Вы тут

Складнікі паспяховай дзейнасці — парадак і адказнасць


Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка наведаў СААТ «Камунарка». Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб выкананні яго даручэнняў па развіцці прадпрыемства, аб вытворча-эканамічнай і фінансавай сітуацыі, перспектывах развіцця, паведамляе прэс-служба Прэзідэнта.


Размова таксама ішла аб рэалізацыі мерапрыемстваў па мадэрнізацыі «Камунаркі» і павышэнні канкурэнтаздольнасці выпускаемай прадукцыі. У цяперашні час асаблівую ўвагу трэба надаваць пашырэнню рынкаў збыту, нарошчванню кантрактаў з замежнымі спажыўцамі. Прэзідэнт наведаў цэхі прадпрыемства, азнаёміўся з вытворчасцю новых відаў кандытарскіх вырабаў на мадэрнізаваным абсталяванні, з выставай прадукцыі, якая вырабляецца, і застаўся задаволены ўбачаным.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускія вытворцы павінны актыўна пашыраць спектр выпускаемай прадукцыі, арыентуючыся на попыт пакупнікоў. Але разам з павелічэннем асартыменту ні ў якім разе не павінна пагаршацца якасць. Кіраўніцтва прадпрыемства запэўніла: гэтаму пытанню надаецца асаблівая ўвага.

Па выніках першага квартала на «Камунарцы» выконваюцца ўсе асноўныя паказчыкі, расце аб'ём выручкі і продажаў на знешніх рынках, зніжаюцца запасы гатовай прадукцыі.

Такім чынам, дзякуючы ўвазе дзяржавы прадпрыемства са стратнага ператвараецца ў прыбытковае. Асаблівую ўвагу Прэзідэнт надаў пытанням гандлю і лагістыкі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што айчынныя вытворцы павінны вучыцца ў замежных калег, пераймаць іх досвед.

* * *

Аляксандр Лукашэнка таксама сустрэўся з працоўным калектывам і адказаў на пытанні, якія тычацца далейшага развіцця прадпрыемства, пенсійнай рэформы і змяненняў у аплаце жыллёва-камунальных паслуг.

Прэзідэнт адзначыў, што яго даручэнне па мадэрнізацыі «Камунаркі» ў асноўным выканана: 95% з вызначанага ўжо зроблена, 5% яшчэ трэба будзе выканаць. «Мадэрнізацыю, якую цяпер ажыццявілі, ні адзін прыватнік не праводзіў бы», — лічыць Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, у полі зроку дзяржавы і надалей павінны заставацца (і не прыватызавацца) прадпрыемствы, якія маюць стратэгічна важныя кірункі, у прыватнасці займаюцца вытворчасцю прадуктаў харчавання.

Прэзідэнт лічыць важным, што ў краіне ўдалося захаваць «Камунарку» і «Спартак», прадукцыя якіх шырока вядомая. Гаворачы аб ранейшай сітуацыі на «Камунарцы», Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: на жаль, некаторыя інвестары часам больш думаюць пра ўласную выгаду, а не пра інтарэсы працоўнага калектыву. Ён растлумачыў, што менавіта гэтым было матывавана яго папярэдняе рашэнне аб тым, каб выключыць з дзейнасці «Камунаркі» нядобрасумленнага інвестара. Кіраўнік дзяржавы асабліва закрануў пытанне захавання працоўных месцаў на прадпрыемстве. Паколькі на «Камунарцы» ў асноўным працуе жаночы калектыў, то, безумоўна, працоўныя месцы тут абавязкова павінны быць захаваны.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на той факт, што часы зараз няпростыя, але разам з тым яны не крытычныя і не катастрафічныя, цяжкасці рана ці позна пройдуць. «Трэба перастаць ныць і пачынаць працаваць. І трэба спыніць усялякую балбатню ва ўрадзе, што, маўляў, прыйдзе прыватнік і вырашыць усе пытанні. Цяпер трэба жыць і развівацца, — перакананы кіраўнік дзяржавы. — Лішніх грошай сёння няма, таму іх трэба выкарыстоўваць рацыянальна, па-гаспадарску».

Прэзідэнт лічыць, што залогам паспяховай дзейнасці прадпрыемстваў і функцыянавання дзяржавы з'яўляюцца парадак і адказнасць. Звяртаючыся да працаўнікоў прадпрыемства, ён адзначыў: «Вы больш спакойна рэагуйце, калі я вельмі строга падыходжу з усімі патрабаваннямі да асобных чыноўнікаў, бізнесменаў і працоўных калектываў». Як лічыць Прэзідэнт, «краіну лёгка выпусціць з рук, а потым усё гэта сабраць будзе ці вельмі дорага, ці немагчыма». У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю ва Украіне. «Таму павінны быць перш за ўсё парадак і адказнасць», — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі будуць «ствараць працоўныя месцы для добрых спецыялістаў — спецыялістаў заўтрашняга дня». Пры гэтым не дадуць у крыўду людзей, у якіх ужо 20-30-гадовы стаж за плячыма. Такія спецыялісты спакойна дапрацуюць да пенсіі і змогуць працаваць далей.

