Вы тут

Праблема, якую нельга адкладваць. Гінеколагі, хірург і псіхолаг — пра нетрыманне мачы ў жанчын


Такая далікатная праблема, як нетрыманне мачы, часта сустракаецца ў жанчын. Прычым рознага ўзросту — як пажылых, так і маладых. Часта яна пачынаецца пасля родаў, нярэдка — у менапаузе. Захворванне мае некалькі зусім розных прычын, ад якіх і залежыць лячэнне, якое, дарэчы, таксама бывае рознае: ад псіхатэрапеўтычных тэхнік да хірургічнай аперацыі. Расказаць пра псіхатэрапеўтычны аспект нетрымання мачы папрасіла наша чытачка. Мы вырашылі паглядзець на гэтую праблему больш шырока. Урачы-гінеколагі расказалі аб прычынах дадзенага захворвання, спосабах яго лячэння і прафілактыку ў межах праекта Womanheаlth іn Belarus, таксама праблему нам пракаментаваў псіхолаг.


Узнікае пасля родаў

Часта першыя прыкметы нетрымання мачы жанчына можа заўважыць пасля родаў. Пра гэта расказвае Алена Долмат, акушэр-гінеколаг 1-й катэгорыі 1-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска:

— Пра такую праблему ўрач нярэдка можа даведацца, толькі спецыяльна спытаўшы жанчыну пасля родаў, як справы з функцыяй мачавога пузыра. Чамусьці дзяўчаты саромеюцца казаць пра гэта. Праблема можа быць двух відаў. Першы — калі немагчыма памачыцца, бо страчаны адчуванні, і другі — калі жанчына не можа стрымацца і дабегчы да прыбіральні. У норме такое здараецца нярэдка. У першыя некалькі сутак пасля родаў функцыя тазавых органаў можа мець пэўныя адхіленні ад звычайнага стану. І гэта тлумачыцца тым, што тазавае дно расцягвалася, каб прапусціць дзіця. Таму ў залежнасці ад трэніраванасці мышцаў тазавага дна і іншых момантаў могуць узнікаць такога кшталту цяжкасці. З кішэчнікам, дарэчы, такія праблемы амаль у 100 % жанчын пасля родаў: у першыя тры дні мала ў каго атрымліваецца схадзіць у туалет. І ў 80 % у першы раз гэта адбываецца з дапамогай ці прэпаратаў, ці клізмы.

Вось і з функцыяй мачавога пузыра могуць быць такія непрыемнасці. І гэта трэба мець на ўвазе: нават калі няма позыву, вы павінны кожныя дзве гадзіны наведваць санітарны пакой і імкнуцца пачуць свой арганізм. Калі не атрымліваецца, вы адчуваеце, што даўно не хадзілі і не апаражнялі мачавы пузыр, па-першае, трэба пра гэта паведаміць урачу ці акушэрцы. Па-другое, дастаткова пусціць ваду ў кране, і рэфлекторна адбываецца апаражненне мачавога пузыра. Не трэба думаць, што вы такая адна і з вамі здарылася нешта страшнае, пра што нельга гаварыць, гэта момант, які трэба проста пражываць. Тут усё вырашаецца вельмі проста, ёсць прэпараты, якія дапамагаюць.

Ёсць варыянт нетрымання мачы пасля родаў. Такі стан таксама пройдзе, калі не было нейкіх істотных траўмаў. А калі яны і былі, вам пра тое абавязкова паведамяць медыкі, але гэта вельмі рэдкая сітуацыя. Я ў сваёй практыцы не памятаю такіх выпадкаў, якія маглі б прывесці да парушэння функцыі мачавога пузыра з прычыны траўматызму. Існуюць методыкі, якія мы выкарыстоўваем у пасляродавы перыяд, гэта ўсім вядомыя практыкаванні Кегеля. Іх жанчына можа пачынаць выконваць праз шэсць гадзін пасля родаў. Трэба імкнуцца адчуваць мышцы прамежнасці, і ў тым ліку прымусіць свой мозг успомніць, якімі функцыямі гэтыя мышцы валодаюць. Іх, як і астатнія часткі арганізма, таксама трэба вяртаць у тонус.

