Вы тут

Маёвая песня літаратурных часопісаў


Шаноўныя чытачы, запрашаем вас у чарговую вандроўку па літаратурных часопісах «Маладосць», «Полымя», «Нёман» і «Бярозка». Прабяжымся хуценька па старонках вышэйзгаданых выданняў і паглядзім, на што натхніла маёвая песня іх рэдактараў.

26-25

«Полымя» па традыцыі прапануе чытачам сур'ёзныя творы сур'ёзных пісьменнікаў. Адкрывае часопіс працяг рамана Уладзіміра Гніламёдава «Пасля вайны».

Ваенную тэму працягвае паэма Сяргея Давідовіча «Хатыні вечныя званы». Працытуем шчымлівы фрагмент з яе:

Тут не музей,

хоць ёсць экскурсаводы,

Тут боль, як свет — такой велічыні,

Тут попел тых, хто згінуў назаўсёды,

Каму баліць і сёння, у нашы дні.

Пра ваеннае ліхалецце распавядае таксама Алесь Дзятлаў у апавяданні «Спагадлівая душа».

Паэзія прадстаўлена жаночай лірыкай: падборкамі вершаў Таццяны Мушынскай «А людзі думаюць, што гэта — песня...» і Лідзіі Андрэевай «Між зямлёю і небам ёсць я».

У рубрыцы «Галасы свету» шукайце аповесць рускага пісьменніка Яўгена Шышкіна «Канцэрт». Яўген Васільевіч, між іншым, шмат робіць для папулярызацыі ў Расіі твораў беларускай літаратуры: як сведчыць «Полымя», «пад яго рэдакцыяй у часопісе «Наш современник» надрукаваны дзясяткі твораў нашых празаікаў розных пакаленняў».

У рубрыцы «Старонкі лёсу» чытайце ўспаміны Льва Коласава, вядомага ў Беларусі і за яе межамі філатэліста, пра пачатак вайны і тры гады яго жыцця на тэрыторыі, захопленай фашыстамі, у маленькім Лунінцы.

«Полымя» таксама не абмінула ўвагай шаноўнага юбіляра Уладзіміра Ліпскага: у рубрыцы «Постаці» вы знойдзеце гутарку, якую вёў з пісьменнікам Зіновій Прыгодзіч.

У раздзеле «Навуковыя публікацыі» пачытайце матэрыялы, звязаныя з Уладзімірам Жылкам: Людміла Сінькова піша пра рэцэпцыю беларускім паэтам лірыкі Аляксандра Блока, а Мікола Трус, аналізуючы пераклады твораў Іржы Волькера, зробленыя У. Жылкам, разважае пра беларуска-чэшскія культурныя ўзаемадачыненні. Тым, хто не знаёмы са спадчынай вышэйназванага чэшскага пісьменніка, «Полымя» прапануе пачытаць яго апавяданне «Служка». Вераніка Карлюкевіч распавядае пра першае знаёмства кітайцаў з «Жалейкай» Янкі Купалы, якая была выдадзена ў Шанхаі ў 1946 годзе.

«Маладосць» пачынаецца з рукапіснага звароту пісьменніцы Алены Васілевіч да маладога пакалення, мэта якога — выгнаць абыякавасць з сэрцаў маладых да падзей Вялікай Айчыннай. Гэта, на думку пісьменніцы, неабходна перад прачытаннем яе апавядання «Пісар страявой часці», якое ідзе следам. Ваенную тэму працягвае Алесь Карлюкевіч нарысам «Галасы са спаленай Беразянкі». У рубрыцы «Фота і трошкі тэксту» вы знойдзеце колькі эксклюзіўных газетных матэрыялаў часоў Вялікай Перамогі.

Адметнасць пятага нумара «Маладосці» ў тым, што ён прысвечаны Віцебшчыне, таму большасць яго аўтараў і герояў — ураджэнцы гэтай прыўкраснай паўночнай зямлі.

У рубрыцы «Выбітныя» чытайце пра полацкі музычны гурт «Sumarok», які ўпарта прабівае шлях да сэрцаў як мага большай колькасці слухачоў.

