Вы тут

У чаканні лепшага


Сітуацыя ва Украіне доўгі час застаецца сярод топавых навін інфармацыйных стужак сусветных агенцтваў. Многія ўжо па нейкай звычцы праглядаюць паведамленні
аб падзеях у нашай краіне-суседцы: маўляў, ну што там новенькага? І варта прызнаць,
што «новенькага» хапае. Толькі, на жаль, усё больш са знакам «мінус»...

1

Лекі ці ежа?

Не так даўно ў сеціве заўважыў цікавы рэпартаж карэспандэнта ВВС у Кіеве Дэвіда Стэрна, які прымусіў задумацца. Калега пагутарыў «за жыццё» з простымі ўкраінцамі і такім чынам даволі яскрава адлюстраваў агульную сітуацыю не на ўзроўні глабальных аспектаў геапалітыкі, а праз простыя, бытавыя пытанні, якія кожны з нас вырашае штодня. На думку Дэвіда Стэрна, многія ўкраінцы на сабе адчуваюць наступствы моцнай рэцэсіі, у якой апынулася іх краіна.

Напрыклад, цяжка прыходзіцца сям'і Андрэя і Юліі Бурды. Муж і жонка кіруюць дабрачыннай арганізацыяй, якая займаецца дапамогай дзецям з абмежаванымі магчымасцямі. Іх цэнтр займае сціплае памяшканне — два пакоі ў куце адной са школ. Андрэй і Юлія падтрымліваюць работу арганізацыі дзякуючы ахвяраванням 20 сем'яў, дзецям якіх яны дапамагаюць. На сабраныя грошы валанцёры аплачваюць арэнду і купляюць недарагія рэчы, якія дапамагаюць ім у працы.

Дома ў сям'і Бурда ўсё таксама вельмі сціплае. Муж з жонкай, дзве іх дочкі і мама Андрэя жывуць усе разам у здымнай двухпакаёвай кватэры непадалёк ад цэнтра Кіева. Разам яны робяць гіпсавыя фігуркі і шыюць лялькі з ануч, якія потым прадаюць на мясцовых кірмашах. Андрэй адкрыў сэрвіс па доглядзе ёркшырскіх тэр'ераў.

Нягледзячы на тое, што ў сям'і лічаць кожную капейчыну, яны ледзь канцы з канцамі зводзяць. «Мы не можам дазволіць сабе выехаць з дзецьмі недзе пагуляць: у гандлёвы цэнтр, заапарк, цырк, таму што цяпер гэта вельмі дорага», — тлумачыць Юлія.

За апошні год курс грыўні моцна абваліўся. Цэнтрабанк Украіны адмовіўся падтрымліваць нацыянальную валюту. Усё гэта выклікала рэзкі рост інфляцыі. Юлія кажа, што цяпер перад іх сям'ёй нярэдка стаіць складаны выбар: што купіць — ежу ці лекі. Гэтае пытанне ўсё часцей паўстае перад многімі жыхарамі Украіны.

«Мы не можам дазволіць сабе медыкаменты, якія нам патрэбны. Таму што калі мы купім лекі, то застанемся на нейкі час, пэўна, без ежы, — уздыхае Юлія Бурда. — Калі прыходзіш у краму ці на кірмаш, вачам не верыш. Калі раней на каўбасу і сыр у нас быў пэўны цэннік за адзін кілаграм, то цяпер ужо за сто грамаў столькі прыходзіцца выкладваць».

Прагноз пагаршаецца

Цяжкасці, якія адчувае сям'я Бурда, на жаль, характэрныя для многіх па ўсёй краіне, сцвярджаюць эксперты. Сведчаннем таму — пагаршэнне шэрагу найважнейшых макраэканамічных паказчыкаў. Як заявіў кіраўнік місіі Міжнароднага валютнага фонду ва Украіне Мікалай Георгіеў, па выніках 2015 года падзенне тэмпаў эканамічнага росту краіны можа дасягнуць 9% ВУП (летась валавы ўнутраны прадукт змінусаваў на 7,5%), тады як інфляцыя здольная разагнацца да 46%. Паводле афіцыйнай інфармацыі, у чэрвені інфляцыя склала нават 57% — трэці найвышэйшы паказчык у свеце пасля Венесуэлы і Паўднёвага Судана.

