Вы тут

Палітычныя гонкі і вызначальныя крокі


2 сакавіка Савет Бяспекі ААН вырашыў увесці ў дзеянне санкцыі новага ўзроўню жорсткасці супраць КНДР. Гэта звязана з тым, што ў пачатку 2016 года Паўночная Карэя правяла выпрабаванне, як мяркуецца, вадароднай бомбы, а затым ажыццявіла пуск балістычнай ракеты далёкага радыуса дзеяння. Паказальна, што аўтарамі новых жорсткіх санкцый выступілі ЗША і Кітай. Паміж гэтымі краінамі шмат сур'ёзных супярэчнасцяў, і дастаткова працяглы час КНР абараняла КНДР ад празмерна жорсткіх мер з боку міжнароднай супольнасці, карыстаючыся сваім статусам пастаяннага члена Савета Бяспекі ААН. Але, на думку аналітыкаў, лідар КНДР не пажадаў прытрымлівацца рэкамендацый з боку Кітая і страціў прыхільнасць Пекіна. За жорсткія санкцыі прагаласавала і Расія, што гаворыць пра тое, што ў КНДР больш няма абаронцаў сярод моцных дзяржаў. 7 сакавіка Пхеньян даў свой адказ на санкцыі, паабяцаўшы нанесці прэвентыўны ядзерны ўдар па Паўднёвай Карэі і ЗША ў выпадку пагрозы для бяспекі краіны.


На мінулым тыдні нафта працягвала дэманстраваць станоўчую дынаміку па росце цэн. Нафта, якая падала ніжэй за ўзровень у 30 долараў у пачатку года, перайшла ў канцы тыдня планку ў 40 долараў за барэль. Вырашальнае значэнне аказалі дамоўленасці шэрагу краін свету, уключаючы Расію і Венесуэлу, замарозіць здабычу на ўзроўні студзеня 2016 года. Кіраўнік Мінэнерга Расіі Аляксандр Новак заявіў, што да пагаднення далучылася больш як 15 краін, пад кантролем якіх знаходзіцца больш чым 73 працэнты здабычы нафты ў свеце. 3 сакавіка прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура аб'явіў аб дамоўленасці ў бліжэйшыя дні правесці сустрэчу прадстаўнікоў гэтых краін, каб больш падрабязна абгаварыць дэталі замарозкі здабычы. Цэны могуць быць замарожаны, па меншай меры, да чэрвеня гэтага года. Калі дынаміка росту цэн захаваецца, гэта стане станоўчым фактарам як для эканомікі Расіі, так і для Беларусі, значная частка эканомікі якой цесна звязана з нафтахімічнай прамысловасцю.

Мінулы тыдзень стаў адным з вырашальных у вызначэнні кандыдатаў ад рэспубліканскай і дэмакратычнай партый ЗША на будучых прэзідэнцкіх выбарах. У рамках «супераўторка» (гэты дзень названы так з прычыны таго, што першасныя выбары кандыдата праходзяць адразу ў адзінаццаці штатах) перамогу атрымалі: ад дэмакратычнай партыі — Хілары Клінтан, ад рэспубліканскай — Дональд Трамп. Дадзеная акалічнасць яшчэ не з'яўляецца поўнай гарантыяй таго, што менавіта гэтыя кандыдаты сустрэнуцца ў фінальным паядынку за пасаду прэзідэнта ЗША, але пераканаўчая перамога ў рамках праймерыз у супераўторак з'яўляецца вельмі сур'ёзнай падставай для таго, каб верыць у гэта. У выпадку рэалізацыі такога сцэнарыя рэспубліканцы апынуцца, як і на папярэдніх выбарах, у нявыгаднай сітуацыі. Іх кандыдат зноў будзе непрымальным для долі выбаршчыкаў, якая ўсё больш расце, з ліку лацінасаў і афраамерыканцаў, уяўляючы сабой тыпаж, непапулярны ў іх колах — багатага пажылога белага мільярдэра. А менавіта галасы гэтых выбаршчыкаў становяцца ўсё больш важнымі для вынікаў любых выбараў у ЗША. Хілары Клінтан, у сваю чаргу, таксама мае ўразлівую асаблівасць — многія выбаршчыкі адзначаюць, што ўжо стаміліся ад палітычных дынастый і хацелі б бачыць свежыя твары на палітычнай сцэне.

5 сакавіка было аб'яўлена пра пачатак ваеннай аперацыі Ірака пры падтрымцы сіл міжнароднай паветранай кааліцыі па вяртанні пад свой кантроль Масула. Гэты буйны горад (з насельніцтвам, супастаўным з Мінскам) з чэрвеня 2014 года знаходзіцца пад кантролем тэрарыстычнай групоўкі Ісламская дзяржава. Акрамя вялікага насельніцтва, важнасць горада заключаецца і ў тым, што ён з'яўляецца буйным цэнтрам нафтаздабычы і нафтаперапрацоўкі. З гэтай прычыны ён служыць сур'ёзнай крыніцай здабывання фінансавых рэсурсаў, неабходных для паспяховага функцыянавання Ісламскай дзяржавы, і забяспечвае палівам машыны баевікоў.

Чарговы прагрэс быў дасягнуты ў Мінску ў рамках работы кантактнай групы па Украіне. У пачатку тыдня былі ўзгоднены дакументы па бяспецы, якія ўключаюць дамоўленасці аб размініраванні ўчасткаў паблізу лініі судакранання ў Данбасе і забарону на правядзенне вучэбнай стральбы ў трыццацікіламетровай зоне ўздоўж лініі размежавання. Новыя дакументы сталі хоць і малым, але важным крокам на шляху да зніжэння напружанасці ў зоне баявых дзеянняў.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.