Чаму гэта адбываецца?

Аксана Кароткіх, акушэр-гінеколаг 1 катэгорыі, загадчык аддзялення акушэрства і гінекалогіі 37-й гарадской паліклінікі:

— Нетрыманне дзеліцца на стрэсавае і нястрэсавае. І прычыны могуць быць розныя: як гінекалагічныя, так і ўралагічныя. І тут варта дыферэнцыравана падыходзіць да пастаноўкі дыягназу і лячэння жанчыны.

Першыя прыкметы і прычыны

— Спачатку з'яўляюцца мікрапрыкметы, напрыклад, пасля чхання ці кашлю адбываецца мочаспусканне ў нязначнай колькасці, — кажа Аксана Кароткіх. — Ці пасля родаў жанчына вырашыла пайсці на фітнес, і адчувае, што калі яна скача, мача выдзяляецца кропелькамі, бялізна становіцца мокрая. Калі на гэтым этапе не пачаць лячыцца, сітуацыя будзе пагаршацца, а нетрыманне — станавіцца больш актуальным. І, на жаль, у пажылым узросце сіутацыя можа стаць такой, што нават вялікія пракладкі не дапамагаюць. І гэта ўжо істотная праблема.

Чаму важна карыстацца ўралагічнымі пракладкамі?

— Пакуль жанчына не высветліла, што трэба лячыць і як, ёй трэба неяк з гэтым жыць і камфортна сябе адчуваць. Мача мае рэзкі пах з-за наяўнасці мачавіны і гармонаў, сама жанчына можа нават не адчуваць, але гэта адчуваюць навакольныя. Для таго каб пахаў не было, існуюць уралагічныя пракладкі, — тлумачыць Аксана Кароткіх.

Яны адрозніваюцца ад гінекалагічных найперш формай. Яна дазваляе ўвабраць мачу, якая выдзяляецца, і замкнуць у сабе пах. Пракладка гігіенічная, баваўняная, не раздражняе скуру і слізістыя, убірае мачу і не дае паху распаўсюджвацца. Пакуль пацыентка вырашае пытанне, хто і як яе будзе лячыць, трэба карыстацца такімі сродкамі гігіены.

Пра нетрыманне падчас менапаўзы

— Падчас менапаўзы з'яўляюцца сухасць у вобласці похвы і палавых шляхоў, да чаго дадаецца раздражняльная мача, што вельмі непрыемна. Для такіх сітуацый ёсць спецыяльныя сродкі гігіены, — тлумачыць урач. — Гэта гель для інтымнай гігіены для жанчын у менапаўзе, які можна набыць у аптэцы. Ён увільгатняе, ліквідуе пахі, і ім можна карыстацца пастаянна, паколькі ён не сушыць і не раздражняе скуру. Вядома, калі ёсць магчымасць, пасля кожнага паходу ў прыбіральню пажадана карыстацца гігіенічным душам ці бідэ.

Што такое пралапс мышцаў тазавага дна?

— Нетрыманне — праблема часцей гінекалагічная і звязана яна з пралапсам мышцаў тазавага дна, — кажа Аксана Кароткіх. — Нашы тазавыя органы злучаны адзін з другім і трымаюцца падвешанымі на мышцах і звязках. А апошнія на працягу жыцця слабеюць. Іх можна параўнаць з вяроўкамі для бялізны: спачатку яны тугія, але з часам ад цяжару правісаюць і расцягваюцца. Цяжарнасць паскарае гэты працэс — звязкі і мышцы расцягваюцца хутчэй. Пасля родаў мышцы робяцца больш вялыя, звязкі расцягваюцца і не вяртаюцца ў першапачатковы стан, і ў жанчын, у якіх было шмат родаў, гэта адна з галоўных прычын нетрымання мачы.

Таксама прычына пралапсу можа быць і генетычная. У нас ва ўсіх розная колькасць калагену ў арганізме. Чым яго больш, тым наша скура больш пругкая, а нашы звязкі больш нацягнутыя. Калі мала калагену — скура і звязкі вялыя. І нават без цяжарнасці яны не ў найлепшым стане. І з узростам скура, мышцы, звязкі становяцца больш вялыя.