Гэта ўжо не першае пераацэньванне перспектыў украінскай эканомікі ў бок пагаршэння. Увесну МВФ і Сусветны банк прагназавалі скарачэнне ВУП Украіны на 5,5% да канца года. Пасля панізілі прагноз да 7,5%. «Рэзкі скачок інфляцыі ва Украіне абумоўлены шматлікімі фактарамі, сярод іх — дэвальвацыя грыўні, павелічэнне цэн на прыродны газ, жыллёва-камунальныя паслугі, — адзначыў начальнік аналітычнага аддзела інвестыцыйна-фінансавай кампаніі «Солід» Алег Крокаў. — Разам з тым, істотны ўплыў на павелічэнне харчовай інфляцыі аказала вясновае павышэнне цэн на садавіну, агародніну, макаронныя вырабы і цукар».

Цягам наступных месяцаў захады ўкраінскіх улад, скіраваныя на стабілізацыю курсу грыўні, а таксама эфектыўнае правядзенне жніва, магчыма, запаволяць украінскую інфляцыю, але ў цэлым па выніках года яна, па ацэнках Алега Крокава, перавысіць 40%.

Барацьба ўкраінскіх улад з інфляцыяй павінна насіць праграмны і комплексны характар, як мяркуе эксперт. Трэба скаардынаваць мноства тэхнічных мер і рашэнняў, каб узяць інфляцыю пад пільны штотыднёвы кантроль, утаймаваць выбуховы рост цэн адміністрацыйнымі мерапрыемствамі, аж да замарожвання асобных тарыфаў. Прытым рабіць гэта неабходна адначасова з развіццём канкурэнцыі і стымуляваннем эканамічнага росту, асаблівую ўвагу надаючы сельскай гаспадарцы.

Пакуль жа прагноз МВФ абсалютна рэальны, лічыць аналітык ІFC Markets Дзмітрый Лукашоў. Пра гэта сведчыць бягучая эканамічная сітуацыя ва Украіне. Толькі ў красавіку інфляцыя склала 14%, а з пачатку года яна ўжо дасягнула 37,1%. Важкі ўнёсак у рост спажывецкіх цэн з пачатку года мела падаражэнне больш чым удвая камунальных паслуг. Галоўным чынам гэта адбылося з прычыны пяціразовага павышэння тарыфаў на газ для насельніцтва.

Як упэўнены Дзмітрый Лукашоў, рост інфляцыі заўважна пагоршыць дабрабыт украінцаў. Сітуацыя абцяжарваецца досыць высокім узроўнем беспрацоўя, што дасягнула на канец красавіка 9,7% працаздольнага насельніцтва. Прычым дзяржава паляпшае бюджэтныя паказчыкі дзякуючы рэзкаму згортванню сацыяльнай падтрымкі насельніцтва.

ukr-200

«Мы не Грэцыя»

Прэм'ер-міністр Арсеній Яцанюк прызнаў, што краіна страціла каля 20% эканомікі, а самі ваенныя дзеянні абыходзяцца бюджэту ад 5 да 7 млн долароў у дзень. Рэформы, якія здольны, на думку экспертаў МВФ, вывесці Украіну з «піке», запавольвае і карупцыя. Паводле даследаванняў міністэрства эканамічнага развіцця і гандлю, летась узровень ценявой эканомікі дасягнуў максімуму з 2007 года і склаў 42% ад ВУП!

Што рабіць у такой сітуацыі? Відавочна, што ўкраінскія ўлады робяць стаўку на шырокае прыцягненне замежнай дапамогі. Прычым аб'ёмы тут уражваюць. Напрыклад, сёлета радай дырэктараў МВФ была зацверджана чатырохгадовая праграма фінансавай дапамогі Украіне. У адпаведнасці з ёй мяркуецца выдзяленне 17,5 млрд долараў, а ўсімі міжнароднымі крэдыторамі за чатыры гады — $40 млрд. Украіна ўжо атрымала першы транш МВФ у памеры 5 мільярдаў долараў. А ўсяго сёлета Кіеў разлічвае атрымаць $10 млрд.

Тут варта дадаць яшчэ адну вызначальную дэталь — паводле асобных крыніц, аб'ём знешніх фінансавых абавязацельстваў Украіны ацэньваецца ў 70 мільярдаў долараў. Як заўважаюць эксперты, краіна ўжо працяглы час фактычна знаходзіцца на грані дэфолту, нацыянальная валюта за год патаннела больш чым утрая. Украіна цяпер вядзе перамовы з групай замежных крэдытораў, спрабуючы скарэктаваць суму дзярждоўгу.

