Беларускую літаратуру немагчыма ўявіць без Якуба Коласа і Янкі Маўра. І можна толькі здагадвацца, якім насычаным павінна быць жыццё ў гісторыка-літаратурным кантэксце, калі ты ў адначассе блізкі чалавек абодвум пісьменнікам адразу.
Наталля Іванаўна Міцкевіч (1924—2012) — дачка Янкі Маўра, нявестка Якуба Коласа, жонка малодшага сына народнага песняра — доктара тэхнічных навук, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча. І таму яе ўспаміны не могуць не выклікаць зацікаўленасці ў многіх. Найперш — у тых, хто ведаў вялікіх майстроў мастацкага слова, хто вывучае іх творчасць, хацеў бы ведаць іх жыццё, тое, якімі яны былі ў побыце. Але ж, пэўна, прачытаць кнігу кандыдата тэхнічных навук Наталлі Міцкевіч «Доўгая дарога ад дома Янкі Маўра да дома Якуба Коласа» (Мінск, Выдавецкі дом «Звязда») падахвоцяцца многія. Калі вы трымаеце ў памяці «Новую зямлю» і іншыя творы Коласа, а таксама — аповесці Маўра «Палескія рабінзоны», «ТВТ», то, пэўна, вам спярша будзе цікава даведацца, а як жа яны ствараліся.
Але Наталля Іванаўна, несумненна, валодаўшы і такім веданнем, усё ж расказала пра іншае. Пра тое, у якіх умовах працавалі класікі, якімі яны былі ў побыце, як выхоўвалі сваіх дзяцей. «Мы, чацвёра бацькавых дзяцей, былі зусім розныя, як па характары, так і па здольнасцях, — піша Наталля Іванаўна. — Але бацька ўмеў да кожнага з нас знайсці пэўны падыход і дамагчыся жаданага выніку. Так, калі я толькі навучылася чытаць, у мяне, як мне здавалася, былі больш цікавыя і прыемныя заняткі, чым чытанне кніг. І бацька прыдумаў, як заахвоціць мяне кнігай. У тыя часы самым даступным ласункам для нас было марожанае. І бацька сказаў мне: калі хочаш атрымаць яго, то трэба зарабіць грошы, а работа — удумлівае прачытанне пэўнай колькасці старонак. Прыходзілася чытаць, а па прачытаным тэксце бацька задаваў пытанні, ці ўважліва я яго засвоіла. І такім чынам ён прывучыў мяне да кнігі, і ў далейшым чытанне кніг стала маім любімым заняткам». І яшчэ: «Бацька ніколі не правяраў нашыя ўрокі і не чытаў натацый. І я не памятаю, каб ён на каго-небудзь узвысіў голас. Калі казаць — дык толькі праўду. Бацька разумеў, што ў нас, дзяцей, як і ў кожнага чалавека, ёсць свае таямніцы. Лепш, гаварыў ён, прамаўчаць, чым казаць хлусню. І мы ўсе добра гэта засвоілі...»
З цікавасцю чытаюцца тыя старонкі, якія прысвечаны перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Сям'я Янкі Маўра знаходзілася ў эвакуацыі. Асабліва складаным быў перыяд, калі жылі ў Казахстане, у Алма-Аце. І хоць усе выжылі, вярнуліся пасля ў Беларусь, нацярпецца давялося нямала. Нельга забывацца, што самому Янку Маўру было ўжо амаль шэсцьдзясят гадоў. І ў такім узросце любыя складанасці ўспрымаюцца значна цяжэй.
Перш-наперш я параіў бы прачытаць успаміны Наталлі Міцкевіч настаўнікам беларускай літаратуры. «Доўгая дарога...» — цудоўная дакументальная ілюстрацыя да тых мастацкіх здабыткаў, тых мастацкіх з'яў, якія выпеставаны талентамі Якуба Коласа і Янкі Маўра.
Мікола Раўнапольскі
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».