Вы тут

Лічбавыя тэхналогіі ў інтарэсах дзікай прыроды


«Аб’ядноўваючы людзей і планету: лічбавыя інавацыі ў ахове дзікай прыроды» — пад такім дэвізам праходзіць сёлета Сусветны дзень дзікай прыроды, які адзначаюць 3 сакавіка. У адпаведнасці з рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН, прынятай у 2013 годзе, дата заклікана звярнуць увагу на праблемы, звязаныя з аховай прыроды і змяненнем клімату.


Выбар часу значнай падзеі быў невыпадковы. Менавіта 3 сакавіка 1973 года прадстаўнікі 80 краін падпісалі тэкст канвенцыі «Аб міжнародным гандлі відамі дзікай фаўны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення» (СІТЕС). Яе мэта — прадухіліць пагрозы выжыванню і забяспечыць ахову больш як 33 000 відам жывёл і раслін. 

У далейшым колькасць краін-удзельніц СІТЕС значна вырасла і сёння налічвае 184 дзяржавы. Рэспубліка Беларусь далучылася да канвенцыі ў 1994 годзе.

Як расказала на прэс-канферэнцыі кансультант упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна Жалязнова, лічбавыя інавацыі імкліва ўцягваюцца ў сферу экалогіі і аказваюць значны ўплыў на вырашэнне праблем, якія датычацца захавання дзікай прыроды. Напрыклад, серыйная вытворчасць розных лічбавых датчыкаў і спадарожных праграмных прадуктаў зрабіла іх даступнымі і дазваляе атрымліваць на новым якасным узроўні звесткі аб аб’ектах жывёльнага і расліннага свету і аб навакольным асяроддзі. Дроны, фотапасткі, датчыкі сачэння з выкарыстаннем касмічнай сувязі, аўтаномныя падводныя апараты — усе гэтыя сродкі выкарыстоўваюцца падчас правядзення маніторынгаў, улікаў, назіранняў. Больш за тое, дзякуючы ім атрымліваецца ўбачыць тое, што раней было недаступна.

Развіццё і ўцягванне ў вырашэнне самых розных задач, уключаючы экалагічныя, магчымасцяў штучнага інтэлекту ўжо прыносіць практычныя вынікі. У некаторых замежных запаведніках нейрасеткі выкарыстоўваюцца для барацьбы з браканьерствам. Напрыклад, сістэма «Памочнік па абароне дзікай прыроды» на падставе вялізнага масіву даных аналізуе і прадказвае магчымыя паводзіны браканьераў, пасля чаго прапаноўвае аптымальныя маршруты патрулявання запаведнай тэрыторыі. Практыка паказала, што выкарыстанне гэтай сістэмы дало магчымасць знайсці і нейтралізаваць у пяць разоў больш пастак, чым удавалася раней.

Генетычныя даследаванні — несумненна актуальны інструмент у справе захавання біяразнастайнасці. Без сучасных тэхнічных сродкаў, праграмных распрацовак тут не абысціся. Вызначэнне відавога складу, выяўленне гібрыдаў, зберажэнне абарыгеннай флоры і фаўны, вывядзенне ўстойлівых да неспрыяльных фактараў відаў — усё гэта сфера генетыкі, якая выкарыстоўвае інавацыйныя тэхналогіі.

Лічбавізацыя ў прыродаахоўнай дзейнасці дазваляе не толькі паскорыць і аблегчыць шматлікія працэсы, але і зрабіць іх больш зразумелымі і празрыстымі. 

У рамках СІТЕС, дзе вырашаюцца пытанні барацьбы з незаконным гандлем дзікімі жывёламі і іх дэрыватамі, уніфікаваны электронны дакументаабарот садзейнічае выкараненню карупцыі, спыненню спроб парушэння законаў і знаходжання вінаватых.

Сучасныя тэхналогіі, безумоўна, адыгрываюць вялізную ролю ў экалогіі. Але не варта забываць, што гэта ўсяго толькі інструменты, якія можна выкарыстоўваць як на карысць, так і на шкоду. Усё залежыць ад чалавека. Наша агульная задача — зрабіць так, каб лічбавыя інавацыі аб’ядноўвалі і дапамагалі тым, хто выступае за захаванне дзікай прыроды.

Андрэй КАРАБЕЛЬНІКАЎ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.