Сітуацыю ў Кіеве ўжо параўноўваюць з афінскім крызісам. «Мы не Грэцыя, — пераканана міністр фінансаў краіны Наталля Ярэська. — Я рада, што ў нас зусім іншая сітуацыя. У Грэцыі шмат што звязана з іх нежаданнем пайсці на рэформы». Міністэрства фінансаў Украіны накіравала абноўленую прапанову па рэструктурызацыі абавязацельства спецыяльнаму камітэту крэдытораў. Гэтая тэма абмяркоўвалася ўчора ў Лондане.

Ласкава запрашаюць

Яшчэ адзін відавочны рэсурс для Кіева — прыватызацыя. «Мы думаем пачаць працэс прыватызацыі. Калі амерыканскія інвестары прымуць рашэнне ўкладваць грошы ва ўкраінскія дзяржаўныя кампаніі, то мы хочам іх прадаць на самых празрыстых умовах і бачыць амерыканскіх уласнікаў на тэрыторыі Украіны», — заявіў Арсеній Яцэнюк.

На думку саветніка старшыні прэзідыума Асацыяцыі маладых прадпрымальнікаў Расіі Дзяніса Расамахіна, украінскія актывы прыцягнуць інвестараў. Кіеў, хутчэй за ўсё, створыць добрыя ўмовы для замежнікаў, каб выручыць як мага больш сродкаў. Падобная цікавасць інвестараў да куплі добрых актываў (асабліва дзяржактываў) па параўнальна невысокай цане і з таннай працоўнай сілай заўсёды назіраецца ў крызісныя моманты, тлумачыць Дзяніс Расамахін. На Украіне падобнае было ў 1990-х і ў 2007-2008 гадах. Для амерыканскіх ды многіх еўрапейскіх бізнесменаў ужо стала характэрным размяшчаць свае вытворчасці (небяспечныя, найбольш неэкалагічныя — напрыклад, сховішчы адходаў і да т. п.) у эканамічна праблемных краінах, што дазваляе значна скараціць выдаткі дзейнасці і абысці розныя забароны, якія дзейнічаюць у ЗША і ЕС (узяць хоць экалагічныя забароны). Пры гэтым такім фундатарам можна не асцерагацца, што ўлады краіны будуць іх ушчамляць ці заўзята сачыць за выкананнем законаў.

Украінскія дзяржаўныя кампаніі дакладна знойдуць свайго замежнага пакупніка, згаджаецца і аналітык ІFC Markets Зміцер Лукашоў. Найболей цікавымі для замежных інвестараў ва Украіне, на думку эксперта, будуць украінскія дзяржпрадпрыемствы, што маюць перспектыўную нерухомасць для перапрафілявання ў гандлёвыя ці жылыя памяшканні. То бок змешчаныя ў буйных гарадах і курортных зонах.

Нічога добрага

Міністр фінансаў Украіны сцвярджае, што эфект ад рэформаў жыхары краіны змогуць адчуць не раней, чым праз год. «Калі простыя ўкраінцы кажуць, што не бачаць вынікаў гэтых рэформаў, нельга сказаць, што гэта няпраўда. Але гэта не з'яўляецца нечаканасцю. Вынік рэформаў будзе адчувальным для іх кашалькоў праз шэсць, дзевяць ці дванаццаць месяцаў», — кажа Наталля Ярэська. Праўда, шэраг экспертаў у якасці тэрміну для поўнага аднаўлення эканомікі называюць і дзесяць, і нават дваццаць (як цяперашні губернатар Адэсы Міхаіл Саакашвілі) гадоў. Але для многіх і тры месяцы — доўгі тэрмін.

І напрыканцы зноў цытата з рэпартажа карэспандэнта ВВС. Адна з яго суразмоўцаў — Юлія Нагіна, якая ўзначальвае кіеўскую кампанію па вырабе араматызаванага жэлаціну. З-за эканамічных праблем попыт на асобныя віды яе прадукцыі зменшыўся на 70%, некаторыя свае тавары яна зусім не можа зараз прадаць. «Мы спадзяёмся, што ўсе гэтыя скокі, усе гэтыя пераплёты ўсё ж будуць да лепшага. Але я не задаволена, таму што ў краіне вайна, у эканоміцы разруха, — заўважае Юлія. — Пакуль нічога добрага няма».

Мікалай ЛІТВІНАЎ

lіtvіnov@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.