Вы тут

Для лёгкіх ножак


З узростам выпрацоўка калагену змяншаецца і сасудзістая сценка страчвае былую эластычнасць. У выніку большасць людзей ва ўзросце пасля 50-ці сутыкаюцца з хранічнай вянознай недастатковасцю. Наогул сутыкнуцца з варыкознай хваробай можа кожны другі жыхар планеты.


У групе рызыкі знаходзяцца тыя, чые бацькі пакутавалі ад расшырэння вен. Калі вены расшыраныя ў абаіх бацькоў, то варыкоз перадаецца ў спадчыну з 90-працэнтнай верагоднасцю. У большасці жанчын праблема з'яўляецца пасля першых родаў — гарманальная перабудова падчас цяжарнасці спрыяе зніжэнню пругкасці вянознай сценкі.

— Парушэнне адтоку крыві па венах ніжніх канечнасцяў суправаджаецца адчуваннем цяжару, болем і ацёкам, — тлумачыць намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай часці 2-й цэнтральнай раённай паліклінікі г. Мінска Крысціна МІХАЛЁНАК-ВАРАНЕЦКАЯ. — Звычайна спачатку з'яўляюцца ацёкі галёнкі і ступні напрыканцы дня, узнікае непрыемнае адчуванне ў лытках падчас працяглага знаходжання ў становішчы стоячы або седзячы. Абутак пачынае ўвечары ціснуць, а шкарпэткі пакідаюць глыбокія сляды на скуры. Прычым падчас хады або пасля адпачынку сімптомы змяншаюцца. Пазней з'яўляюцца і начныя сутаргі ў ікраножных мышцах. На бёдрах і галёнках утвараюцца дробныя сіне-чырвоныя сасудзістыя "зорачкі", унутрыскураныя вены становяцца цёмна-сінімі, а часам павялічваюцца, нагадваючы вінаградныя гронкі. Скура становіцца сухой, адчувальнай да траўмаў. З'яўляюцца невялікія астраўкі цёмна-карычневага колеру, якія паступова зліваюцца, а следам адкрываецца трафічная язва.

Што спрыяе хранічнай вянознай недастатковасці?

Жаночы пол (жанчыны хварэюць у 5 разоў часцей за мужчын), работа, звязаная з працяглым знаходжаннем у вертыкальным становішчы, лішняя вага, маларухомы лад жыцця, спадчыннасць, гарманальная кантрацэпцыя, частыя працяглыя пераезды, заняткі сілавымі відамі спорту, цукровы дыябет, курэнне, запоры.

Як зменшыць рызыку развіцця захворвання і палепшыць свой стан?

1. Трымайце ногі прыўзнятымі падчас сну і адпачынку.

2. Мяняйце становішча цела, калі даводзіцца доўга сядзець ці стаяць. Яшчэ лепш — зрабіце перапынак і пахадзіце ў хуткім тэмпе.

3. Насіце абутак на абцасе сярэдняй вышыні.

4. Палівайце ногі пасля душу ці ванны халаднаватай вадой.

5. Пазбягайце надта гарачых ваннаў, саўны, працяглага знаходжання на сонцы.

6. Не насіце адзенне, якое пераціскае і тут, і там.

7. Рухайцеся як мага больш, гуляйце і плавайце.

8. Пазбягайце надта вялікіх фізічных нагрузак.

9. Сачыце за вагой.

10. Не сядзіце нага на нагу.

11. Выконвайце час ад часу гімнастыку для ног.

Лежачы або седзячы згінайце і разгінайце ступні 1-2 хвіліны.

Пахадзіце на месцы, не адрываючы наскоў ад падлогі, 1-2 хвіліны.

Пакладзіце ногі на ўзвышша на 5-10 хвілін.

12. Своечасова звяртайцеся да ўрача для прызначэння эфектыўных медыкаментозных прэпаратаў — супрацьзапаленчых, абязбольвальных, венатанізуючых.

Калі вы схільныя да варыкозу, 1-2 разы на год наведвайце хірурга.

Ультрагукавое даследаванне сасудаў ніжніх канечнасцяў дапаможа кантраляваць стан вен.

Венатонікі прызначаюць курсамі 2 разы на год па 2-3 месяцы. Найбольш эфектыўныя сродкі на аснове натуральнай расліннай сыравіны з флаваноідамі. Хуткасць адтоку крыві пасля курса венатанізуючай тэрапіі ўзрастае на 40-45 працэнтаў, паляпшаецца работа мышцаў галёнкі. Добрым дапаўненнем будуць спецыяльныя мясцовыя прэпараты-гелі і кампрэсійны трыкатаж.

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.