Вы тут

Ад нашага стала... ідзём да вашага


У нямецкім горадзе Грайфсвальдзе ёсць традыцыя: два разы ў год яго жыхары аб'ядноўваюцца ў каманды і наведваюцца ў госці адно да аднаго. Яны знаёмяцца, частуюцца, а потым ідуць у іншае месца. Студэнткі пятага курса факультэта міжнародных адносін БДУ вырашылі арганізаваць такое ж мерапрыемства ў Мінску. І ў іх гэта атрымалася! 


«Экс­пер­ты» да дэ­гус­та­цыі га­то­вы!

Нядаўна прайшлі ўжо трэція «Смачныя вандроўкі». Мы сабралі каманду з трох чалавек. Назвалі сябе «Экспертамі» і адправілі заяўку арганізатарам. Змест вандровак кожны раз мяняецца. Тэмай першых было студэнцкае жыццё, другіх — французска-італьянская кухня, а гэтых — «руская рулетка». Арганізатары выбіралі тры абавязковыя інгрэдыенты і страву, якую будуць гатаваць каманды. Нам дасталіся чыпсы, кукуруза і смятана. З усяго гэтага мы павінны былі зрабіць закуску. Таксама нам далі два адрасы, дзе нас чакалі з асноўным блюдам і дэсертам. Мы прыгатавалі салату і накрылі на стол. Да нас прыйшлі каманды «Смачных хімікаў» з хімфака і «Неўскі праспект» з філфака БДУ. Даведаліся, што амаль усе дзяўчаты таксама ўдзельнічаюць у мерапрыемстве ўпершыню. Толькі Аня Рэўт з «хімікаў», студэнтка другога курса, ужо выступала ў ролі вандроўніцы. Яна распавяла нам пра японцаў, якія ў мінулы раз запрашалі гасцей: «Мы трапілі на трэцюю страву да каманды «Гейша». У ёй быў хлопец, які прафесійна гатаваў дэсерты. Звалі яго Ю. Ён зрабіў тры віды цірамісу: класічнае, з клубніц і з зялёнай гарбаты «матча», якая спецыяльна была прывезена з Японіі. А ўпрыгожыў іх надпісамі на беларускай і японскай мовах. Было вельмі смачна. Дарэчы, іх страва стала найлепшым дэсертам». 

Дэ­серт ад «Баль­бі­ны».

Потым усе мы выправіліся да каманды «Лобстэры» ў Рошчу, у інтэрнат БДУ. Там нас чакала не толькі смачная страва, але і святочная атмасфера. Дзяўчаты ўпрыгожылі пакой навагоднімі ліхтарыкамі і гірляндамі, уключылі музыку. Таня Грыдзюшка, пяцікурсніца факультэта міжнародных адносін БДУ, расказала нам пра тое, як іх каманда ў мінулы раз забаўляла гасцей: «На тых вандроўках арганізатары вырашылі арганізаваць яшчэ і конкурс на найлепшую забаву. Таму мы прыдумалі дзве гульні: «Багет знаёмства» і «Угадай-ка». У першай патрэбна было адкусваць ад багета і перадаваць яго суседу. Пры гэтым кожны раз трэба было адказаць на пытанне. Мы задумалі гэтую гульню для знаёмства, таму цікавіліся, з якіх гарадоў нашы госці, які ў іх любімы фільм ці якое хобі. А пераможцу другой гульні прысуджалі ганаровае званне «Сапраўдны француз», таму што гэта была віктарына на веданне гісторыі і культуры Францыі». Павячэраўшы ў дзяўчат, мы паехалі на дэсерт у завулак Мініна. Цемра. Ідзём туды, невядома куды. У нас ёсць карта, але яна не дапамагае — трапілі ўжо на нейкую будоўлю... Вырашылі патэлефанаваць, і дзяўчынка з каманды «Бальбіна» выйшла насустрач.Сваю стра­ву і гас­цін­насць прэ­зен­туе ка­ман­да «Лобс­тэ­ры». 

На дэсерт частавалі тортам. І зноў нам пашчасціла на гаспадароў: у іх камандзе была адна з арганізатараў «Смачных вандровак» Каця Міхайлоўская. Яна падрабязна расказала, адкуль з'явілася такая ідэя: «Зараз мы арганізуем вандроўкі ўдзвюх: я і Анжаліка Дрозд. Дагэтуль з намі была яшчэ і Юля Кірэева, якая і з'яўляецца нашым ідэйным натхняльнікам. Яна была ў Грайфсвальдзе на студэнцкім фэсце і там упершыню ўдзельнічала ў аналагічным мерапрыемстве. Гэта невялікі гарадок, жыццё якога сканцэнтравана вакол вядомага ў Германіі ўніверсітэта. Там кожны семестр арганізоўваюцца такія «вандроўкі», каб пазнаёміць жыхароў і студэнтаў. У мінскіх вандроўках удзельнічаюць каля 30–40 чалавек за раз, амаль усе — студэнты. Ёсць прыкладна пяць каманд, якія гуляюць з намі ўвесь час. Але чым больш людзей — тым больш ідэй!» На знаёмства з кожным відам стравы ёсць ліміт часу, але на дэсерце мы затрымаліся. Пілі гарбату, елі торт, гулялі і размаўлялі. За дзень наша каманда пазнаёмілася з 18 новымі людзьмі. Пераважна гэта былі студэнты БДУ, але на «дэсерт» трапілі і архітэктары з БНТУ. А пакуль мы вандравалі, неаднойчы чулі пра цудоўную каманду хлопцаў з медуніверсітэта. Кажуць, што ў іх вельмі смачныя стравы і адны з найбольш вясёлых забаў. На жаль, гэтым разам мы да іх не трапілі. Затое ёсць нагода зноў сабраць каманду і выправіцца ў госці!

Надзея Анісовіч, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.