Унутрыбрушны ціск павышаецца не толькі пры цяжарнасці. Гэта адбываецца, калі мышцы пярэдняй брушной сценкі расслабляюцца. Такое здараецца, калі жанчына вядзе неактыўны спосаб жыцця, шмат ляжыць, або наадварот, пастаянна паднімае цяжкае. Тазавае дно апускаецца, мышцы брушнога прэса яго не трымаюць, і сфінктары расслабляюцца і раскрываюцца.

Адной з прычын можа быць негінекалагічная. У жанчыны няма пралапсу мышцаў тазавага дна ці назіраецца мінімальная яго ступень, якая не ўплывае на нетрыманне мачы, а праблема непакоіць. Тут прычына можа быць уралагічная. У такім выпадку сфінктар мачавога пузыра расслаблены, і вось тут ніякія трэніроўкі не дапамогуць. Гэта ўралагічная праблема, яе вырашаюць аператыўным спосабам.

Прычынай нетрымання мачы таксама можа быць хранічны запаленчы працэс мачавога пузыра ці мочаспускальнага канала. Каб выявіць такую праблему, дастаткова здаць агульны аналіз мачы і крыві.

Псіхалагічная прычына

Алег Сяліцкі, псіхолаг Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера:

— Нетрыманне мачы можа быць звязана з абсэсіўна-кампульсіўным расстройствам. Гэтыя выпадкі апісаны ў літаратуры і цяпер сустракаюцца. Абсэсіі — гэта думкі, пачуцці і імпульсы, якія міжволі ўзнікаюць і паўтараюцца, і яны мучаюць чалавека, але нічога зрабіць з імі ён не можа. Кампульсіі — гэта дзеянні і рытуалы, якія, на думку чалавека, могуць знізіць яго трывогу і справіцца з тымі думкамі, якія ўзнікаюць пастаянна. Папросту кажучы, чалавек у трывожнай сітуацыі робіць тыя рэчы, якія добра знаёмыя і прыемныя. Гэта, напрыклад, памыць рукі некалькі разоў, прычасаць валасы, схадзіць у прыбіральню. Супраціўляцца гэтаму не трэба: лепш засесці ў прыбіральні, пакуль не пройдзе трывога.

Калі казаць у глабальным плане пра лячэнне, то варта мяняць і наладжваць сваё жыццё, каб не было трывогі. Задавальняць свае базавыя патрэбы ў коле дом—сям'я—работа—творчасць. Можна перагледзець патрэбы, згодна з вядомай пірамідай Маслоу. Але ў любым выпадку тут трэба звяртацца да псіхатэрапеўта, які вызначыць прычыну і дапаможа з лячэннем.

Прафілактыка

— Прафілактыка гэтага захворвання больш важная за лячэнне, — папярэджвае Аксана Кароткіх. — Найперш, жанчына не павінна падымаць цяжкасці, большыя за шэсць кілаграмаў. Калі яна занятая цяжкай фізічнай працай, пастаянна паднімае цяжары, яна ў групе рызыкі. Гэта датычыцца, дарэчы, і дзяўчынак, якія ходзяць у трэнажорныя залы і лічаць, што, падымаючы гантэлі і штангі, трэніруюцца. Так, яны ўмацоўваюць мышцы рук і ног, але пры гэтым тазавыя органы апускаюцца. Усе сілавыя практыкаванні трэба рабіць у становішчы лежачы, а не стоячы. Тады трэніроўкі прывядуць да прыгожага цела без шкоды для жаночага здароўя.

Цяжарнасць і роды спрафілактаваць нельга. Але многае залежыць ад таго, як жанчына нараджае. Калі падчас родаў няма вялікіх разрываў, калі жанчына слухае медыкаў, гэта таксама прафілактыка апушчэння. Калі падчас родаў з'явіліся глыбокія разрывы, якія ўшываюцца, гэта адна з прычын нашай праблемы. Пасля родаў мы рэкамендуем пачынаць трэніроўку мышцаў тазавага дна. І важна пачынаць яе своечасова, а не калі з'явілася праблема з нетрыманнем.

