Вы тут

У кожным фізіку жыве... лірык


Фізіка — дакладная навука, і таму людзей, якія ёй займаюцца, прынята лічыць сур'ёзнымі. Аднак 41-е па ліку святкаванне Дзён фізіка ў БДУ даказала, што матэматычны склад розуму — не перашкода для гумару і весялосці.

Святочным дням на фізфаку дала старт антынавуковая канферэнцыя. Заяўкі на ўдзел прымаліся ад усіх ахвотных, а тэматыку дакладаў ніхто не абмяжоўваў. Выкладчык Ігар Цімошчанка стварыў жартаўлівае «Кіраўніцтва па чытанні лекцый»: «Калі сутнасць лекцый зразумелая, тады таямніца дысцыпліны знікае. Студэнту робіцца сумна, і ён перастае хадзіць ва ўніверсітэт». Выкладчык фізфака прапанаваў розныя спосабы, каб ускладніць жыццё студэнтам: «Калі пішаце формулы, стаўце то маленькі, то вялікі Х. Адна з маіх любімых фраз на лекцыях — «Паглядзіце на формулы... якія я ўжо сцёр!».

7-17

7-17

 

Пётр Часнакоў, аспірант фізічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, прыехаў у Мінск спецыяльна, каб выступіць на канферэнцыі. «Было цікава не толькі самому прыняць удзел, але і паглядзець, у якіх напрамках развіваецца гумар беларускіх фізікаў», — расказаў хлопец.

Галоўны прыз (ІPod) за найлепшы даклад атрымаў студэнт V курса фізічнага факультэта Павел Орсіч. Ён разгледзеў узаемадзеянне жаночых і мужчынскіх ядраў і на падставе гэтага вывеў «Атамную тэорыю адносінаў». Поспех даклада можна растлумачыць тым, што ў ім была закранута тэма, якая выклікае асаблівы інтарэс у моладзі.

На наступны дзень адбылася прэс-канферэнцыя з любімымі (і не толькі) выкладчыкамі. Студэнты добра падрыхтаваліся да гэтага мерапрыемства і з вялікім задавальненнем задавалі каверзныя пытанні накшталт «Я ўбачыў у краме кнігу «Квантавая механіка для чайнікаў». А для якога посуду яшчэ можна скарыстаць квантавую тэорыю?», «Колькі вымярэнняў неабходна для апісання фізічнага цела, якое падпарадкоўваецца жаночай логіцы?», «Часам я засынаю на вашых лекцыях і вы мне сніцеся. А што сніцца вам?» і іншыя.

Далей студэнты па традыцыі сарвалі першую пару і пайшлі мітынгаваць ва ўнутраны дворык БДУ. «За Ньютона! У імя Лагранжа! Электрон за пратон!» — скандзіравалі фізікі, а выпадковыя мінакі са здзіўленнем за імі назіралі.

Заняткі ў гэты дзень на фізфаку афіцыйна адмянілі, а замест іх у аўдыторыях арганізавалі атракцыёны і бар. Студэнты супернічалі паміж сабой у веданні законаў фізікі, маглі пакінуць запіс на «памятнай парце» ці нават... ажаніцца ў імправізаваным ЗАГСе. На аўкцыёне «Усляпую» можна было набыць лот і толькі потым даведацца, што ён з сябе ўяўляе. Загадкавая «Палавінка свету» аказалася павязкай на вока, а «Цесная жаночая кампанія» — матрошкай.

Увечары для першакурснікаў прайшоў традыцыйны спектакль-пасвячэнне, неад'емнымі атрыбутамі якога з'яўляюцца не толькі ўрачыстая клятва і выкананне гімна фізікаў «Дубінушка», але і танец канкан, і нумар са свечкамі.

А завяршыліся святочныя дні «капуснікам» гасцей (членаў арганізацыйных камітэтаў Дзён фізіка іншых універсітэтаў). Падтрымаць фізікаў БДУ прыехалі студэнты з Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта
імя М.В. Ламаносава, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, Маскоўскага авіяцыйнага інстытута, Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута і іншых. Варта адзначыць, што Дні фізіка — гэта традыцыя, якая складвалася на працягу некалькі дзесяцігоддзяў намаганнямі студэнтаў фізфакаў розных універсітэтаў і краін.

Ганна Курак, 
студэнтка ІІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ.

 

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.