем казку пра тое, як у аднаго бацькі было тры сыны: старэйшы — разумны, другі — ні тое, ні сёе, а трэці, малодшы, — дурань дурнем... У гэтай казцы вельмі дакладна і яскрава даецца характарыстыка тром тыпам мужчын.

Старэйшы брат — і сапраўды часта самы разумны. І не толькі сярод сваіх братоў і сясцёр, але і сярод калег. Ён з дзяцінства быў аўтарытэтам для малодшых, прызвычаіўся іх апекаваць, абараняць, адказваць за іх перад бацькамі. Таму ён умее і вогнішча распаліць, і суп зварыць... Свае адказнасць і клопат ён звычайна пераносіць на сяброў, аднакласнікаў, калег, а з цягам часу — і на бацькоў, асабліва састарэлых. Старэйшы брат прывучаны працаваць з малых гадоў, ён старанна вучыцца ў школе, а потым добрасумленна і мэтанакіравана працуе. Старэйшы часцей за іншых братоў робіць поспехі ў кар'еры. Дома ён — гаспадарлівы і клапатлівы муж, тата і сын, які добра разумее сваё прызначэнне — забяспечваць і абараняць. Гэта менавіта той мужчына, пра якога гавораць: «За мужам — як за мураванай сцяной».

Сярэдні брат — так сабе... Але толькі на першы погляд. З «сярэдніх» атрымліваюцца досыць таленавітыя і паспяховыя людзі, бо сярэдні ўсё сваё дзяцінства сапернічае са старэйшым за першынство. Апроч таго, у сярэдняга брата характар звычайна больш падатлівы: ён не прызвычаіўся камандаваць і чытаць маралі, як старэйшы, умее дамаўляцца. Ён пастаянна імкнецца да лідарства і не любіць падпарадкоўвацца, таму ў дарослым жыцці стараецца выбраць працу, дзе будзе сам сабе гаспадар. Менавіта з гэтай кагорты выходзіць шмат дзелавых людзей... Дарэчы, для сямейнага жыцця такія мужчыны — проста знаходка. У іх не бывае крайнасцяў у характары. З імі лёгка знайсці агульную мову.

Малодшы — звычайна ўсеагульны любімчык, нярэдка — пястунчык. Ён прывыкае да гэтай ролі і стараецца быць у ёй усё жыццё. З маленства ён агорнуты любоўю і клопатам не толькі бацькоў, але і старэйшых братоў і сясцёр. Яму даруюць тое, што не даруюць іншым. Таму малодшы прывыкае ў цяжкіх сітуацыях хавацца за спіны старэйшых і ні за што не адказваць. Прывычка пераўтвараецца ў рысу характару, і ў рэшце рэшт вырастае чалавек, які легкадумна ставіцца да праблем і ў сям'і, і на працы, і ў жыцці наогул. Малодшанькія не прывыклі напружвацца, браць на сябе адказнасць, пераадольваць цяжкасці, таму і кар'еру зрабіць ім складана. Затое яны часта бываюць душой калектыву. Малодшыя браты — звычайна вельмі камунікабельныя. З маленства яны прывыклі пазбягаць канфліктаў са старэйшымі, больш моцнымі фізічна, навучыліся гасіць спрэчкі мілымі ўсмешкамі, апраўданнямі і адгаворкамі... Жыць з такім мужчынам цяжкавата. Прыйдзецца ўзяць на сябе ролю «мамачкі» — усе важныя рашэнні прымаць самой: рабіць рамонт, выхоўваць дзяцей, а за адным разам — і мужа. А яшчэ прыйдзецца цярпець яго вясёлыя кампаніі, сяброў і, не выключана, сябровак...

Тамара БУНТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.