Вы тут

«Гісторыя — гэта гісторыі»


Час магнатаў у галерэі.

Падарожнічаць можна не толькі ў прасторы, але і ў часе. Пра гэта выдатна ведаюць мастакі і паэты. Ім дадзены талент набліжаць да нас гісторыю. У гэтым пераконвае і выстаўка «Час магнатаў», якая працуе ў галерэі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

Рыцары, магнаты, першадрукі. Цяпер для мяне гэта не проста словы, а жывыя вобразы, якія інтрыгуюць. Пра тое, як гэтага здолелі дабіцца маладыя мастакі, разважае адзін з куратараў праекта, скульптар і выкладчык скульптуры, малюнка і кампазіцыі Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка Іван Арцімовіч.


На­тал­ля Шыб­ко. «Ле­ген­да аб ка­мя­нях».

Пачаць з гісторыі

«Мы падалі заяўку на конкурс культурных ініцыятыў праекта «Голас культуры», які рэалізуецца пра падтрымцы Еўрапейскага саюза. Мэта яго — пагрузіцца і нам, педагогам, і навучэнцам, у гісторыю, у так званы «залаты век» беларускай гісторыі — гэта ХV, XVІ, XVІІ стагоддзі. У гэты час былі створаны найбольш вядомыя архітэктурныя ансамблі — Мірскі, Нясвіжскі замкі, жылі Радзівілы, Сапегі, адбываліся шматлікія гераічныя падзеі, інакш кажучы, гэта час, багаты на рэальную гісторыю, таксама на легенды і міфы. Для мастака гэта ўсё неверагодна цікава — па-першае, ужо няма тых людзей, ніхто не ведае іканаграфію, не захавалася фотаздымкаў, ёсць шырокая пляцоўка для фантазіі. Рабі, што хочаш, укладай свой сэнс, ілюструй, стварай алегорыі».

«Час магнатаў» — гэта не проста праект, а культурная ініцыятыва. Як тлумачыць Іван Арцімовіч, гэта «голас культуры, тое, што дапаможа прасоўваць наша мастацтва, прапагандаваць беларускае, падняць нацыянальную гісторыю, тыя факты культуры, на якія мы ўжо забыліся». Кожны твор праекта — самастойны. Яны дзесьці наіўныя, дзесьці дзіцячыя, у той жа час і сур'ёзныя, а іх вартасць у тым, што «кожны з мастакоў укладаў у беларускую гісторыю свой сэнс — гэта шчырае яе прачытанне. Мы можам убачыць гісторыю ў развіцці, не толькі часавым, але і развіцці кожнага з мастакоў».

Выстава «Час магнатаў» атрымалася рознай — дыяпазон шырокі, працы цікавыя. Іван Арцімовіч тлумачыць: «Па-першае, разам з працамі мастакоў-пачаткоўцаў, яшчэ дзяцей, экспануюцца прафесійныя работы; па-другое, праект прадстаўляе нашу навучальную ўстанову, якая з'яўляецца ў Беларусі ўнікальнай — напрыклад, з 5 класа мы вучым дзяцей скульптуры, можна ўбачыць творчасць кожнага ў развіцці. Акрамя таго сама тэма знакавая для культуры Беларусі, для людзей, якія цікавяцца культурным працэсам, якія з'яўляюцца часткай культурнай і гістарычнай супольнасці. Кожная праца тут мае сваю аўтарскую інтэрпрэтацыю — з аднаго боку, гэта нешта асабістае, інтымнае, з другога — гэта адсылка да нашай гісторыі, і чым часцей мы будзем гэтую тэму закранаць, тым больш яна будзе ўплываць на тое, што адбываецца сёння. Калі мы вяртаемся да гісторыі зноў і зноў, гэта значыць, што яна жыве — жывуць тыя ж праблемы, тыя ж паняцці, тыя ж ідэі».

На­ву­чэн­цы 3 кур­са Мак­сім Ер­ма­ко­віч і Ян Леў­ша са скульп­тур­най кам­па­зі­цы­яй апошняга «Аста­фій Баг­да­на­віч Ва­ло­віч».

Адчуць гісторыю

Выкладчык і мастацтвазнаўца Галіна Багданава адзначыла, што на занятках па гісторыі мастацтва можна паказваць працы з праекта як ілюстрацыі да гістарычных падзей: «Кажуць, што народ без памяці дрэнны. Я думаю, шмат можна знайсці прымавак пра гісторыю, а гэтая народная мудрасць не на пустым месцы ўзнікла. Простыя людзі ведалі, што гаварылі, разумелі і стараліся берагчы свой род і памятаць сваіх продкаў, бо чалавек жа не ўзяўся ніадкуль, не выткаўся з паветра. За кожным чалавекам — пакаленні».

Іван Арцімовіч кажа, што для яго адказ на пытанне пра важнасць гісторыі — відавочны: «Канешне, гэта моцна залежыць ад чалавека, які накіроўвае. Але для мяне, напрыклад, гісторыя — гэта гісторыі. Гісторыя цікавая, бо гэта не проста сухія лічбы, пералік прозвішчаў, але і сюжэты, жывыя людзі, іх узаемаадносіны. Гісторыя — гэта прадмет фантазіі: ад казкі да гісторыі, ад легенды да прыпавесці. Канешне, той пласт гісторыі, які падняты ў нашым праекце, — гэта ўзрушаная фантазія. Дзяўчаты тут знойдуць прыгожыя жаночыя ўборы, а хлопцы — гераічнае мінулае».

