Вы тут

ДАЛУЧЭННЕ ДА ДУХОЎНАСЦІ


Кожны раз, калі сустракаю Аляксандра Мікалаевіча Бусла, мімаволі ўспамінаю яго бацьку — Мікалая Андрэевіча. Справа не толькі ў знешнім падабенстве (з гадамі яно становіцца ўсё больш пераканаўчым) і нават не ў аднолькавай парывістасці рухаў, а ў нейкай спачувальнай дабрыні, якая праступае ва ўсім абліччы, і ў заўсёднай гатоўнасці адгукнуцца канкрэтным учынкам.

Менавіта такой яна была і ў бацькі. Запомніўся ён мне ў звычайнай для яго франтавой гімнасцёрцы, адзін рукаў якой быў заткнуты за пацямнелы ад часу афіцэрскі рэмень. Усе журналісты раённай газеты, у якой я тады пасля ўніверсітэцкага журфака пачынаў працаваць, з асаблівай гатоўнасцю згаджаліся на карэспандэнцкі маршрут у Дуброву, дзе галоўным бухгалтарам мясцовага калгаса і працаваў Мікалай Андрэевіч. Разумелі, што без абеду ніколі не пакіне. Гасціннасць яго хаты ведалі ўсе. Ды і суразмоўцам ён быў выдатным. Даводзілася не раз і мне чуць яго аповед пра тое, як ён ваяваў тут, у родных мясцінах падчас аперацыі «Баграціён».

Зрэшты, расказаць хачу зусім пра іншае. Амаль трыццаць гадоў працуе яго сын Аляксандр Мікалаевіч на камунальным даччыным унітарным прадпрыемстве меліярацыйных сістэм. З іх апошнія дзесяць — дырэктарам. Прадпрыемства — адно з найлепшых у Гомельскай вобласці. Спецыфіка хоць і засталася ранейшай, але зводзіцца, галоўным чынам, да рэканструкцыі меліярацыйных аб'ектаў, захавання ўжо існуючых гідратэхнічных збудаванняў, рэгулёўкі воднага рэжыму, «рамонту» каналаў. А гэта — прамыванне дрэнажу, ачыстка ад заглейвання, высечка хмызнякоў... Але часцей за ўсё зараз меліяратары займаюцца будаўнічай ды земляной працай. Шмат у чым дзякуючы Аляксандру Мікалаевічу было выратавана ад знікнення Светлагорскае вадасховішча, якое ў нас часта называюць морам. Ён узяў яго пад апеку меліяратараў. Дарэчы, гэта высокапрадукцыйны, добра праграваемы вадаём з багатым утрыманнем спажыўных рэчываў, а значыць, валодае вялікімі кармавымі рэсурсамі. Пра чысціню вады можна меркаваць па тым, што тут раздольна пачуваюць сябе даўгапалыя ракі, хоць развядзеннем іх ніхто не займаецца. На вадасховішчы можна сустрэць сапраўдныя зараснікі эладэі. А на вялікіх глыбінях — харавыя водарасці. Так і хочацца назваць яго падводнай лугавінай. Таму вадасховішча прывабнае для качак і гусей. Паміж зялёнымі астраўкамі можна сустрэць лебедзяў-шыпуноў...

Зараз плошча вадаёма — больш за 15 тысяч квадратных метраў. А люстэрка вады — каля 800 гектараў, глыбіня ў кар'ерах — да 18 метраў. Штогод, дзякуючы помпавай станцыі, у вадасховішча паступае да 10 мільёнаў кубічных метраў вады. Яно рэгулярна зарыбляецца і стала любімым месцам для рыбакоў-аматараў, якія праводзяць тут нават рэспубліканскія спаборніцтвы па такім своеасаблівым відзе спорту. Адпачынак, як гаворыцца, на любы густ. Гэтаму спрыяюць альтанкі, павеці, шатры, зручныя прычалы, гасцявыя домікі.

Нядаўна Аляксандр Бусел адзначыў сваё пяцідзесяцігоддзе. У кожнага, хто прыйшоў яго павіншаваць, знайшліся нейкія асабліва шчырыя словы. Казалі і пра тое, які ён прафесійны пчаляр, як любіць падарожнічаць. Пабываў не толькі ва ўсіх самых прывабных месцах Беларусі, але і далёка за яе межамі: у Галандыі, Венгрыі, Германіі, Чэхіі, Бельгіі, Польшчы, Славакіі і нават у Егіпце і Шры-Ланцы... Мяне ж заўсёды захапляла тое, што ён не проста падарожнічае, а духоўна ўзбагачаецца. Неяк неўпрыкмет стаў сапраўдным сябрам нашай карціннай галерэі. Менавіта ў ёй пазнаёміўся і са шматлікімі мастакамі. Па-сяброўску сустракаецца з дырэктарам Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімірам Іванавічам Пракапцовым.

А яшчэ Аляксандр Мікалаевіч неяк вельмі натуральна далучае да духоўнага спазнання свой, можа, тым і дружны калектыў. Экскурсійна пабывалі ў Нясвіжскім і Мірскім замках, у рэзідэнцыі Дзеда Мароза (а гэта Белавежская пушча), у Полацку і на «Славянскім базары» ў Віцебску... А нядаўна, 8-га Сакавіка, дырэктар падарыў жаночай частцы калектыву паездку ў Нацыянальны мастацкі музей для знаёмства са спадчынай легендарнага Леанарда да Вінчы.

— Многія ўпершыню даведаліся, што гэты геніяльны мастак таксама геніяльна прысутнічае ў дасягненнях фізікі, механікі, грамадзянскай і ваеннай інжынерыі, гідраўлікі, анатоміі, авіяцыі,— расказвае Аляксандр Мікалаевіч. — Уражанняў нямала. А яны заўсёды натхняюць на новыя экскурсійныя паездкі. Я перакананы: хто больш багаты духоўна, той лепш і больш творча працуе.

З гэтым нельга не пагадзіцца.

Ізяслаў Катляроў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.