«Але ўвесь час будзе гэтая канкурэнцыя працоўнай сілы. Так усюды», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка і запэўніў, што ў Беларусі ніхто не застанецца без працы, звярнуўшы ўвагу, што па яго даручэнні будзе створана 50 тысяч працоўных месцаў.

Закранаючы тэму павышэння пенсійнага ўзросту, Прэзідэнт адзначыў: «Я схіляюся да таго, што мы павінны ісці паступова і акуратна. Я прыхільнік таго, каб пенсійны ўзрост павысіць на 3 гады, кожны год па палове. І так мы спакойна, за шэсць-сем гадоў зможам прайсці гэтыя тры гады». «Не трэба думаць, што калі перадпенсійны ўзрост — выкінуць на вуліцу. Калі не працуеш, цябе і не ў перадпенсійным узросце звольняць. Цяпер трэба выкладвацца, — лічыць Прэзідэнт. — Але калі пенсіянер можа працаваць, добры спецыяліст і яшчэ можа падрыхтаваць сабе замену, то яму наогул трэба даплачваць, як настаўніку, таму што падрыхтаваць спецыяліста — гэта вялікія грошы».

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму ў краіне вымушаны пайсці на такі крок. «Заробак у людзей невысокі і не расце па краіне. А пенсійны фонд фарміруецца з заробку. Калі не расце зарплата, а цэны ўсё-ткі рухаюцца, такім чынам, хай на паўпрацэнта, на працэнт жыццёвы ўзровень падае, — сказаў Прэзідэнт. — Стаіць пытанне: што рабіць? Памяншаць пенсіі? На гэта мы пайсці не можам. Нельга крыўдзіць людзей». «Для мяне як бацькі важна тое, каб мы на сваіх дзяцей гэтыя праблемы не перакладалі», — дадаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт падкрэсліў, што не бачыць вялікіх праблем і ў плане працоўных месцаў. «Створым мы працоўныя месцы і ствараем. Трэба напружыць тых кіраўнікоў, якія павінны стварыць працоўныя месцы, і самім ствараць малыя, сярэднія, буйныя прадпрыемствы, каб былі новыя месцы. Мы і гэты шлях задзейнічаем», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама ўстройства самой пенсійнай сістэмы ў Беларусі. Прэзідэнт расказаў, што ў свой час яму прапаноўвалі змяніць наяўную ў краіне пенсійную сістэму на назапашвальную. Аднак ён не падтрымаў гэтай ініцыятывы, пры гэтым дазволіўшы яе на добраахвотнай аснове. «Можа быць, калі-небудзь наша грамадства саспее, каб разбурыць гэтую сістэму і пакінуць толькі назапашвальную», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў яшчэ адну рэзанансную тэму — павышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. «Мы зробім так, як будзе лепш для людзей. Гэта я вам цвёрда абяцаю! Калі будзе немагчыма, я вам скажу пра гэта і раскладу ўсе гэтыя лічбы, паказчыкі. Усё роўна я буду на вашым баку», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што пасля пераліку Камітэтам дзяржаўнага кантролю кошту жыллёва-камунальных паслуг высветлілася, што насельніцтва пакрывае выдаткі не на 30%, а на 40,2%. «Праз зніжэнне сабекошту паслуг ЖКГ мы да канца года будзем пакрываць 50% кошту паслуг. То-бок, не праз павелічэнне тарыфаў і канфіскацыю грошай у вас, а за кошт камунальнікаў. Яны там скароцяць сабекошт, выдаткі, — адзначыў кіраўнік дзяржавы, паведаміўшы, што ў найбліжэйшы час падпіша адпаведны ўказ.

Прэзідэнт адзначыў, што рашэнне па тарыфах на наступны год будзе прымацца зыходзячы з работы эканомікі. «Можа, мы не на 25% зможам павысіць тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі, а толькі на 2%, а можа, наогул нічога. Таму пажывём — пабачым», — сказаў ён. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы заўважыў, што людзі часцяком неэканомна ставяцца да рэсурсаў. «Эканоміць людзі пачнуць толькі тады, калі гэта будзе каштаваць чагосьці. Але пакуль мы дамовіліся, колькі гэта будзе каштаваць», — дадаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ў Беларусі будзе мадэрнізавацца сістэма аказання паслуг ЖКГ, зыходзячы з сусветнага досведу.

Адказваючы на пытанне адносна рэгулявання цэн на сацыяльна значныя тавары, Прэзідэнт падкрэсліў, што ў краіне захаваецца кантроль за цэнаўтварэннем. Паводле яго слоў, у І квартале ў сярэднім па краіне ўжо маецца больш за 4% росту цэн, вялікую ўдзельную вагу ў гэтым складаюць жыллёва-камунальныя паслугі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яго больш за ўсё турбуе рост цэн у сферы гандлю. Дзяржава будзе прымаць жорсткія меры ў выпадку, калі выявіць неабгрунтаванае завышэнне цэн. Ён падкрэсліў, што ў краіне створана магутная сістэма кантролю за цэнаўтварэннем, існуе антыманапольнае заканадаўства.

Загаловак у газеце: Парадак і адказнасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.