Вы тут

Адкрыць Стральцова


Каб набыць гэтае выданне, мне давялося зазірнуць у некалькі сталічных кнігарняў. І кожны раз гісторыя паўтаралася: не знайшоўшы патрэбную кнігу на паліцы, я звярталася да прадаўца і атрымлівала кароткі адказ:

— Скончыліся. Неўзабаве прывязуць яшчэ, бо многія пакупнікі шукаюць.

13_3

А між іншым з часу выхаду кнігі прайшло крыху больш як два тыдні. Значыць, томік выбраных твораў Міхася Стральцова, што пабачыў свет у серыі «Беларускі кнігазбор» акурат напярэдадні 28-й гадавіны смерці пісьменніка, чытачы даўно чакалі і цяпер прынялі з цікавасцю і нават радасцю.

І гэта цалкам лагічна. Кнігі вершаў, прозы, публіцыстыкі, што выходзілі пры жыцці аўтара, паказвалі толькі асобныя рысы яго творчай індывідуальнасці. Так, у вершах Міхась Стральцоў выступае тонкім лірыкам, здольным бачыць прыгожае, ствараць незвычайныя метафары. Ён не баіцца творчага бунту і эксперымента, не ідзе за рыфмай, але кіруецца ўласным пачуццём стылю, прыгажосці.

У прозе гэты аўтар таксама не цураецца лірычнасці  як у мове твора, так і ў яго вобразнасці. Характары вымалёўвае з акцэнтам на дэталях, асаблівую ўвагу засяроджвае на пачуццях герояў, іх псіхалогіі. Напэўна, таму так «прыжыліся» ў разнастайных хрэстаматыях апавяданні-хіты Стральцова «Смаленне вепрука» і «Сена на асфальце». Тут аўтар з'яўляецца «медыятарам», правадніком, даючы голас цэламу пакаленню вясковых жыхароў, якія з родных хат вылецелі ў горад, але не зусім прыжыліся на новым месцы. У прозе аўтара гучаць ноткі суму па страчаным каханні, магчымым шчасці, ён звяртае ўвагу на канфлікт інтарэсаў бацькоў і дзяцей, крыўды, што аднойчы закрадваюцца ў іх душы і застаюцца там на доўгія гады. Героі Стральцова так падобныя да нашых суседзяў-гараджан, а асабліва нашых бабуль і дзядуляў, іх суседзяў і знаёмых, якія жывуць у вёсцы і ўвесь час чакаюць у госці дзяцей з горада.

Публіцыстыка і літаратурна-крытычныя артыкулы Міхася Стральцова напоўнены інтэлектуальнасцю, роздумам, імкненнем зразумець творчыя памкненні сваіх папярэднікаў і сучаснікаў. Напэўна, таму так прэстыжна было ў свой час для пісьменніка, сталага ці маладога, у якога выйшла новая кніга, атрымаць водгук ці рэцэнзію менавіта ад Стральцова. Пра каго б ні пісаў Міхась Лявонавіч — Максіма Багдановіча (а яго творчасць ён асабліва любіў і нават адкрыў наноў для беларускага чытача), Максіма Гарэцкага, Купалу, Коласа, Бядулю, Хадыку, Вялюгіна, Дубоўку (і гэты спіс можна доўжыць і доўжыць) — кожны з яго артыкулаў надзвычай прадуманы па форме і змесце, лагічны і глыбока аналітычны, «інтэлігентны». Тут ёсць і асабістыя ўражанні крытыка як чытача, і аб'ектыўная аналітыка твораў.

Такім лірычным і чуйным, шчырым і ўражлівым, удумлівым і разважлівым можна было пабачыць Стральцова на старонках асобных выданняў яго твораў. Што да новага збору выбранага, то ён змяшчае ўсе гэтыя рысы індывідуальнасці пісьменніка з дадаткам... асабістага, нават інтымнага. Тут ёсць і выбраныя вершы, і апавяданні, аповесць «Адзін лапаць, адзін чунь», аповесць-эсэ «Загадка Багдановіча» і літаратурна-крытычныя артыкулы... Ёсць і фотаздымкі Міхася Стральцова, зробленыя ў розныя гады  з сям'ёй і сябрамі, калегамі і паплечнікамі. Ёсць і грунтоўная прадмова, што змяшчае ўспаміны калег пра творцу, смешныя і сумныя выпадкі з яго жыцця, а таксама напрыканцы выдання каментары, што дапамогуць лепш зразумець асобныя моманты твораў.

А ёсць і раздзел, які асабіста мне чытаць было неяк няёмка. Гэта ліставанне Міхася Лявонавіча з сябрамі, калегамі, жонкай і дачкой. Тут чытаецца бясконцая пяшчота і любоў да блізкіх, адчуваецца віна перад імі (лісты часоў знаходжання Стральцова ў лячэбна-працоўным прафілакторыі ў Мазыры), імкненне дагадзіць і атрымаць дараванне. Гучыць сум і шкадаванне па страчаным часе, адчуваюцца пакуты ад цяжкіх хвароб...

Думаецца, новае выданне збору выбраных твораў Міхася Стральцова дапаможа многім чытачам адкрыць для сябе гэтага аўтара, дадасць да яго партрэта асобныя рысы ці стане магчымасцю пабачыць постаць творцы ўпершыню.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.