Вы тут

Даруй мне, Дварняк


Урывак з апавядання

Кацярына Захарэвіч нарадзілася ў Докшыцах. Студэнтка IV курса Інстытута журналістыкі БДУ, рэдактар спецыяльных праектаў часопіса «Бярозка», піша вершы і апавяданні. Пра сябе кажа: «Я недапаэт і недапразаік, хапаюся і за тое, і за тое. А разам з тым мару ахапіць яшчэ і вышэйшую матэматыку, і ядзерную фізіку...»

21-9

...Яна ляжала, выцягнуўшыся на ложку, і думала, як не хапае ёй цішы і цемры, у якіх нічога не існуе і можна нават забыцца, што існуеш сама. У свае амаль 16 гадоў яна адчувае сябе прыбізна на 40 і нават крыху ганарыцца гэтым. У адрозненне ад сваіх аднакласнікаў і іншых знаёмых, ледзь не фізічна адчувае ўсю рэалістычнасць, бескампраміснаць, бязлітаснасць жыцця. Астатнія, наіўныя і неразумныя, вераць у сваю абранасць, незвычайнасць, у шчаслівы лёс, які чакае іх; а яна разумее, што верыць у гэта няма ніякай падставы. Амаль кожную ноч яна даводзіла гэта сабе ўпэўнена і пераканаўча...

Ёй не хацелася ні аўтамабіля, ні прынца, ні каня. Яна проста хацела, каб тыя, што шумяць за сценкай, хутчэй змоўклі і далі ёй паспаць. І яшчэ каб ліхтар, які так жорстка і бескарысна свеціць у вочы праз фіранкі на акне, злітаваўся і згас.

* * *

Недзе ў горадзе, сярод вялікіх шэрых чужых дамоў з цёплымі агеньчыкамі вокнаў ёй было куды ўтульней, чым дома. Горад быў чужым і не ўтойваў гэтага; яго не трэба было называць сям'ёй, паважаць і любіць ці адказваць, чаму не робіш гэтага. Можна згубіцца сярод такіх самых звычайных людзей і адчуваць сябе не адной, быць часткай чагосьці. Можна яшчэ зазіраць у вокны, з якіх льецца святло. Там, ва ўтульных куханьках, гасцёўнях ці дзіцячых пакоях, ідзе сваё жыццё: мернае, неадзінокае, шчаслівае. І можна ўяўляць сабе, што ты жывеш разам з імі: і ты любіш, і цябе любяць, і прыносяць табе халоднае малако з цёплым пірагом, расказваюць, як прайшоў дзень і што будзе заўтра. Добра заўсёды ведаць, што заўтра будзе шчаслівым.

У яе нават былі свае любімыя людзі там, за шклом. Яна прыдумляла ім імёны, лёсы, словы, якімі яны абменьваліся, радавалася, калі яны ўсміхаліся, і сумавала разам з імі. Лічыла іх шчаслівымі і наіўнымі, «дурненькімі». Але такім «дурненькім» яна не стала б чытаць лекцыю пра праўду і сэнс жыцця. Хай лепей жывуць і не ведаюць, звычайныя, простыя, шчаслівыя, хай не паўтараюць яе памылак. А яна як-небудзь сама, адна, калі нельга ўжо быць разам з імі, такой, як яны. Калі ўжо яна нарадзілася такой — нешчаслівай і здольнай усё разумець.

Было яшчэ і шмат «ніякіх» вокнаў. Туды яна не вельмі любіла зазіраць, бо вельмі ўжо добра яны адлюстроўвалі яе тэорыю пра бессэнсоўнасць жыцця. Сумныя людзі, заўсёды ўключаныя тэлевізары, ніякія, нібы атупелыя твары. Такія вось амёбныя жыцці, неабходныя, здаецца, толькі для таго, каб стаць звяном біялагічнага ланцужка, такога ж бессэнсоўнага. Вось каго трэба добранька так патрэсці, прымусіць што-небудзь адчуваць: калі не шчасце, то сум, абы толькі не абыякавасць. Абыякавым людзям яна зайздросціла яшчэ больш, чым шчаслівым. Шчасце хутка перастае быць шчасцем, смутак выядае нутро, і толькі абыякавасць нікога не засмучае, бо знішчае ўсе пачуцці.

У нешчаслівыя вокны яна зазірала таксама не вельмі часта. Толькі калі яны вылучаліся на фоне цёмных ці на фоне шчаслівых. Іх яна таксама любіла не вельмі, бо іх жыццё і пакуты былі ці не больш бессэнсоўнымі, чым жыццё абыякавых. Такіх людзей ёй было шкада, а шкадаваць яна не любіла. Лягчэй і неяк нават прыемней было лічыць, што ледзь не ўсе пакуты свету, усё існаванне ў цяжкай бессэнсоўнасці жыцця нясе яна адна, выратоўваючы ад яго астатніх.

А трэцяй гадзіне ночы святло не гарэла амаль ні ў адным з вокнаў. Яна нават пашкадавала крыху, што выбралася ў такі час, як след не апрануўшыся — пад лёгкай восеньскай курткай па скуры пабеглі дрыжыкі. Магчыма, на канапе пад коўдрай дома было б і ўтульней, тым больш калі бацькі ўжо супакоіліся і заснулі. Але дадому ісці не хацелася, лепей зноў знайсці якое-небудзь шчаслівае акно, сесці ціхенька дзе-небудзь насупраць, каб ніхто не заўважыў, і назіраць, уяўляючы, што вось яна — твая сям'я, шчаслівая і простая, як у дзіцячых казках, такіх, якія ніхто ніколі не пісаў.

Кацярына Захарэвіч

 

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.