Новае, сучаснае — гэта асэнсаванне і трансфармацыя ўжо перажытага. Праз мінулае можна вырашаць праблемы сучаснасці, лічыць Іван Арцімовіч: «Калі звярнуцца да маіх дзіцячых успамінаў і ўяўленняў, а ў дзяцінстве закладаецца аснова ўсяго, то мой бацька на гісторыі, як крыніцы бязмежных магчымасцяў для мастака, перадаў і мне любоў і цікаўнасць да гэтай тэмы. Для мяне гэта багаты пласт бясконцасці вобразаў, у якім можна знайсці творчыя ідэі і рашэнні... Сваім зваротам да гісторыі маладыя мастакі нясуць яшчэ сваю будучыню, нашу будучыню як народа. Бо такі элемент як самасвядомасць застаецца важным, нягледзячы на тое, што мы амаль 25 гадоў незалежная дзяржава, але гэты момант кожны асэнсоўвае для сябе сам».

Намаляваць гісторыю

Сёння мастацтва можа размаўляць з гледачамі з дапамогай не толькі вобраза, але і ідэі. Каб адчуць гэта, можна паглдязець на адну з прац выставы — «4 кароны». Мастакі паказалі карону як сімвал улады. Вытанчаная, жаноцкая — каб падкрэсліць прыгажосць жанчыны; карона з паперы паказвае, што ўлада ператвараецца ў нішто, яна хуткаплынная; са свечак — сімвал таямніцы, змоў, бо ў тыя часы свечкі былі ледзьве не адзінымі сведкамі гістарычных падзей; карона з металу — жорсткая, сімвал грахоўнасці ўлады: «Гэта ўсё філасофскія рэчы. Пры дапамозе адзінага вобраза па індывідуальным рашэнні тут паказаны шэраг адмысловых асацыяцый, але гэта ўвогуле рыса сучаснага мастацтва — некаторыя рэчы трэба растлумачваць гледачу. Мова мастацтва не змянілася — яно, як і 300 гадоў таму, вымаўляе тымі ж сродкамі: жывапіс — колерам, малюнкам, скульптура — формай і прасторай вакол... Мова не змянілася — змяніўся светапогляд і адносіны мастака да свайго выказвання. Яно становіцца больш змястоўным, больш арыентаваным не на канстатацыю факта, а на яго філасофскі змест, на сімвалы і знакі. Калі твор становіцца знакам — гэта найвышэйшая яго форма».

Іван Арцімовіч сам шмат увагі надае гісторыі — напрыклад, ён з бацькам і скульптарам Уладзімірам Церабуном ужо амаль 10 гадоў працуе над маштабным праектам, які прысвечаны Першай сусветнай вайне — гэта комплекс па лініі супрацьстаяння ў Смаргоні ў 1915—1917 гадах, калі там праходзіла лінія фронту. У той час горад быў практычна знішчаны, а пра гэтыя падзеі амаль ніхто не ведае: «Там адбываліся неверагодныя рэчы — упершыню на тэрыторыі Беларусі ўжылі газавую зброю, упершыню там узляцеў і разбіўся паветраны карабель «Ілля Мурамец», упершыню там дзейнічаў жаночы батальён Марыі Бачкаровай». Комплекс вялікі — будуць не толькі скульптурныя кампазіцыі. Праект стане інтэрнацыянальным.

Быць гісторыяй

Іван Арцімовіч працуе не толькі з манументальнай скульптурай, але і з малымі формамі. З чым працаваць лягчэй — ён не кажа, бо «ўсё вялікае робіцца з малога. У малым усё вырашаецца — і вобраз, і кампазіцыя, і ідэя. Усе складнікі вялікага твора адразу вырашаюцца ў невялікім памеры. Манументальная скульптура — гэта як стварэнне фільма — праца не аднаго чалавека. У скульптуры аўтар, канешне, пануе, але ён робіць твор не адзін».

Удзельнік і арганізатар мастацкіх выстаў у Беларусі і за мяжой, аўтар кнігі пра беларускую школу скульптуры, Іван Арцімовіч усё яшчэ хвалюецца, калі прадстаўляе працу аўдыторыі: тады прыходзіць момант чакання і крыху расчаравання — як гэта будзе ўспрынята: «У галерэі праца ўжо перастае быць тваёй — яна належыць людзям». Ён — сам яшчэ малады скульптар, таму парады маладым даваць не збіраецца. Адзінае, што можа параіць, — любіць сваю прафесію, людзей навокал, сваю гісторыю. І несці мастацтва ў масы, магчыма, нават сілком, пачынаючы з папулярных форм, але галоўнае — «хоць крышачку пахіснуць наш нерухомы свет». Праект «Час магнатаў» якраз дэманструе рухомасць і зменлівасць.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.