Вы тут

Гэта ж так добра — жыць!


Мне ўжо 81 год, працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, маю дваіх праўнукаў. Але дагэтуль помню вельмі добра забаўныя выказванні сваіх дзяцей, калі тыя былі яшчэ маленькімі, а таксама цікавыя выразы, што гаварылі ўнукі. Вырашыла падзяліцца ўспамінамі з газетай, бо дужа ж мілы свет дзіцяці.


Аднойчы прыйшла з агарода і кажу мужу:

— У нас ужо агурочкі ўзышлі.

А ўнучачка Галька:

— Бабулька, я хачу паглядзець.

— Пойдзем пакажу, — і вяду яе за ручку ў агарод, паказваю.

— А я не бачу.

— То во, глядзі, — тыкаю ёй у расліну.

— А я ўсё роўна не бачу.

Тады я бяруся рукой за зялёны лісточак.

— Дык гэта ж трава! — пярэчыць мне Галька.


Аднойчы ўнучка бярэ са стала кавалак хлеба і ідзе на вуліцу. Мы так (як я была малая) заўсёды рабілі, а цяперашнія дзеці так не робяць, таму я пытаю ў яе:

— А навошта ты хлеб бярэш?

— А ў мяне там знаёмая каза ёсць, яна хлеб вельмі любіць, дык я ёй і прыношу.


Недалёка рос калгасны гарох, сын з дзецьмі бегаў туды па струкі. Я на яго сваруся і кажу, што нельга іх ірваць, прыйдзе старшыня і штраф дасць.

— А што такое штраф?

— Ну скажа, напрыклад: «Давай пяць рублёў».

Другі раз сын падыходзіць і кажа: «Дай, мама, 5 рублёў, пайду ў гарох; як прыйдзе старшыня, то я яму і аддам».


Нешта я прылегла, галава балела, а Леначка падышла і шкадуе.

— Можа, я ўжо і памру, — кажу.

А яна абняла:

— Бабулька, не памірай, гэта ж так добра жыць!

Яўгенія КУЛЕВІЧ,

в. Сялец, Смаргонскі р-н

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.