Важны і актыўны спосаб жыцця. Не ляжанне на канапе, а трэніроўка ўсіх груп мышцаў. І канешне, раз на год наведваць і тэрапеўта, і гінеколага, для таго каб можна было своечасова праводзіць прафілактыку.

Як лячыць?

— Лячэнне захворвання залежыць ад прычыны, — папярэджвае Аксана Кароткіх. — Калі па аналізах мы зразумелі, што маецца запаленчы працэс, лячэнне супрацьзапаленчае. І калі на яго фоне адбываецца нармалізацыя паказчыкаў, праблема нетрымання ў пацыенткі знікла, значыць, вынік ёсць. Калі прычына ў пралапсе, тут многае залежыць ад яго ступені. Калі гэта пачатковая стадыя, то трэба трэніравацца. Я казала пра тое, што задзейнічаны дзве групы мышцаў: брушнога прэса (тут важна мацаваць прэс) і мышцы тазавага дна. Для іх ёсць спецыяльныя практыкаванні Кегеля. Яшчэ важна трэніраваць мышцы похвы. І для іх ёсць спецыяльныя прылады. Тут жанчына павінна самастойна займацца.

Ёсць два віды прыстасаванняў для такіх практыкаванняў. Першы — «КольпаТрэйн», гэта набор конусаў. Яны вырабляюцца ў Беларусі і прадаюцца ў аптэцы без рэцэпта. Іх не трэба стэрылізаваць, дастаткова памыць. Конусы розныя па вазе, але аднолькавыя па памеры. Пачынаць трэба з самага лёгкага. Яго неабходна ўвесці ў похву і паспрабаваць утрымаць у становішчы стоячы. Такім чынам мышцы сціскаюцца. Спачатку нават самы лёгкі конус немагчыма ўтрымаць, і гэта многіх раздражняе. Як толькі ўдалося ўтрымліваць самы лёгкі конус, варта пераходзіць да больш важкага.

Для лянівых ёсць іншае прыстасаванне, якое дапамагае выконваць практыкаванні Кегеля ў дамашніх умовах. Гэта своеасаблівая груша, якая ўводзіцца ў похву, націскаецца кнопачка, і за кошт міястымулятара яна трэніруе мышцы. Камусьці падабаецца працаваць над сабой, а ў некага няма на гэта часу, і тады падыходзіць гэты трэнажор. Калі вы робіце зарадку, практыкаванні Кегеля, а праблема нетрымання адчуваецца ўсё больш і больш, тады трэба звяртацца да аператыўнага лячэння.

Аляксей Кулікоў, акушэр-гінеколаг, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі БелМАПА:

— Мы бяромся за самыя складаныя выпадкі. У прыватнасці, пры стрэсавым нетрыманні мачы, калі пэўная фізічная нагрузка — бег, скачкі, цяжкія сумкі, палавы кантакт (а гэта таксама фізічная нагрузка), — прыводзіць да нетрымання. Праблема карэгіруецца аператыўным шляхам. Мы аперыруем пад спінальнай анестэзіяй, працэдура доўжыцца каля 15-20 хвілін, і жанчына на наступны дзень выпісваецца. Для таго доктара, які валодае гэтай методыкай, аперацыя не выклікае ніякіх складанасцяў.

У пасляаперацыйны перыяд пацыенты знаходзяцца ў становішчы лежачы з пастаянна ўстаноўленым мачавым катэтарам, на наступныя суткі ён знімаецца, і мы дазваляем жанчыне рухацца.

Аксана Кароткіх:

— Самае галоўнае, калі вы скокнулі або чхнулі і адчулі, што бялізна стала мокрая, трэба звярнуцца да ўрача. Гэта не сорам, а сапраўды праблема, з якой лепш не зацягваць.

Вядучая рубрыкі Алена КРАВЕЦ

Тэл. (017) 311-17-36

Фота pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.