Ва «Упершыню ў «Маладосці» вы пабачыце паэзію віцебскага гісторыка Кірыла Мяцеліцы, які «любіць, калі вакол яго мала людзей і многа кніг», апавяданні Яніны Пінчук, «якая бачыць незвычайнае нават у штодзённым, з чаго і стварае новую рэальнасць», вершы Ігара Палынскага, лідара таго самага гурта «Sumarok» з «Выбітных», які марыць пра дуэт з Арбенінай.

Кацярына Захарэвіч, рэдактара аддзела школьнага жыцця часопіса «Бярозка», якая пакуль не вырашыла, кім ёй быць, празаікам або паэтам, парадуе чытачоў шматбаковым плёнам сваёй творчасці: апавяданнем «Даруй мне, дварняк» і падборкай вершаў «Вогнішча ўнутры».

Прачытайце колькі «простых слоў» ад паэткі Волі Чайкоўскай, з якіх складаецца ў тым ліку «Ода ваннаму пакою».

Аматарам эксперыментаў адносна сюжэту і формы раім пачытаць апавяданні Арцёма Арашонка, сярод якіх ёсць казка ў стылі панк, а таксама незвычайная гісторыя пра Марка Шагала.

Нячаста «Маладосць» бярэцца друкаваць вялікія літаратурныя формы. Таму кожнае з'яўленне такой на старонках часопіса — падзея. І падзея распачынаецца акурат у пятым нумары: гэта метагістарычныя эцюды Міколы Каляднага «Львінае вока». Працяг будзе ў наступных двух нумарах. Гэты нестандартны тэкст, напісаны каларытнай мовай, Не пакіне абыякавымі тым, хто цікавіцца звышнатуральнымі чалавечымі здольнасцямі.

3 чэрвеня Васілю Зуёнку спаўняецца 80 гадоў. «Маладосць» сардэчна віншуе свайго колішняга галоўнага рэдактара і дзеліцца з чытачамі радасцю з нагоды свята. У нумары чытайце падборку свежых вершаў Васіля Васільевіча, а таксама эксклюзіўнае інтэрв'ю пад назвай «Тры весткі з маладосці», з якога вы даведаецеся, чым вылучалася рэдакцыйнае жыццё «Маладосці» 50-гадовай даўнасці, якія стасункі з рэдакцыяй меў Уладзімір Караткевіч і многае іншае.

На вокладцы віцебскай «Маладосці» — твар Язэпа Драздовіча, непаўторнага феномена беларускай культуры. У асноўным яго ведаюць як мастака, менш гаворыцца пра яго пісьменніцкую дзейнасць. Гэты прабел «Маладосць» вырашыла запоўніць публікацыяй артыкула маладой даследчыцы Маргарыты Пятуховай «Гісторыя Беларусі ў інтэрпрэтацыі Язэпа Драздовіча. На матэрыяле рамана «Гарадольская пушча», а таксама падборкі вершаў мастака і пісьменніка.

26-26

У рубрыцы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта «Пераклады» гэтым разам — апавяданні шатландскай пісьменніцы Кэрал Фарэлі «Шкляны ліфт» і «Жук-магільнік», а таксама перакладзеныя з сербскай мовы вершы Ранкі Радваіча.

Завяршаецца нумар юбілейнымі «ўліпкамі» Уладзіміра Ліпскага. Таямніцу «ўліпак» раскрываць не будзем, каб вы, дарагія чытачы, яшчэ з большай нецярплівасцю чакалі выхаду часопіса!

Нечакана творамі рускіх аўтараў распачаўся часопіс «Нёман». Урывак з рамана Захара Прылепіна «Абіцель», «Імгненні» Юрыя Бондарава, яшчэ шмат якаснай прозы і паэзіі будуць чакаць вас у рубрыцы «Сябрына»: Беларусь — Расія».

Далейшы матэрыял часопіса зацікавіць аматараў чытаць чужыя лісты. «Нёман дае магчымасць зазірнуць праз плячо аўтараў карэспандэнцыі, што пісалі Івану Шамякіну. Якія заўвагі рабілі яму перакладчыкі, чым захапляліся калегі, праз якія перашкоды праходзілі яго творы на рускай мове і чаму раман «Сэрца на далоні» так і не быў выдадзены на мангольскай мове... Для поўнага паглыблення ў лісты як у сапраўдны раман не хапае толькі аднаго — адказаў на іх.

