Бабуля Грыпіна заўжды падымалася рана, ёй вечна не спалася — даймалі турботы. Усё думала, калі і як што зрабіць, хоць на сябе ўжо надзей не мела — не тыя сілы. Добра, што ёсць дачка ды зяць, дарослыя ўнукі. Усе яны — нельга скардзіцца — шкадуюць старую, слухаюць, што яна кажа, і ёй жа ўдзячныя, бо самую непрыемную для ўсіх работу бабуля робіць сама: на дзявятым дзясятку шторанак на росную траву выганяе карову. Тая спакойна скубе, а пастушка — дзе седзячы, дзе стоячы абапёршыся на кіёк, — задуменна разглядае наваколле.
Усё ёй тут звыклае, усё да болю знаёмае: вёска, дарога, жытнёвае поле. «Каласы ўжо спелыя, — падумала бабуля, — праз тыдзеньчык трэба жаць». Вочы яе міжволі «зачапіліся» за сінія зорачкі васількоў, у спеве жаўрукоў вушы злавілі сумнае «ку-ку».
Бабуля хацела палічыць, колькі ёй засталося жыць, але ж зязюля ці не з глузду з'ехала: замест будучых гадоў стала лічыць пражытыя.
...Усе яны прайшлі ў горы ды пакутах, але ж часу плакаць у жанчыны не было: дзень і ноч працавала, чым магла, дапамагала людзям. І яны ёй — таксама... Інакш бы адна, без мужа, не выжыла, не паставіла б на ногі пяцёра дзяцей.
Усе яны, дзякаваць богу, выраслі працавітымі ды спакойнымі, усе звілі сабе гнёзды ў розных канцах былога Саюза. А яна тым часам зусім састарэла — згубіла недзе ранейшы спрыт. А, здавалася ж, зносу не будзе.
Разам з ёй састарэла і вёска. Шмат пустуючых хат: гаспадары іх «пераехалі» на блізкія могілкі. Некага даканала немач ды старасць, некага — сквапнасць. Дурная гэта хвароба. Яна, як і розныя іншыя, падрывае здароўе, псуе характары, разбурае сем'і, дамы. Узяць хоць бы гэты, суседскі (бабуля з сумам паглядзела на зарослую быльнягом будыніну з выдранымі дзвярыма і вокнамі). Некалі ж тут усё красавала: да дыхтоўных пабудоў вялі акуратныя дарожкі з цэменту, абапал — красавалі ружы ды вяргіні, за імі пачынаўся раскошны сад... Заможна жылі суседзі: гэта ў калгаснікаў быў пусты працадзень, а ў гэтых мужа і жонкі — добрыя аклады, сувязі, блат. Жывую капейку мелі і з гаспадаркі. А ўсё роўна мала было! У роднай сястры, што глядзела бацькоў, адсудзілі спадчыну...
Вось толькі згоды ў дом грошы не прыносілі. Гаспадар любіў выпіць, і тады ўжо месца ў хаце нікому не было. І сам лютаваў, і дзецям у вушы ўводзіў, што яны тут — самыя багатыя, самыя разумныя, самыя ўдалыя, а ўсе астатнія — зброд, шушамець...
Зерне пасеянай пыхі стала даваць усходы: сын багацеяў славіўся тым, што не хацеў вучыцца сам і не даваў іншым, крыўдзіў слабейшых, зрываў урокі.
Школу ў выніку так і не скончыў. Ісці працаваць (атэстат аб сярэдняй адукацыі маці прыдбала)? «А навошта? — адкрытым тэкстам пытаў, — калі ў бацькоў грошай столькі, што хопіць яшчэ і ўнукам.
У яго такім чынам з'явіўся час, які трэба было нечым запаўняць. Найлепей, вядома ж, прыемнымі сустрэчамі ды застоллямі.
Не ўсе яны праходзілі гладка. Здаралася, што чаргаваліся чаркі не толькі са сваркамі, але і з бойкамі, пошукам «прыгод». У бацькоў, адпаведна, з'явіўся новы клопат — пастаянна «выкупляць» нашчадка з міліцыі, шукаць уплывовых заступнікаў, наймаць адвакатаў...
Спачатку ім гэта ўдавалася, але ж потым — не. Розныя былі злачынствы, розныя тэрміны пакарання, а вынік адзін: вярнуўшыся, гэты бэйбус браўся за сваё — прымаў «гасцей», здаралася, падымаў руку на «старых» (іначай не зваў), калі яны пярэчылі ці не давалі грошай.
Адна з такіх «разборак» скончылася трагедыяй: вырасціла маці сына — аддзячыў.
...У прасторных пакоях іх некалі багатага дома цяпер ва ўсю гаспадарыць вецер. Часам ён тужліва свішча, быццам сумуе па гаспадарах, якія верылі, што ўсё ў жыцці вырашаюць грошы... Памыліліся: зарасла быльнягом не толькі іх сядзіба, зараслі магілы на могілках.
...Бабуля Грыпіна — як цяжка ні было — не зайздросціла сваёй багатай суседцы раней. Не зайздросціць і цяпер, бо лепей пасвіць кароўку, чым парыць зямлю.
Марыя Сушко
Бярэзінскі раён
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».