Гэта расліна зацвітае ў маі. Калі стаіць спякота — адыдзе за тыдзень, з надвор'ем не шанцуе — можа пакрасавацца і дзён дваццаць. Нездарма мясціны, дзе расце бэз, называюць месцам тысячы ўсмешак.
Асаблівая чароўнасць гэтай расліны ў тым, што ў час красавання яна мяняе колер. У дажджлівае надвор'е мы ўбачым больш яскравыя колеры, у спякотнае кветачкі будуць блякнуць. Таму і не трэба садаводам абурацца, калі раптам іх бэз аказаўся не таго колеру, як на малюнках у каталогах.
Зменлівы малюнак
— Вось як вы назавяце гэты колер? — паказвае мне галінку бэзу Наталля Македонская, кандыдат біялагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік, куратар калекцыі бэзу Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі. — Я скажу — «барвовы», вы — «цёмна-чырвоны». Мы ўсе па рознаму можам успрымаць колеры. Афарбоўка можа залежаць ад абставін, чалавеку непадуладных: кіслотнасці глебы, асвечанасці, вільготнасці паветра. Трэба ведаць, што антацыян — пігмент, які афарбоўвае пялёсткі, — няўстойлівы.
Бэз можна вызначаць па тыпе кветкі: просты і махровы. А вось афарбоўка ўсіх відаў бэзу ліловая, і каб разабрацца ў гэтым моры адценняў, іх умоўна падзяляюць на 7 груп. Мы бясспрэчна вызначым белы бэз, а далей ідуць — блакітнаваты, ружаваты, пурпурны, мажэнтавы... Часам садаводам могуць прапанаваць нават жоўты бэз, насамрэч, ёсць такі гатунак як «Prіmrose», у бутонах якога пераважае жоўты колер, але на сонцы яго кветкі выгараюць, бялеюць.
Сёння няма праблем набыць сорт, які вы ўпадабалі. Рынак пачаў насычацца дзякуючы мікракланальнаму размнажэнню. У такіх бэзаў уласная каранёвая сістэма, парасткі захоўваюць якасці сорту (чаго няма ў прышчэпленага бэзу), таму імі можна ашчаслівіць суседзяў. Зручны такі бэз і тым, што парасткі можна не выдаляць. А калі раптам ваша расліна пашкодзіцца, але захаваецца хоць адна галінка, куст можа аднавіцца.
Сведка часу
У свеце налічваецца каля дзвюх тысяч сартоў бэзу, і расце ён паўсюдна акрамя Афрыкі, усё ж гэтай расліне патрэбен хоць месяц спакою з мінусавымі тэмпературамі. У калекцыі Цэнтральнага батанічнага саду — дзвесце гатункаў, прадстаўлены ўсе садовыя групы і кантыненты. Тут ёсць нават расліна, якая дасягае 15 метраў у вышыню.
Збірацца калекцыя пачала яшчэ ў 1930-х гадах. Але сюды не толькі завозіліся расліны з замежжа. Шэраг новых сартоў «нарадзіўся» ў Батанічным садзе, сярод апошніх — пяшчотна ружовы бэз «Мінская прыгажуня». «Паўлінка», «Несцерка», «Свіцязянка», «Палеская легенда» — тыя назвы беларускіх сартоў, якія, магчыма, у замежжы будуць абуджаць у садаводаў цікавасць да нашай краіны. У пасляваенны час былі створаны сарты «Партызанка», «Вера Харужая», «Канстанцін Заслонаў», «Абаронцам Брэста». Як бачыце, бэз здольны расказваць пра гісторыю, паказваць стаўленне людзей да пэўнай эпохі. Прычым у іншых краінах селекцыянеры таксама стваралі бэзы з красамоўнымі назвамі... Ёсць пра што задумацца ці расказаць дзецям у час праменаду па бэзоўніку.
А яшчэ бэз валодае лекавымі ўласцівасцямі, ачышчае паветра і выдзяляе фітанцыды, якія знішчаюць шкодных мікробаў. Аднойчы ў Батанічны сад прыйшла жанчына, якая выказала жаданне на валанцёрскіх пачатках абразаць бэз, які адквітнеў. Пазней яна прызнавалася, што гэтая расліна дапамагае ёй аднавіцца пасля страшнай хваробы і хіміятэрапіі, тут яна забывалася на ўсе негатыўныя думкі...
