Вы тут

Найлепшае айчыннае кіно пакажуць не толькі ў Мінску, але і рэгіёнах


Добрыя ініцыятывы — у масы. Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «Арт Карпарэйшн» і Акадэмія мастацтваў прапанавалі стварыць цэлую пракатную гісторыю для самых цікавых сучасных беларускіх фільмаў. Міністэрства культуры падтрымала — у выніку ў кінатэатры «Цэнтральны» на мінулым тыдні быў прэзентаваны праект «Новы погляд: маладое беларускае кіно», які павінен цягам 2016 года — Года культуры — паказаць у Мінску і рэгіёнах краіны ігравыя і дакументальныя фільмы беларускіх аўтараў (даўно пара). Гэта кароткаметражкі студэнтаў Акадэміі мастацтваў у асобным альманаху «Адкрытымі вачыма» і шэраг ужо досыць вядомых незалежных карцін.


Прэзентацыя праекта не абмежавалася звычайнымі пафаснымі і не пафаснымі словамі: зоркі сышліся, наступіў зручны момант — рэжысёр фільма «Фартуна» Іван Маслюкоў звярнуўся да першага намесніка міністра культуры Ірыны Дрыгі з парадай, якая ўжо даўно лунае ў паветры:

— Сённяшнія тэхналогіі дазваляюць за дзве, тры, пяць тысяч долараў зняць поўнаметражны фільм — калі не блокбастар, то хаця б псіхалагічную драму. Мы дайшлі да таго моманту, калі рабіць кіно могуць некалькі чалавек, і адзін з іх здольны прафесійна выконваць некалькі роляў. Найлепшае, што ў гэты момант можа зрабіць Міністэрства культуры для маладых кінематаграфістаў — гэта, напрыклад, у рамках кінафестывалю «Лістапад» арганізаваць пяць-дзесяць прызавых месцаў з прызавым фондам у дзесяць, дваццаць альбо сто мільёнаў рублёў. Гэтыя грошы, невялікія для краіны, стануць значнай дапамогай для маладых аўтараў. Здымаць за свой кошт і практычна не атрымліваць аддачы вельмі цяжка. Калі дзяржава дапаможа не праз конкурс кінапраектаў (дзе вузкае кола тэм, насамрэч не вельмі цікавых маладым рэжысёрам), а праз выдзяленне пяці-дзесяці невялікіх сум... Дайце жывыя грошы і магчымасць здымаць фільмы — і будзе ў нас кіно, я вам абяцаю.

А блокбастары нам і не патрэбны. Практыка паказвае: патугі зняць нешта падобнае робяцца па шаблонах, створаных не намі, і па ўзорах, узроўню якіх не атрымліваецца дасягнуць. Нам патрэбна сапраўднае, уласнае, беларускае, пачуццёвае кіно. Такі рэцэпт фінансавання беларускіх кінематаграфістаў з боку дзяржавы, як выдаткаванне невялікіх сум, гатовы ўжо даўно. Праўда, ён існуе толькі ў вусных формах. А дарэмна.

Між тым тое самае, уласна беларускае, кіно ў нашай прасторы ўжо ёсць — яно і напаўняе праграму праекта «Новы погляд: маладое беларускае кіно». Можна лічыць, скрозь незалежнае (што паказальна). Менавіта яно будзе паказана гледачам па ўсёй краіне. Трэба разумець: сваю добрую рэпутацыю яно ўжо заслужыла, свае прызы на кінафестывалях атрымала (і атрымлівае), сваё месца на Алімпе займела. Яно не чакае адзнак, якраз наадварот — глядач яго чакае.

Выдатную дакументалку Андрэя Куцілы «Госці», карціну Влады Сяньковай «Граф у апельсінах» (пэўны час паказвалася на вялікім экране ў Мінску), кароткаметражны дакументальны фільм Ігара Чышчэні «Подых балот», стужку беларускага Джыма Джармуша (так кажуць) Мікіты Лаўрэцкага «Амерыкан бой», кароткаметражку Дар'і Жук «Сапраўдная амерыканка», фільм «Фартуна» Івана Маслюкова (смелага, як бачыце, аратара) і іншыя. Амаль кожны з гэтых фільмаў я шчыра люблю, большасць з іх мне куды цікавей глядзець, чым нават фаварытаў сусветных фестываляў, асноўную частку гэтых стужак я з задавальненнем пераглядаю.

Героямі карцін з кінаальманаха «Адкрытымі вачыма», куды ўваходзяць работы студэнтаў Акадэміі мастацтваў, з'яўляюцца дзеці. Так ужо атрымалася — усе мы з дзяцінства — цэлых пяць карцін аб'яднаць у тэматычную праграму. Стужка «Кактус» Андрэя Кашперскага паказвалася ў межах нацыянальнага конкурсу мінулага «Лістапада», таму пэўнаму колу цікаўных гледачоў вядомая. Увогуле, амаль усе фільмы альманаха дэманстраваліся на пляцоўках мінскага кінафоруму. У падборку трапілі дзве карціны Нэлы Васілеўскай — «Заплюшчы вочы» і «Мой брат», фільм Алесі Камяковай «Гульні са смерцю» з цудоўнай ігрой Вячаслава Паўлюця, «Канцэрт для мамы» Ягора Бякава.

«Любы фестываль, які паказвае найлепшае кіно, ставіць сваёй задачай уздзеянне на асяроддзе, якое прыходзіць на кінапаказы. У 2014 годзе ў рамках «Лістапада» ўпершыню з'явіўся конкурс нацыянальнага кіно, а ўжо праз два гады мы пачалі паказы «Лістапад. Беларуская калекцыя». Гэты працэс за невялікі час знайшоў свайго гледача, маленькі праект перарос у вялікую акцыю. Я спадзяюся, што гэта не апошні рух. Маладое кіно было, ёсць і будзе. У нас дастаткова шмат маладых таленавітых людзей, гатовых паказваць свае работы. Я ўдзячная гэтай магчымасці маладым рэжысёрам заявіць пра сябе, — пракаментавала дырэктар «Арт Карпарэйшн» Анжэла Крашэўская.

Беларускае кіно — у масы. Сачыце за афішай.

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Пашырэнне аўдыторыі

Выбар рэдакцыі

Культура

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

існуе тэорыя, што толькі той, каму выпала перажыць моцныя ўзрушэнні, можа стаць сапраўдным паэтам.

Грамадства

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса?

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў.