Вы тут

Тэрыторыя правільных і дарэчных пытанняў


Новыя веды, тэхналогіі, магчымасці могуць моцна ўплываць на чалавека. Што важна не ўпусціць у час, калі інфармацыя памнажаецца з неверагоднай хуткасцю? Як наладжваць камунікацыю? Якімі павінны быць падыходы да сучасных дзяцей? На што варта звярнуць увагу ў адукацыі, каб выхаваць самадастатковую і паспяховую асобу? Гэтыя пытанні закраналіся на ХХХІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы падчас прэзентацыі кніг «Образование для человека. От скорости к ценности» і «Дороги vs Смыслы» рэктара Белдзяржуніверсітэта, доктара педагагічных навук Андрэя Караля. 


Абодва выданні адносяцца да так званых інтэлектуальных кніг, і аб’ядноўвае іх увага да чалавека. Першая кніга, напісаная ў суаўтарстве з Кацярынай Бушманавай, паказвае ролю адукацыі, як яна ўплывае на жыццё чалавека і грамадства. Аўтары дзеляцца поглядам на тое, у чым небяспека адукацыі, якая арыентавана на маналагічнасць, на засваенне, калі акцэнт робіцца на тым, каб мець, браць, слухаць, а не ствараць. Паказваецца, якую ролю ў жыцці адыгрываюць стэрэатыпы, такія як перайманне, радыкалізм, агрэсія. Але як папярэдзіў Андрэй Кароль, у кнізе, якую хутчэй можна аднесці да светапоглядных, няма метадычных аспектаў, прамых інструкцый, чаму і як вучыць. 

Уласную ацэнку інтэлектуальным творам Андрэя Караля даў дырэктар выдавецтва «Аверсэв» Дзмітрый Дэмбоўскі, у якім выйшла кніга «Образование для человека. От скорости к ценности»: «Аўтары прапанавалі паглядзець на сістэму адукацыі пад іншым вуглом і выкарыстаць у сваёй практыцы эўрыстычную педагогіку. Гэта не тэрыторыя гатовых адказаў, а хутчэй тэрыторыя правільных і дарэчных пытанняў, якія ставяць перад сабой бацькі і нашы педагогі». 

З аднаго боку, гэтыя пытанні могуць паказацца простымі, з іншага — наадварот, бо ад таго, якія будуць прыняты рашэнні, можа залежаць лёс цэлага пакалення. Як навучыць дзяцей вучыцца, адрозніваць карысную інфармацыю ад той, якую прынята называць інфармацыйным смеццем? Як развіць асобу дзіцяці і, самае галоўнае, як не загубіць у ім цягу да ведаў, да таго, каб нешта новае адкрываць для сябе? 

Калі прайсціся па кніжнай выстаўцы, можна пабачыць шмат замежных кніг псіхолагаў, ці модных сёння бізнес-коўчаў. Кнігі беларускіх педагогаў, даследчыкаў эўрыстычнага метаду, такіх як Андрэй Кароль, бяспрэчна, можна паставіць побач. Але важна ўлічваць, якую ролю могуць адыграць такія выданні, тым больш, што яны нясуць у сабе не проста карысныя назіранні, але і вельмі важныя пасылы. 

А не роўнае Б 

Другая кніга Андрэя Караля «Дороги vs Смыслы» пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». Яна складаецца з нататак, зробленых аўтарам у дарозе: падчас праменаду ці падарожжаў па іншых гарадах, калі «на каленцы», у смартфоне аўтар запісваў свае назіранні. Андрэй Кароль заўважыў, што ён зрабіў спробу праз звычайныя рэчы, падзеі, людзей розных нацыянальнасцяў стварыць так званую ЗD-выяву, паказаць карані, асаблівасці мыслення, свядомасці прадстаўнікоў розных культур, якія неаднолькавыя на Захадзе і на Усходзе: 

—На Усходзе чалавек можа мысліць, што ёсць чорнае і белае, лёгкае і цяжкае, А роўнае Б. Гэта значыць, што ў свеце ёсць універсальны першапачатковы парадак і нічога, уласна кажучы, мяняць нельга, адсюль і ўнутраны гістарызм і самарэалізацыя, пошук сябе, калі галоўнае шлях, а не вынік. З пункту гледжання прадстаўніка заходне-еўрапейскай цывілізацыі, А не роўнае Б, гэта значыць, што з часоў старажытнай Элады галоўнае — змяніць свет. Гэта шлях ад хаосу да гармоніі. Некалі людзі ўпадаблялі сябе багам, а зараз самі сталі багамі. 

Два супрацьлеглыя кірункі раскрыты на простых сюжэтах. Гэта можа быць нават проста ўсмешка, больш працяглая ў кітаянкі ў параўнанні з прадстаўнікамі заходне-еўрапейскай культуры. 

Новае выданне прымусіць чытача задумацца, як убачыць глыбінныя духоўныя стрыжні. Як раскрыць чалавека і зразумець, што мудрасць унутры нас, а не звонку.

Дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч падзяліўся, што, калі знаёміўся з творчасцю Андрэя Караля (дарэчы, «Дороги vs Смыслы» — не першая кніга гэтага аўтара, што выйшла ў выдавецтве), узгадаў пра работы Сухамлінскага, Шаталава, таксама звязаныя з педагагічным пошукам. Такія кнігі пішуцца не толькі для настаўнікаў, універсітэцкіх выкладчыкаў, тых, хто выкладае педагогіку і псіхалогію, у зносінах са школьнікамі, але і для шырокага кола чытачоў. Бяспрэчна, кнігі Андрэя Караля, імя якога вядома не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, вартыя таго, каб іх прадстаўляць на іншых мовах свету, у розных краінах, напрыклад, у Кітаі. 

Маўчанне — золата

Адно з пытанняў, якое было ўзнята падчас сустрэчы з Андрэем Каралём у рамках ХХХІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі: «Ці можа стацца так, што ў будучым самымі паспяховымі людзьмі будуць тыя, хто здольны ўспрымаць доўгія тэксты, паколькі сёння гэты навык ужо страчваецца? 

— Свет ідзе па шляху інфляцыі цэльнага ў прыватнае. Раней былі фільмы — зараз серыялы, раней песні — зараз рэміксы, тое, што з’яўляецца аскепкамі нечага адзінага цэлага, першых сэнсаў, канешне, пазбаўлена каштоўнасці, яно схільнае іншай катэгорыі — хуткасці. Хуткасці і сэнсы — гэта антаганістычныя паняцці. Гадоў 15 таму я ў арыгінале прачытаў назву «Вялікай дыдактыкі» Каменскага. Яна займае дзве трэці старонкі. Дачытаць маладому чалавеку сёння проста немагчыма, нерэальна і непатрэбна. Вельмі важна выстройваць мову зносін, якая будзе прыносіць свае дывідэнды. Кліпавасць мыслення — дрэнна, але гэта факт. Так адбываецца не таму, што вучань дрэнны, а таму, што каэфіцыент падзейнасці, колькасць падзей у адзінку часу расце па экспаненце, як растуць аб’емы інфармацыі, задавальнення. У адукацыі важна навучыць разумець цяжкасць як нейкае дабро, бо як толькі чалавек страчвае сувязь з сабой, пачынае падарожжа па знешнім свеце. Вельмі небяспечна, калі ўсё становіцца лёгкім. Напрыклад, дастаткова націснуць на кнопку — прынясуць піцу. Скапіраваць, скачаць інфармацыю — і за пару хвілін зрабіць работу. На хуткасці заснаваны штучны інтэлект. Яго маркер — прадукцыйнасць, колькасць аперацый у секунду, так нараджаюцца хуткасці. Вельмі важна вучням паказваць, што не ўсё тое золата, што блішчыць. Набываючы лёгкасць, чалавек страчвае сябе. Лёгкасць вядзе да масавасці, асацыяльнасці. Праблема суіцыдаў — гэта праблема сэнсаў. Вось яны, «перавагі» сучаснага глабалісцкага свету. 

Рэктар адказаў і на пытанне, чаму ён прапануе праводзіць «урокі маўчання».

— Гэта тэма старажытная. У піфагарэйцаў на працягу трох гадоў у школе забаранялася гаварыць. Гэта быў спосаб атрымання ведаў. Маўчанне — гэта аскеза, абмежаванні. Там, дзе ёсць межы, заўсёды ёсць свая самасць. Маўчанне ў навучальным працэсе — гэта таксама частка тэхналогіі. Хутка цішыню пачнуць прадаваць за грошы, дык чаму б нам не вучыць школьнікаў маўчаць?

Запыт на праўду 

Адна з праблем нашага часу ў тым, што маладому пакаленню адукацыя пачынае падавацца ва ўсечаным варыянце, а глыбокія веды зможа атрымаць толькі эліта. Паўстае пытанне, як далей будзе развівацца гэта сфера.

— Адукацыя павінна быць скіраванай у бок чалавека. Ёсць розныя заказчыкі адукацыі: бацькі, дзяржава, сам чалавек. І кожны з гэтых заказчыкаў дыктуе далей сваю пэўную сістэму, метадалогію, змест і тэхналогію навучання. Важна знайсці, выявіць і рэалізаваць патэнцыял чалавека, дапамагчы яму навучыцца глядзець на сябе з розных бакоў, задаваць розныя пытанні, найперш такія, у якіх ужо ёсць вялікая частка ведаў. У сучасным свеце, калі цяжка быць пачутым, найперш па прычыне шматгалосся свету, каштоўным з’яўляецца маўчанне, як некая лакуна, у якой адбываецца стварэнне, нараджэнне новых сэнсаў, пытанняў, мэт для таго, каб вучань сам быў адміністратарам свайго жыццёвага шляху. Гэтага сёння вельмі не хапае. І, канешне, вельмі важна, каб адукацыя была павернута да чалавека не як да сумы нейкіх механістычных дзеянняў постмадэрновага толку, што мы, на жаль, назіраем у заходнееўрапейскіх краінах, калі адукацыя з’яўляецца паслугай, ёсць рэйцінгаванне, ранжыраванне. Усё, што можна ўзважыць, упакаваць, перадаць — мёртвае па сваім вызначэнні, яно адносіцца да катэгорыі «мець», а не да катэгорыі «быць». 

І ўсё ж што сёння запатрабавана ў маладога пакалення?

— Сёння, і гэта адчуваецца на розных узроўнях (і ў школьнікаў, і ў студэнтаў), вельмі вялікі запыт на праўду. А праўда там, дзе ёсць адкрытасць. Ёсць такое паняцце ў нямецкіх філосафаў, як размыканне чалавека свету. Так ён можа выйсці за свае межы і паглядзець на сябе збоку, аддзяліць зерне ад плевел, што сёння ў свеце фэйкаў і маніпуляцый выключна важна. Калі чалавек закрыты, ім прасцей маніпуліраваць, што мы і бачым на прыкладзе сусветных сродкаў інфармацыі, якія дыктуюць павестку навін. Вельмі важна навучыць крытычна глядзець на тое, што адбываецца вакол, паспрабаваць праз заслону СМІ памаць свет рукамі. Эўрыстыка разглядае і ролю практыкі ў навучанні. Мы павінны навучыць чалавека быць творчым, развіваць тыя кампетэнцыі, якія з’яўляюцца ключавымі ў ХХІ стагоддзі: гэта ўменне працаваць у камандзе, задаваць пытанні, уладжваць канфліктныя сітуацыі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.