Вы тут

Форум надзей і перспектыў


У Астане завяршыў сваю работу Х форум творчай і навуковай інтэлігенцыі дзяржаў — удзельніц СНД «Гуманітарная прастора Садружнасці: агульныя каштоўнасці і дыялог культур».

На форуме прадстаўлены і цэлы шэраг праектаў Выдавецкага дома «Звязда». Пра некаторыя з іх гасцям з краін СНД распавялі ў Нацыянальнай акадэмічнай бібліятэцы Казахстана.

— Бібліятэчная супольнасць Садружнасці добра ведае праект «Сугучча сэрцаў», дзе ў 11 тамах прадстаўлены сучасныя нацыянальныя літаратуры краін СНД, — сказала ў сваім выступленні дырэктар бібліятэкі, доктар педагагічных навук Умітхан Муналбаева. — Казахскі том «Не ведаючы межаў» неаднойчы прэзентаваўся ў розных бібліятэках і ВНУ Казахстана. Пра яго было шмат выступленняў у масмедыя нашай краіны. Мы ўдзячныя «Звяздзе» за знаёмства чытачоў Беларусі з класічнай і сучаснай казахскай літаратурай у «Полымі», «ЛіМе», «Маладосці» і іншых выданнях.

Доктар філасофскіх навук пісьменніца Райхан Мажэнкызы адзначыла, што развіццю беларуска-казахскага гуманітарнага партнёрства ў значнай ступені спрыяе пераклад і прапаганда ў Беларусі творчасці празаіка, публіцыста, літаратуразнаўца Немата Келімбетава. Цяпер падрыхтавана да выдання яго трэцяя кніга — «Зайздрасць». Раней у Мінску пабачылі свет яго кнігі «Не хачу губляць надзею» і «Лісты да сына».

— Мы па-добраму здзіўлены, як творчасць пісьменніка, чалавека складанага лёсу аб'яднала вакол Выдавецкага дома «Звязда» навукоўцаў, перакладчыкаў, пісьменнікаў. Немату Келімбетаву прысвячаюцца вершы, пра яго кнігі пішуць беларускія літаратуразнаўцы і крытыкі. Дзякуй вам за гэта!

Асобная тэма, якая гучала на форуме, — гэта праца беларускай інтэрнэт-пляцоўкі «Сугучча: літаратура і публіцыстыка краін СНД». Беларусы і казахі аб'ядналіся ў прадстаўленні нацыянальных літаратур у электроннай прасторы. Гэтая праца з'яўляецца прадметам дагавораў аб партнёрстве Выдавецкага дома «Звязда» і Інстытута літаратуры і мастацтва імя М. Аўэзава. Ёсць у «Звязды» і іншыя казахскія партнёры-мадэратары ў праекце «Сугучча». «На гэтым інтэрнэт-партале вы знойдзеце і інфармацыю пра літаратуру, вялікіх асоб Казахстана і не толькі Казахстана. Гэтая пляцоўка ўжо рэальна працуе. Яна вырасла. Мы хацелі б, каб партал «Сугучча» быў аб'яднальным інтэрнэт-праектам краін СНД», — заявіла на форуме міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч.

«Пляцоўка «Сугучча» нацэлена на развіццё гуманітарнай інфармацыйнай прасторы. Таму што ўсё, што праходзіць на тэрыторыях нашых дзяржаў, усемагчымыя праекты, працэсы, на наш погляд, павінны акумулявацца на інфармацыйным рэсурсе. І ў тым ліку нашы нацыянальныя сродкі масавай інфармацыі, тыя ж «БЕЛТА» і агенцтва «Казінфарм» маглі б быць партнёрамі гэтай пляцоўкі», — дадала яна.

Намаганні беларускага боку па фарміраванні агульнай еўразійскай літаратурна-мастацкай прасторы заўважаныя і іншымі ўдзельнікамі форуму ў Астане. Верагодна, такое шырокае абмеркаванне стане асновай для новых праектаў дружбы і супрацоўніцтва.

Кірыл Ладуцька

Казахстан, г. Астана.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.