Вы тут

Паміж жаданнем і бюджэтам


На што і як жывуць студэнты?

Студэнцкія гады прынята лічыць аднымі з самых цікавых і насычаных у жыцці кожнага: ты ўжо нібыта і дарослы, але ўсё яшчэ вольны ад працы, ды і сям'ю стварыць не паспеў. Адзіны клопат — вучоба. Але што там — наведвай лекцыі, здавай заданні і своечасова рыхтуйся да экзаменаў. Праўда, не ўсё так проста, калі ты малады, поўны сіл і энтузіязму, бо табе хочацца ўсяго і адразу: вандраваць, купляць прыгожыя рэчы, а пасля заняткаў адпачываць у модных месцах. Вядома, што стыпендыі на ўсё не хапае (а калі вучышся на платным, дык і ўвогуле яе не маеш). Сённяшнія студэнты падзяліліся інфармацыяй пра сумы, якія яны трацяць за месяц, і пра тое, на што ідуць гэтыя грошы.

Віталіна Бандаровіч, І курс Інстытута журналістыкі БДУ:

— Мой месячны бюджэт не перавышае мільён рублёў (стыпендыя + крыху даюць бацькі). Купляю толькі самае неабходнае: праязны на метро, ежу, нешта з бытавой хіміі. Жыву ў інтэрнаце, хоць і трапіла сюды цудам, бо не маю льгот. Падчас зімовых канікул я знайшла часовую падпрацоўку, каб купіць падарункі на святы блізкім і сябрам. Я ўвогуле намагаюся радаваць сяброў падарункамі, часам нават эканомлю дзеля гэтага.

Арцём Марчук, ІІІ курс біятэхнічнага факультэта Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта:

— Вучуся на платнай аснове, таму стараюся эканоміць. Звычайна трачу 600-800 тысяч рублёў у месяц. Пры гэтым дадому езджу кожныя выхадныя, каб узяць крыху ежы. Паколькі сам гатаваць не люблю, хаджу ў сталовую. Перад паходам у краму раблю спісы, гэта дапамагае не купляць лішняга. Яшчэ я для сябе вырашыў: ніколі не траціць грошы на алкаголь, цыгарэты, фастфуд. Гэта зберагае не толькі сродкі, але і здароўе. Не магу не адзначыць і тое, што ў нашай ВНУ ўсім даюць інтэрнат. Зноў жа — істотная эканомія!

Анастасія Рудопіс, V курс лячэбнага факультэта БДМУ:

— Трачу каля 3,5 мільёна. Гэта без уліку грошай на вопратку, а таксама рэпетытара па нямецкай мове. Галоўным чынам сродкі ідуць на ежу, а таксама на паходы ў кавярні, кіно, тэатры, на канцэрты і іншае. Акрамя таго, я люблю купляць кнігі, рабіць падарункі. Раней падпрацоўвала медсястрой. Хацелася незалежнасці ад бацькоў, думала, што змагу сама сябе забяспечыць. Але ў хуткім часе кінула, таму што зарабляла мала, а праца патрабавала шмат часу і адказнасці.

Павел Варанько, ІІІ курс Інстытута журналістыкі БДУ:

— Я мінчанін, але жыву не з бацькамі. Некалькі гадоў таму пераехаў да бабулі, каб даглядаць яе. Паколькі бацькі аплачваюць маё навучанне ва ўніверсітэце (а гэта немаленькая сума), я вырашыў крыху спрасціць ім задачу — пачаў самастойна зарабляць грошы на жыццё. У жніўні ўладкаваўся ў «МакДональдс». Працую ў вольны ад вучобы час, зарабляю крыху менш за два мільёны рублёў. Цяпер сам плачу за праязны білет, інтэрнэт, тэлефон, і, вядома, ежу. Час ад часу хаджу ў кавярні, купляю нешта з адзення. Але, самае галоўнае, з кожнай заработнай платы я адкладваю грошы на паездку ў Швейцарыю, пра што даўно мару.

Юлія Шаўкова, ІV курс будаўнічага факультэта БНТУ:

— Кожны месяц трачу каля двух мільёнаў рублёў з улікам таго, што жыву ў інтэрнаце. Я падпрацоўваю, калі ёсць магчымасць і час. Грошы ў асноўным ідуць на ежу, раздрукоўкі для вучобы, аплату за тэлефон. Хаджу ў клубы, кавярні, але нячаста. Як і ўсе дзяўчаты, люблю купляць новае адзенне, але звычайна раблю гэта на распродажах. Шчыра кажучы, зусім не ўмею эканоміць. Часам нават займаю грошы да стыпендыі або зарплаты.

Юлія Ляхавец, ІV курс Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-будаўнічага каледжа:

— Звычайна мне хапае 1,5 мільёна, стараюся больш у бацькоў не браць, яны і так плацяць за маё навучанне. Купляю ежу. Калі хачу набыць што-небудзь больш істотнае, эканомлю, адкладваю невялікія сумы. Хацелася б падпрацоўваць, але баюся, што гэта будзе перашкаджаць вучобе, а яна — мой галоўны занятак на дадзеным этапе жыцця.

Вадзім Пайвін, ІІІ курс біялагічнага факультэта БДУ:

— Я бюджэтнік, але ў гэтым семестры, як і ў мінулым, на жаль, «заваліў» экзамен, таму атрымліваў толькі сацыяльную стыпендыю — каля 400 тысяч рублёў. Якія-ніякія, але грошы, і лішнімі яны не былі! Увогуле за месяц трачу каля двух мільёнаў, калі не ўлічваць тое, што здымаю кватэру (за яе плаціць мама). Грошы ідуць на ежу, праезд, камунальныя паслугі. Маю дрэнную звычку — куру цыгарэты, на гэта як мінімум 200 тысяч у месяц ідзе. Ёсць у мяне хобі, якое таксама патрабуе пэўных затрат, — ралявыя гульні. Для іх патрэбны пэўная экіпіроўка, спецыяльныя касцюмы, а гэта таксама каштуе грошай.

...Нягледзячы на рэжым пастаяннай эканоміі, характэрны, як бачна, для многіх, студэнцкае жыццё можна зрабіць цікавым і незабыўным. Проста трэба ўмець карыстацца ўсімі магчымасцямі, якія з'яўляюцца. Напрыклад, для студэнтаў існуе зніжка на ўваход у многія музеі і на выставы. Не ўсе ведаюць, што ў прафкамах навучальных устаноў можна атрымаць бясплатныя білеты ў тэатр ці абанемент на наведванне басейна. Таксама спецыяльна для студэнтаў арганізоўваюцца
экскурсіі на льготных умовах, звесткі пра іх можна знайсці на інфармацыйных стэндах або ў сацыяльных сетках. Таму пры вялікім жаданні і зусім невялікім бюджэце можна здзейсніць многае.

Ганна Курак, студэнтка
ІІІ курса Інстытута журналістыкі.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.