Здаўна бэз на вёсках садзілі пры акне. А сёння садаводы чаруюць над рознымі дэкаратыўнымі «прымочкамі». Так, кусты можна пасадзіць жывой агароджай. Бэз можа працаваць як адзінкавая пасадка. Абрэзкай можна прыдаць яму форму шарыка на ножцы. Хочаце — спалучайце з іншымі раслінамі: ён ужываецца з усімі. А ў загушчаных пасадках любяць сяліцца салаўі...
Непатрабавальная прыгажосць
Людзі думаюць, што чым больш ламаць бэз, тым лепш ён квітнее. Гэта не так. Насамрэч, так выломваюцца і тыя пупышкі, якія расліна закладвае на наступны год. Адзінае, што пасля такіх «заходаў» аматараў, бэз запускаецца на самаамаладжэнне. А вось выдаляць адквітнеўшыя суквецці трэба, каб куст не траціў сілы на вырошчванне насення. З узростам некаторыя сарты бэзу могуць «стамляцца» і на наступны пасля буйнога цвіцення год адпачываць.
Бэз устойлівы да маразоў і засух, загазаванасці, і нават хваробы і шкоднікі не могуць яму так «насаліць», каб ён страціў дэкаратыўную каштоўнасць. Трэба толькі знайсці для яго месца на сваім участку, бо гэты куст можа разрастацца і дасягаць 3-5 метраў. Лепш «прапісаць» яго на сонечным баку, але бэз будзе расці і квітнець нават у цені. Ён вытрывае ўсё, можна пасадзіць — і забыць, а расліна ўсё роўна будзе радаваць. Але, калі вы яму паклоніцеся, атрымаеце большы эфект.
— Бэз любіць слабашчолачныя глебы, а ў Беларусі ўсе глебы кіслыя, таму попел, даламітавая мука, мел пры пасадцы вельмі пажаданыя, — расказвае Наталля Македонская. — У расліны паверхневая каранёвая сістэма, і яна любіць, каб яе замульчыравалі, можна тым, што пад рукой (карой, трэскамі, скошанай травой). Попел — самае даступнае ўгнаенне.
— Ці ёсць спецыяльнае ўгнаенне для бэзу?
— Усе ўгнаенні ўтрымліваюць азот, фосфар, калій, у залежнасці ад іх суадносін пішуць, для якой культуры рэкамендуецца канкрэтны прэпарат, гэта чыста маркетынгавы ход, каб людзі больш набывалі. Трэба разумець, што азот патрэбны для росту, і яго ўжываюць толькі у першай палове лета. Раслінам важна добра падрыхтавацца да зімы. Фосфар і калій неабходны для павелічэння марозаўстойлівасці, атрымання прадуктыўнасці цвіцення. Дарэчы, фосфар, калій, магній маюцца ў попеле, яго можна дадаваць у мульчу.
Гаспадарам пажадана мець «зялёную» аптэчку, у якой могуць быць такія прэпараты, як «Байкал», тарфяныя выцяжкі, стымулятары росту. Калі нейкая расліна (не толькі бэз) аслабела, неабходна з такіх прэпаратаў зрабіць кактэйль і правесці пазакаранёвую падкормку. Гэта можа дапамагчы расліне ў тым ліку выйсці і пасля пасадачнага стрэсу.
Між іншым, яшчэ не позна завесці бэз на сваім участку. І не толькі таму, што яго можна набыць у кантэйнерах і перасяліць у любы для вас зручны час. Бэз любіць, каб яго саджалі летам.
— Гэта расліна працуе на ўра — расце і квітнее адначасова, а пасля адпачывае, другая хваля росту ў яе пачынаецца ў жніўні, — заўважае Наталля Віктараўна.— У сярэдзіне лета бэз у спакоі, не растуць карані, парасткі. І як толькі ён адквітнеў — можна перасаджваць, расліна паспее прызвычаіцца да новых мясцін і з добрым прыростам выйдзе на наступны год. Вядома, можна бэз перасаджваць і ранняй вясной, а вось познія вясеннія пасадкі яму не падабаюцца. Калі мы саджаем бэз з пупышкамі, якія распусціліся, ці маладымі лісточкамі, абрываем карэньчыкі (цяжка выняць той ком зямлі, які яны ахопліваюць). Расліна спрабуе разабрацца, што з ёй адбылося і як быць. І «думаць» можа гады два-тры.
Безумоўна, пры перасадцы бэз трэба паліваць, можна яго на некаторы час прыцяніць. І дзіва, нават у летнія перасадкі ў спякоту расліна не скіне лістоту. Калі восень вельмі сухая, таксама пажадана «напаіць» расліну. Існуе нават такое паняцце як вільгацезарадныя палівы.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?