26-28

Гістарычны ўхіл часопіса працягвае і дакументальная аповесць Уладзіміра Ландэра «Салдат вайну не выбірае». Ад «Дома за ваколіцай» разам з Мікалаем Васільевічам Дуброўскім, галоўным героем, пройдзем усе баі да самай Нямеччыны і разам пачуем «Доўгачаканае слова «Пабеда» і пасля яе пражывём яшчэ цэлае жыццё.

Яшчэ адна біяграфічная гісторыя — Міхаіла Рыгоравіча Солапава — дзіўнага па сваёй шматбаковасці і бадзёрасці чалавека, музыканта, дырыжора, хормайстра, педагога, публіцыста... «Ледзь не кожны, хто знаёмы з маэстра Солапавым, гатовы гадзінамі слухаць яго нетаропкае і падрабязнае апавяданне пра перажытае». Далучымся да слухачоў і мы і паглыбімся ў «захапляльны шматсерыйны раман», які «мог бы атрымацца на падставе яго апавяданняў».

А завяршаецца «Нёман» артыкулам, прысвечаным беларускай літаратуры з... Пецярбургу... Пройдземся па яе адрасах, даведаемся, дзе жыў Фадзей Булгарын, кім працаваў на заводзе Ілья Гурскі і ў каго спыняўся ў 1909 годзе Янка Купала.

Вокладка часопіса для падлеткаў «Бярозка» настройвае на чытанне новым дэвізам: «Я люблю ганарыцца сваім». І, уласна кажучы, ёсць чым. Таленавітыя маладыя аўтары першых старонак могуць ганарыцца сваімі вершамі і празаічнымі замалёўкамі, прысвечанымі галоўнай падзеі апошніх трох месяцаў — вясне!

А мінскі ліцэй № 2 мае поўнае права хваліцца сваёй «фішкай» — літаратурнымі гасцёўнямі-вечарынамі, на якія праз свае творы і гісторыі з жыцця завітваюць вядомыя паэты і празаікі. Юнкар Ксенія Сасніна напісала рэпартаж з такой сустрэчы з Барысам Пастэрнакам. Лічыце такія мерапрыемствы сумным «пратакольным» абавязкам пасля заняткаў? А вось і не, на іх адбываецца шмат чаго цікавага і нечаканага! Ці можаце вы ўявіць, што настаўніца рускай літаратуры ў часы свайго студэнцтва на філфаку проста «не пазнала» верш Пастэрнака і менавіта з таго часу закахалася ў яго творчасць? Пра іншыя цікавыя падзеі, звязаныя з паэтам, даведаецеся ў «Школе журналістыкі».

Рэчы, якія належалі Петрусю Броўку і захоўваюцца зараз у яго літаратурным музеі, можна ўбачыць у рубрыцы «Незапыленае». Для таго, каб трапіць у яго працоўны кабінет, убачыць жонку і сына і даведацца, што перамагала ў спаборніцтве алоўка з нямецкай друкарскай машынкай, можна ўсяго толькі разгарнуць часопіс.

Дзіцячы цэнтр, а дакладней, сапраўдная дзіцячая краіна «Зубраня», сярод іншага можа ганарыцца і сваімі традыцыямі, якія падчас змены робяцца сапраўднай часткай існавання кожнага жыхара. Як правільна вітацца «па-зубраняцку», як найбольш гучна вымаўляць крычалкі, у якіх магічных месцах загадваць жаданні, распавядаюць самі жыхары краіны «З».

Пра свой незвычайны і нават экстрэмальны занятак распавядзе Іван Вісарэнка, герой рубрыкі «Гісторыя поспеху», аўтаспыншчык са стажам. Ён расказаў, як выбірае краіну для чарговага падарожжа, з якога месца лепей за ўсё пачынаць, каго браць з сабой і як размяркоўваць грошы. А яшчэ Іван адкрыў перад карэспандэнтам «Бярозкі» дзверы свайго пакоя, паказаў здабыткі з падарожжаў і пазнаёміў чытачоў са сваім сябрам — прусаком Яраславам.

Тамара Мінютка,
Кацярына Захарэвіч

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.